Адзінота даўжынёй у жыццё

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Ізраіль Басаў: вечны шлях, які не мае канца…
...Але калі справа даходзіла да выстаўкі, члены выставачных камітэтаў глядзелі на Басава, мякка кажучы, насцярожана, і зазвычай ягоныя творы рэдка траплялі ў экспазіцыі. А потым і сам мастак перастаў прыносіць свае новыя карціны. Так, дзесьці напрыканцы 1960-х, на адным са сходаў мастакоў Заір Азгур казаў з трыбуны: “У кожным горадзе ёсць свой звар’яцелы чалавек — вось і ў нас ёсць такі небарака… Трэба яму дапамагчы…” І па-сяброўску, ужо ў кулуарах, раіў Басаву: “Ізя, дарагі, ды напішы ты некалькі індустрыяльных пейзажаў Мінска! Мы заключым з табой добры дагавор, і будзеш жыць па-чалавечы… ”

/i/content/pi/cult/496/10619/15-2.jpg

Ізраіль Басаў. "Рытм горада".

/i/content/pi/cult/496/10619/15-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 37.)

А мастак моўчкі паціскаў плячыма — і працаваў. Працаваў “для сябе”, укладаючы ў палатно свой сум, няпростыя развагі, перажыванні. Гутарыў з палатном як з жывой істотай, справядліва мяркуючы, што гэта ягоны адзіны сябар, якому можна давяраць. Можна сказаць, ён быў не для грошай народжаны…

Аднойчы журналістка Нінэль Зітарава з Таліна, незадоўга да смерці мастака, сказала яму: “Я думаю, хутка пачнецца цікавасць да сапраўднага жывапісу”, — маючы на ўвазе і мастацтва Басава. І вось што ён адказаў: “Не ведаю. У нас пакуль усё спакойна. На пачатку 1960-х выставілі дзве мае работы. Здаецца, яны ў беларускім музеі. У тыя гады з’явілася надзея. Дый маладзейшы я быў, гэта таксама важна. Потым хутка ўсё скончылася. Я ўвесь час баяўся ўсяго. Рэпрэсій? Не, я іх пазбегнуў. Але страх быў заўсёды, усе гады. Потым стаў раздумваць пра ад’езд. Не атрымалася. Мабыць, так Нябёсы распарадзіліся… У кожнага свой лёс. А зараз ужо… Не, паміраць лепш на радзіме…”

А я вось што думаю. Усё раўнапраўна перад абліччам Памяці, але не таму, што яна капрызлівая ды непераборлівая, а таму, што стварае свае ўласныя “час — прастору”: не гістарычныя ці сацыяльныя, але — быційныя. Час таму і бессмяротны, што існуе дзякуючы паўтаральнасці ўраўнаваных у правах адвечных матываў ды сюжэтаў, зачынаў і развязак, прыліваў ды адліваў, дзякуючы сваёй працяглай несупыннасці. Гэты кругабег часу, які настолькі па-майстэрску перадаў Басаў, адважна змяніў звыклае рэчышча рэтра-жывапісу сацрэалізму і нагадаў мне пра незвычайную моц названага віду мастацтва, здольнага ўрэчаісніць бесцялеснае, матэрыялізаваць эфемернае, уваскрасіць страчанае.

Я не люблю прылічваць мастакоў да якога-небудзь “-ізму”, як гэта часцяком робяць крытыкі, бо творчасць па-сапраўднаму вялікага майстра, як правіла, не ўкладваецца ў рамкі пэўнага кірунку. Басаў ніколі не лічыў сябе, так бы мовіць, “авангардыстам”, “вынаходнікам новай стылістыкі”, чалавекам “андэграўнда”. Ён быў па-за межамі ўсіх “-ізмаў”: быў індывідуальнасцю. Лічыў сябе “мастаком наогул”. У нейкія часы, калі я бачыў яго за працай у майстэрні, ён здаваўся мне добрым Чортам, які адсёк сабе хвост, каб аблягчыць шлях у прастору, і нішто не магло перашкодзіць яму хадзіць па зямлі, адрывацца ад яе ды ўзлятаць, каб лепш убачыць складанае і драматычнае ў жыцці ды чалавеку. Для мяне Басаў быў шмат у чым добрым Чортам, які метафарычна адлюстроўваў барацьбу дабра са злом, сумнае каханне, неспакойнае мацярынства, кубістычны дом-каробку, у якім няма цеплыні, вуліцу, дзе рэдка можна сустрэць вясёлага чалавека…

Сам Басаў і яго работы заўсёды былі мне вельмі сімпатычныя. Варта было паназіраць за ягонай працай. Адразу станавілася зразумела: сапраўдны мастак, які валодаў вялікім творчым патэнцыялам, праводзіў каласальную ўнутраную работу, якая дазваляла яму вырашаць усё больш складаныя пластычныя і вобразныя задачы. Ён не мог працаваць стыхійна, спантанна, хаця па натуры быў імпульсіўным, але на людзях гэта імкнуўся хаваць. Ён меў глыбока ўсвядомлены падыход да вырашэння кожнай задачы, якая была перад ім у пэўнай карціне. Рэальныя архітэктурныя дэталі-прататыпы паўстаюць пагружанымі ў пазачасавую застылую прастору, выклікаючы сюррэалістычнае ўражанне. А калі ў дадзенай прасторы з’яўляецца персанаж (альбо некалькі), гэтае ўражанне яшчэ больш узмацняе настрой адчужанасці чалавека ад урбаністычнай “прыроды”, настрой адчувальнай трывогі, дыскамфорту, безнадзейнасці.

