Адказ Манькоўскага

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Пра лёс уладальніка сядзібы “Мілае”
За доўгія гады пошуку сапраўднага скарбу — сачынення дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Ігната Манькоўскага “Адказ на задачу, прапанаваную Імператарскім Вольным эканамічным таварыствам: “Якім чынам лёгка і трапна выправіць сялянскія сельскія пабудовы, або зрабіць у іх карысныя ўдасканаленні” ўдалося не толькі знайсці дадзеную працу, але і сабраць новыя звесткі пра жыццёвы шлях гэтага выдатнага публіцыста ды асветніка.

Вядома, што Ігнат Антонавіч Манькоўскі нарадзіўся на Віцебшчыне ў 1765 годзе, у сям’і дробнага шляхціча. Пасля навучання ў езуіцкім калегіуме, у 1783-м ён паступіў на дзяржаўную службу.

Здольнасці дазволілі Манькоўскаму зрабіць кар’еру. Спачатку ён — дарадца губернскага кіравання, потым становіцца калежскім асэсарам, служыць старшынёй дэпартамента ў Магілёўскім губернскім магістраце. Займаў Ігнат Антонавіч і пасады віцебскага губернскага пракурора, віцэ-губернатара Віцебскай губерніі, пра што сведчаць “Нататкі” Дабрыніна 1812 — 1815 гадоў, апублікаваныя ў гістарычным часопісе “Русская старина” (1871 г., том ІV): “…По случаю смерти вице-губернатора г-на Сушки, заступилъ губернскій прокуроръ Маньковскій. Я не долженъ пропустить въ молчаніи того, что онъ въ сіе, хотя краткое, но еще смутное и отчетистое время, показалъ себя неусыпнымъ и взыскательнымъ, съ благоразуміемъ…”.

Таксама ў “Русской старине” ад 1882 года ў раздзеле “Императоръ Павелъ и его время” можна прачытаць легендарную гісторыю, што адбылася з Манькоўскім у 1797-м. Яна стала вядомая на ўсю Расійскую імперыю і звязана з вялікім каханнем 30-гадовага Ігната да прыгажуні-дачкі колішняга камергера апошняга караля Рэчы Паспалітай, стацкага саветніка Антона Макавецкага (меў землі ў Магілёўскай губерні), якую звалі Рахель. Трэба заўважыць, што ўжо тады існавала цесная сувязь з магілёўскімі землямі! Нездарма мы сёння працягваем супрацоўніцтва з магіляўчанамі ў рамках праекта па культурным супрацоўніцтве паміж аднайменнымі населенымі пунктамі “Сцяжынкамі мазалаўскіх святынь: ад Віцебска да Магілёва” .

Пляменнік Ігната Антонавіча — Канстанцін Манькоўскі ў сваёй нататцы прыводзіць першы рэскрыпт ад “февраля 17-го 1797 года” — “письмо государя къ Маковецкому”, дзе Павел І адзначыў: “…Съ моей же стороны, для поспешества оному, пожаловалъ я жениху чинъ, место и деревню…”. Зразумела, пасля гэтага ў хуткім часе згулялі вяселле. Праз некаторы час, выйшаў другі рэскрыпт, у якім Манькоўскаму надаваўся чын надворнага саветніка, і ўказ аб падараванні яму ў Віцебскай губерні Буеўскага маёнтка (“въ 12-ти верстахъ отъ Витебска”), побач з якім размяшчалася вёска Мазалава. Канстанцін Манькоўскі піша, што гэтую зямлю “…купилъ у Талькэ (прозвішча мясцовага шляхціча. — А.С.) мой дядя; на приданное полученное за женою, построилъ каменный двухъ этажный домъ. <…> далъ этой новой усадьб названіе “Милой”…”. І нездарма ягоны пляменнік у сваіх мемуарах піша: “Шырокія пакоі яго дома мэбляваны былі вельмі проста, — і толькі на сцяне ў гасцінай, над сафою, займаў ганаровае месца ў пазалочанай раме партрэт імператара Паўла I”.

Манькоўскі вызначыўся яшчэ і ў час вайны 1812 года. Пра вынікі прабывання напалеонаўскіх войскаў у Віцебску ён расказаў у лісце ў рэдакцыю пецярбургскага часопіса “Сын Отечества”, дзе асуджаў агрэсію і наогул усе захопніцкія войны.

Ігнат Антонавіч знаходзіў час для таго, каб весці гаспадарку ў сваім Мілым, дзе пасля адстаўкі ў 1817 годзе канчаткова пасяліўся ў сядзібе. Манькоўскі быў блізкі да дзеячаў Асветніцтва, аб чым сведчыць той факт, што ў 1830 годзе ён прыняў удзел у конкурсе, абвешчаным пецярбургскім Вольным эканамічным таварыствам, за што ў 1831-м яго адзначылі залатым медалём у 30 чырвонцаў. У сваім сачыненні славуты Ігнат Антонавіч падсумаваў уласны досвед сельскага гаспадара і глыбокага знаўцы народнага жыцця, а таксама патрабаваў паляпшэння побытавых умоў сялянства, выказаў каштоўныя думкі па пытаннях сельскага будаўніцтва, жывёлагадоўлі, ветэрынарыі, санітарыі, аховы прыроды… Так, ён клапаціўся аб дабрабыце сваіх прыгонных, рамантуючы ім хаты ды перарабляючы іх з “чорных” (дымных) у “белыя” — з печамі і камінамі. Актуальная і сёння думка Манькоўскага аб неабходнасці берагчы лес, шукаць у Беларусі крыніцы паліва, карысныя выкапні, каменны вугаль. Гэта ці не першыя зафіксаваныя на паперы на тэрыторыі Беларусі геалагічныя і экалагічныя ідэі. Цікава тое, што ў працы змешчана шмат цікавых этнаграфічных назіранняў. Так, Манькоўскі дае апісанне вясельнага абраду на Віцебшчыне. Праца выйшла пасля смерці Ігната Антонавіча — у “Трудах” згаданага таварыства ў 1833 годзе.

Дзякуючы ж патрыётам-краязнаўцам імя Манькоўскага жыве і сёння. Летась выйшаў зборнік гістарычных нарысаў Людмілы Рублеўскай “Рыцары і дамы Беларусі”, дзе змешчаны нарыс “Як цар Ігната ажаніў”, які ў мастацкай форме апавядае гісторыю нашага героя. У дзень святкавання 90-годдзя Віцебскага раёна ў аграгарадку “Ноўка” была адкрыта Алея знакамітых людзей, дзе сёння ёсць помнік і Ігнату Манькоўскаму. Традыцыйным стала правядзенне раённага свята гульняў ды ігрышчаў “Мазалаўскі карагод гульняў” на тэрыторыі помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя — сядзібы “Мілае”.

Налета спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння Ігната Антонавіча. У яго гонар няблага б было надаць імя вуліцы ў аграгарадку “Мазалава”, а каля былой сядзібы ўстанавіць памятную дошку…

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці