Гонар за сваё, існае

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Палескае мастацтва — і народнае, і старажытнае — вельмі самабытнае. Што гэта: ізаляванасць ці свае законы развіцця? Гісторыя традыцыйнага мастацтва Палесся вельмі выразная і, на шчасце, нікуды не падзелася. Нашы ўражанні аб Піншчыне, Століншчыне былі адкрыццём.

 /i/content/pi/cult/149/1062/Gonar1.jpg

Айцец Касьян.

Гэта парадаксальна, але менавіта сёння, з наступам цывілізацыі, мацней уражваюць рысы старажытнасці ў мастацтве. Мы пабылі ў храмах наступных вёсак: у Востраве, Жабчыцах, Цярэшкавічах, Пінкавічах. Фіксавалі помнікі ў Антопалі, Драгічыне, Янаве, Месткавічах, Охаве, Стаўку. Як кажуць, адчулі восеньскі поўдзень Беларусі. Нам было цёпла, і ўсё падарожжа нас суправаджала відовішча велізарных гор гарбузоў. Паўсюдна — непаўторны малюнак зрубаў цэркваў XVII— XVIII стагоддзяў. Разьбяныя творы сучасных майстроў нібы працягваюць традыцыі старажытных цесляроў, якія рабілі іканастасы, ківоты, свечачнікі, царскія брамы. І ўсюды ў аснове мастацкіх твораў ляжаць простыя формы.

Гэта сучасныя даследчыкі падзялілі мастацтва на народнае і прафесійнае. А само жыццё, людзі маюць іншае бачанне мастацтва — як агульнага працэсу.

Зямля Палесся дае адчуванне прасторы, простых форм і, адначасова, таямнічасці. Паглядзіце на рэкі Гарынь, Прыпяць: заварожвае! Прыгадаем яшчэ мазаіку гістарычных фактаў, сінтэз рэлігійных уяўленняў — тыя умовы, што, як аказалася, уласцівы самабытнаму мастацтву. Возьмем любы абраз XVIII — XIXст. і заўсёды знойдзем свае, непаўторныя рысы: надпіс ад сялян, тыпаж, факты з гісторыі вёсак, імёны святароў, шляхты. Што тычыцца тыпажу рэлігійных сюжэтаў, дык лікі тут падобны на жывую натуру. Гэта з пункта гледжання навукоўцаў тут былі эканамічныя ўмовы для ізаляванасці, а на самой справе быў гандаль і, як вынік,— разнастайныя мастацкія плыні, густы, свае мастакі, разьбяры, будаўнікі унікальных храмаў.

Падчас экспедыцыі былі сустрэчы, якія па-сапраўднаму кранулі. Мы не планавалі трапіць у Рамель, але добра, што гэтая вёска аказалася на маршруце. Там сустрэлі айца Касьяна, чалавека з сапраўднай душой мастацтвазнаўцы. На Палессі растуць дамы, побач са старымі будуюцца і новыя храмы. Святары звычайна добра арыентуюцца ў прыёмах іх аздаблення. Але айцец Касьян з Рамеля асабліва ўразіў успрыняццем колераў, прапорцый. Для яго будынак царквы — жывы арганізм на вёсцы, менавіта тут, на Століншчыне. Яго разважанні пра чырвоны колер сугучныя псіхалогіі творцы: трэба асцярожна ўжываць колер крыві, пакут і трагедыі. Добра разуме ён, як павінны суадносіцца колеры іканастаса і сцен царквы. Яго расповед выглядае як сапраўдная мастацкая праграма. Айца ж Віктара з царквы вёскі Гарадная вылучаюць дабрыня і адукаванасць, ашчаднае стаўленне да помнікаў старажытнага мастацтва. Тое ж можна сказаць і пра святароў са Стахава, Радчыцка, якія клапоцяцца пра свой прыход.

 /i/content/pi/cult/149/1062/Gonar2.jpg
Царква ў в. Рамель.

А як цікава, як плённа працуюць на Палессі народныя майстры! Распаўсюдзіўся звычай вырэзвання прыдарожных крыжоў, складаных па сваёй канфігурацыі. У малюнак крыжа майстры ўключаюць элементы старадаўняй разьбы, і гэта фантастычная прыгажосць! За стосам паўсядзённых турбот людзям асэнсаваць яе цяжка, але прыйдзе з часам гонар за сваё, існае. За сувязь з тым, што некалі бачылі бацькі, з чым жылі і выжылі. Жыццё ў роднай вёсцы складаецца не толькі з таго, што хутчэй трэба зрабіць, а яшчэ і з таго, што застаецца, і часам — на вякі.

І яшчэ факт: у нашым Музеі старажытнабеларускай культуры захоўваецца калекцыя скульптара, разьбяра Івана Супрунчыка з Цераблічаў, што на Століншчыне. Падчас падарожжа, аб якім ідзе размова, мы ўрэшце трапілі ў ягоны родны куток, у Церабліцкую бібліятэку-музей, дзе працуе гэты адметны творца. Раю пабываць у Супрунчыка. Ён акумулюе тое, што трэба Палессю — звесткі пра лёсы людзей, якія сталі часткай культуры. І не фармальна, як бывала ў некаторых ДК. Мабыць, уся справа ў тым, што глядзяць усе, а бачаць — нямногія.

Супрунчык не краязнаўца — ён мастак, скульптар, майстар (а зараз на ўваходных білетах у бібліятэку-музей імкнецца яшчэ і зарабляць). Навукоўцы, безумоўна, падтрымаюць унікальную працу гэтага палескага самародка. Наша дапамога — спрыянне паўсюднаму грамадскаму прызнанню, уключэнне ва ўсе лекцыі, даклады, манаграфіі па мастацтве.

Творы Супрунчыка маюць каларытныя выцягнутыя формы, зробленыя пад старажытныя тыпы славянскіх ідалаў. І манера апрацоўкі дрэва падобная да старажытнай піктаграфічнай тэхнікі. Усё ў яго мастацкіх работах спрыяе развіццю тэорыі інсіту. Як аказалася, менавіта праз гэты пласт мы і ўваходзім у агульнаеўрапейскі кантэкст мастацтва, бо ён складае непаўторны этнаграфічны партрэт культуры.

 /i/content/pi/cult/149/1062/Gonar3.jpg
 Крыж у в. Плотніца.
І ўсё ж душа баліць, ломіць цывілізацыя (ці мо лепш сказаць — глабалізацыя?) звыклыя сувязі чалавека і прыроды. Цывілізацыя аказалася ў тым ліку і агрэсіўнай у адносінах да старадаўняга мастацтва Беларусі. Калі ласка, прыклады: перамаляваны і запісаны унікальны іканастас XVIII стагоддзя ў могілкавай царкве ў Давыд-Гарадку, асыпаюцца абразы ў Антопалі, пакутуюць некананічныя святыя з натуралістычнымі тварамі продкаў на абразах. Сёння яны яшчэ месцяцца ў цэрквах, а будучыня іхняя — як у прывідаў. Ці былі яны? Падаецца, па праблемах рэстаўрацыі твораў старажытнага мастацтва на месцах можна здымаць серыял.

Мы не заўсёды можам даваць парады тым, ад каго залежыць захаванне твораў старажытнага мастацтва. Хачу, каб людзі пачулі пра сваю унікальную палескую культуру, збераглі яе. Бо ў культуры ёсць тое, што не ўзнаўляецца, як казаў вядомы расійскі вучоны, тэарэтык культуры Бахцін. Мы ж, дзякуючы праграме па вывучэнні Палесся, намаганнямі навукоўцаў нашага інстытута будзем вывучаць адценні беларускага мастацтва — ад часоў старажытных да сённяшняга дня.


Аксана ВАРАТНІКОВА,
навуковы супрацоўнік Інстытута
мастацтвазнаўства, этнаграфіі іфальклору НАНБ
Фота аўтара