Для мяне загадка, як Басаў мог узгадняць на палатне момант імправізацыі і аналітычнасць, канструктыўную заканамернасць, і тое, як яму ўдавалася ўтаймаваць розумам свой стыхійны, схаваны глыбока ўнутры душы, тэмперамент. На падобныя пытанні ён не адказваў, паціскаючы плячыма: маўляў, не ведаю, усё — адтуль, з Нябёс…

Апошнім разам я бачыў Басава ў Саюзе мастакоў — незадоўга да ягонай смерці, прыкладна ў чэрвені ці ліпені 1994 года. Хворы, знясілены, ён усё ж захоўваў надзею на тое, што хутка адбудзецца яго выстаўка ў Маскве, узгадваў нашыя даўнія сустрэчы ў майстэрні ды на вяселлі яго сына Мацвея, прадаўжальніка справы бацькі, куды я ў свой час быў запрошаны. Калі мы пазнаёміліся, мне было 25, а Ізраілю — больш за 45… Але розніцы ў гадах мы не адчувалі, заўсёды былі на “ты”…

Спадчына Басава — з’ява выключная. Памятаю, яго майстэрня на адной з мансард дома № 18 па тагачасным Ленінскім праспекце была напоўнена карцінамі і малюнкамі з такімі выразнымі колеравымі ды вобразна-кампазіцыйнымі варыяцыямі, што ўсё гэта прыводзіла ў захапленне. Такая энергія колеру, здольнага падпарадкаваць сабе ўсю майстэрню, падуладная толькі вялікаму майстру. Але дэкаратыўныя якасці твораў, якімі б высокімі і дасканалымі яны ні былі, з’яўляюцца “мовай” паэтычнага свету мастака.

Шмат важнага здолеў сказаць Басаў на гэтай мове. Прычым — ад лірычнага, суб’ектыўнага ўспрыняцця жывапісу да шырыні абагульненняў, манументальнасці, нават да эпасу. Я думаў раней, што ён — “сумны лірык” паводле прызвання, сузіральнік, лірык філасофскага складу, аўтар колеравых споведзяў, у якіх пануе тонка выказанае асабістае пачуццё. Але толькі потым зразумеў, што майстар не абмяжоўваўся стыхійным перажываннем, а ішоў ад яго да шырока ўзятага метафізічнага адлюстравання жыцця планеты. Чамусьці многія кажуць, што ён быў “ізгоем”, мала каго пускаў у сваю майстэрню. Не зусім так. Ён заўсёды, у любы час, сустракаў як дарагіх гасцей калег-мастакоў, якія хацелі пабачыць яго новыя творы. І заўсёды цікавіўся ўсім, што робіцца ў мастакоўскім “каралеўстве крывых люстэрак”. Але сам нікуды не ўлазіў — ні ў мастакоўскія групоўкі, ні ў дыскусіі ды абмеркаванні выставак, ні ў “разборкі” паміж “правільнымі” “рэалістамі” і далёкімі ад нас “фармалістамі”…

Ён мне шмат распавядаў пра сваё дзяцінства ў родным Мсціславе, пра тое, як да вайны гадоў пяць уколваў рэтушорам фатаграфіі ў арцелі “Шлях Кастрычніка”. Марыў паступіць у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе раней вучыўся яго брат Беніямін, але на ўступных экзаменах праваліўся з-за недахопу школьнай адукацыі. А потым — вайна… Эвакуацыя ў горад Янгіюль (Узбекістан); вайсковая служба ў працоўнай арміі ў горадзе Паўлаўскі Пасад Маскоўскай вобласці; летам 1943-га — дэмабілізацыя з-за хваробы і вяртанне ў Янгіюль, дзе Басаў працаваў сцэнографам-выканаўцам у драматычным тэатры… Пасля вызвалення Мсціслава разам з бацькамі вярнуўся на радзіму. Потым яны пераехалі ў Мінск, дзе абсталяваліся ў бараку на вуліцы Чырвонаармейскай. А яшчэ Ізраіль Мацвеевіч расказваў мне, як вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (разам з Л.Шчамялёвым, М.Савіцкім, В.Грамыкам, Г.Паплаўскім, М.Данцыгам, У.Мінейкам), адкуль яго ледзь не выключылі за “касмапалітызм”, хаця ён і не ведаў тады значэння гэтага слова. На агульным сходзе амаль усе вучні выступілі ў ягоную абарону, і нават прадстаўнік НКУС, які прысутнічаў на тым сходзе, таксама нечакана падтрымаў Басава...

