Вёску захаваць ды свае кадры…

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Вікенцій АДАМОВІЧ, Валожынскі райвыканкам:
Гэты раён — бадай, самы вялікі на Міншчыне. Таму аптымізацыя на Валожыншчыне — працэс тонкі і выключна адказны. Тут, як у хірурга, асноўны прынцып — “Не нашкодзь!”. Тым больш, край мае і гісторыю непаўторную, і культуру з векавымі традыцыямі. Страціць усё названае — усё роўна што продкам здрадзіць. І начальнік мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі цудоўна гэта разумее.

/i/content/pi/cult/496/10623/12-1.jpg— За што найперш баліць душа? За людзей. Яны зараз праходзяць выпрабаванне аптымізацыяй, рэарганізацыяй. Пакуль яно ўсё ўтрасецца… А пытанняў шмат узнікае. Якая эканомія ад скарачэння бібліятэкараў з іх мізэрнымі заробкамі? Гэтых спецыялістаў цяпер — па адным чалавеку на ўстанову. Бібліятэкар — і прыбіральшчык, і дворнік, і арганізатар мерапрыемстваў. Ды яшчэ ў мясцовае сельгаспрадпрыемства на працу ходзіць, сельсавету дапамагае і гэтак далей…

Усім павысілі заробкі, а работнікам культуры — не. Таму праблема з вясковымі кадрамі. А раён — вялікі: аж 424 населеныя пункты. Так, рэарганізацыі клубаў і бібліятэк не пазбегнеш. Але не перабольшыць бы тут. З гэтай нагоды вельмі хацелася б, каб горад зразумеў, чым сёння вёска жыве. Усе хочуць малака, мяса ды хлеба, але забываюцца часам на тое, што ўсё гэта не расце-ўтвараецца ў гарадах. Таму нельга без аглядкі нішчыць сельскую інфраструктуру. Перад закрыццём установы культуры сто разоў трэба падумаць: ці на агульную карысць такое стаўленне? І менавіта ад гэтага стаўлення будзе залежаць, ці застануцца на раёнах нашы кадры.

Стратэгія ў мяне цяпер адзіная: захаваць кадравы патэнцыял усімі сродкамі. Адзін з іх — выкарыстанне пазабюджэтных грошай для матэрыяльнага стымулу. Таму адзін з надзённых клопатаў аддзела — павышэнне аддачы ад пазабюджэтнай дзейнасці. У Бабровіцкім і Пральніцкім культурна-спартыўных цэнтрах адкрыты гасцінічныя спальныя нумары. Маем намер адкрыць банкетную залу у сацыяльна-культурным цэнтры вёскі Камень. Гэта, дарэчы, былая школа, якую перадалі на баланс нашага аддзела… Інакш кажучы, спрабуем зарабляць. Набылі батут, дзве надзіманыя горкі, катамараны, аэрахакей. Атракцыёны карыстаюцца сярод дзяцей надзвычайнай папулярнасцю. Атрыманыя ад гэтага грошы, плюс эканомія, ідуць на разавыя штомесячныя даплаты (матэрыяльную дапамогу ў памеры тры-пяць базавых велічынь) самым сацыяльна неабароненым работнікам культуры: шматдзетным, адзінокім... Дарэчы, адзінокія работнікі культуры — гэта таксама, наколькі ведаю, паўсюдная праблема. Напэўна, нямногія з мужчын вытрываюць, калі жонка працуе літаральна суткамі, адпачынку не ведае і дома з’яўляецца толькі на лічаныя гадзіны. А хто ўлічыў і вось гэтую спецыфіку нашай адказнай працы? А што яна адказная — сумневу ў мяне ніколі не было.

На нядаўняй аддзелаўскай нарадзе я скіроўваў калег найперш на тое, каб яны не забываліся ніколі, што ідэалогія — гэта нацыянальная культура, што менавіта мы фарміруем імідж раёна, вобласці, рэспублікі. І без жалезнай дысцыпліны тут — не абысціся. Калі будзем самі сябе паважаць, гэткім жа чынам будзе ставіцца да нас і насельніцтва раёна. І дысцыпліна гэтая пачынаецца з упарадкаванасці асабістага падворка ды заканчваецца якасцю мерапрыемстваў клуба, бібліятэкі, музычнай школы, музея…

Мы — сур’ёзнае падраздзяленне. Без нас не будзе мастацтва, духоўнасці, эстэтычнай прыгажосці. Скасаваць усё гэта — вельмі проста. Адраджаць, развіваць і прымнажаць — у сто разоў цяжэй. Эканоміць на культуры — значыць не мець перспектыў.

Я ніколі не вылучаў з нашай творчай супольнасці ні клубнікаў, ні бібліятэкараў, ні педагогаў, ні музейшчыкаў. Усе яны — адзіная каманда, якая працуе на карысць Матухны-Культуры. Згода і супольнасць — вось што вызначае нашых работнікаў культуры, вось што з’яўляецца стратэгіяй аддзела. І перад кожным я схіляю ў бязмежнай павазе галаву.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"