У 1953 годзе ён упершыню прыняў удзел у рэспубліканскай выстаўцы, а ў 1993-м — у апошняй, групавой. Некаторыя творы пры жыцці Басава таксама экспанаваліся: акрамя Беларусі, у Расіі, Літве, Італіі, Казахстане, Англіі ды Украіне. Але гаворкі ў Праўленні саюза мастакоў БССР наконт персанальнай выстаўкі члена творчага саюза Ізраіля Басава, хаця б у гады ягоных “круглых” юбілеяў, пачынаючы з 1968-га, ніколі не вялося. Аднак работ, што знаходзіліся ў майстэрні мастака ў тыя гады, хапіла б не на адну вялікую выстаўку… Памятаю, у 1978-м, з нагоды свайго 60-годдзя, мастак пісаў такую заяву на імя тагачаснага кіраўніка творчага Саюза Віктара Грамыкі, але на прэзідыуме просьбу адхілілі… Як тут не ўспомніць французскага паэта Жэашэна дзю Беле, які яшчэ ў XVI стагоддзі сказаў: “Ацэнку сваёй працы чакай ад нашчадкаў — непрадузятых, бесстаронніх і свабодных ад нядобразычлівасці ды зайздрасці”…

Ён любіў Рэмбранта і Жоржа Руо, Ван Гога і Пікаса, Матыса і Сезана, Рублёва і Феафана Грэка, асабліва — Роберта Фалька і Аляксандра Тышлера, сярод беларусаў — жывапіс Леаніда Шчамялёва, Аляксандра Кішчанкі, Альгерда Малішэўскага, свайго першага настаўніка Віталя Цвіркі… Мог гадзінамі слухаць Грыга, Баха, Шастаковіча, Альфрэда Шнітке і працаваць пад іх музыку…

Аднак асновы мастакоўскага ладу палотнаў Басава вызначаліся не традыцыямі, не ўплывамі, а характарам яго светаадчування. Нават да свайго старэйшага брата, вядомага маскоўскага мастака-графіка Беніяміна Басава, ён быў зусім не падобны па адчуванні графічнай лініі або пластычнай вобразнасці.

У ягоным мастацтве адсутнічае ўсялякая, так бы мовіць, адпаведнасць. Басаўскія асацыятыўныя паралелі маюць нібыта музычны характар. Абапіраючыся на свае пачуцці, жывапісец ішоў да жывапісна-пластычных канцэпцый, выкарыстоўваючы рэчавыя матывы як першасны матэрыял для стварэння вобраза. Самі падобныя матывы мелі толькі дапаможны характар — як словы пры выказванні думкі. Безумоўна, гэтыя “словы”-дэталі пазнаваліся ў творах Басава, выява чыталася выразна. Але мастак не дамагаўся строгай дакладнасці натуры, не арыентаваўся на прататыпы. Інакш кажучы, у творах Басава — не столькі колер натуры, колькі — колер трывожнага вобраза.

Спалучэнне лірыкі і драматычнай эпічнасці ўключала яшчэ адну рысу басаўскага пластычнага свету. На большасці карцін адлюстравана штосьці трывалае, пастаяннае, устойлівае — свайго кшталту ўлонне жыцця. Але тут жа бачны бег штодзённасці, адчуваецца канфлікт чалавека і горада, чалавека і сусвету, чалавека і часу, чалавека і прыроды. Словам, метафізічны жывапіс, які нечым аддалена нагадваў пластычныя опусы Джорджа дэ Кірыка.…

Адзінота — яшчэ адна сталая тэма жывапісу Басава. Адзінота, самота ў розных праявах — яна не толькі там, дзе паказаны адзін чалавек (“Да досвітку”, “Дзяўчынка з гета”, “Мелодыя”, “Горад”, “Дамы і дрэвы”), але і там, дзе — двое (“Светлы ранак”, “Спатканне”, “Залаты горад”, “Пацалунак”, “Дзве жанчыны”, “Гутарка”, “Развітанне”, “Трывожная размова”).

Карціна “Бег”, якую мастак пісаў амаль два гады, — кульмінацыя гэтага канфлікту: чалавек, што вечна бяжыць, не здольны вырвацца з замкнёнага кола… І наступныя палотны — “У дарозе”, “Дзяўчына ў чырвоным”, “Тройца”, “Вялікі горад” — таксама пра гэта: пра немагчымасць знайсці сваю дарогу, свой фініш — вечны шлях, які не мае канца. Хіба ж усё заканчваецца разам са спыненнем сэрца?..

Але гэта ўжо па-за мяжой чалавечай, мастакоўскай свядомасці. Як і той “Чырвоны пейзаж” — крывавы след-іерогліф пэндзля на золаце духоўнага Сусвету… Або “Танец” — апошняя спроба спыніць імгненне паміж жыццём і нябытам, танец — у прадчуванні Вечнасці…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"