Алаверды “без свецкіх умоўнасцей”

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Мой адказ дацэнту ў рэчышчы іранічна-мудрага: “Добра там, дзе нас няма”
Фігуральна выслаўляючыся, сёння “бабулек з семкамі” на лавачках у дварах нашай сталіцы мне назіраць, далібог, не даводзілася, хіба што ў думках візуалізуючы пакрытую ўжо пацінай знакамітую скульптурную кампазіцыю ля ўвахода на Камароўскі рынак. Не даводзілася, мабыць, таму, што ўяўленне, па ўсім відаць — майго апанента, аб Мінску ХХI стагоддзя нібыта і сапраўды пакрылася “пацінай” даўнішніх стэрэатыпаў у адносінах да горада, дзе я нарадзілася і жыву. Якіх стэрэатыпаў? Ды тых, савецкіх, калі “сталічныя штучкі” наведваліся да нас, у “дзяроўню”, з самага сэрца нашай неабдымнай на той час радзімы, паўстаючы перад мінчукамі, як ім здавалася, “белай косткай”. Але і тады мы адстойвалі рэнамэ Мінска, не звяртаючы ўвагі на пагардлівыя позіркі таго-сяго з заезджых маскоўскіх ганарліўцаў ды іхнія рэплікі наконт беларускага вымаўлення рускіх слоў. Бо ведалі, што Мінск па сваім менталітэце, які бярэ адлік ад старажытных еўрапейскіх каранёў, — Інтэлігент, а значыць — і па сёння ў экстэр’ерна-інтэр’ерным фармаце — таксама Інтэлігент, скажам, такі ж, прынамсі, як Піцер — Ленінград — Пецярбург. І тут не ў “няяркай вопратцы” мінакоў справа…

Урэшце, кожны бачыць тое, што хоча бачыць. І суб’ектыўнасці ў інтэрпрэтацыі impression-моманту аніяк не пазбавіцца. Але… Менавіта гэтае “але” прымусіла мяне спачатку выйсці на праменад па мінскіх вуліцах адмыслова для таго, каб “зверыцца” з пунктам погляду паважанага спадара дацэнта на неабходнасць “ачалавечвання” горада, яго цэнтра. А яшчэ — каб уцяміць, што ж такое “стылістыка” жыхароў, якая можа падабацца ці не”. Паспрабаваць адказаць сабе на пытанне, якое выклікала ў мяне сакраментальнае ў артыкуле Ігара Вугліка (гл. "К" № 37 за 2014 г.), маўляў: “Ды вось пакуль што гараджан як аб’яднанай супольнасці на аснове сацыяльнай, культурнай прыналежнасці са сваёй гарадской самасвядомасцю ў Мінску… няма”. Здаецца мне, што беларускай нацыі ў свеце не існавала б, каб яна не была аб’яднана культурнымі традыцыямі ў сацыяльнай прасторы, і частка гэтай нацыі атабарылася, натуральна, у Мінску. Далей: “Асноўная (!) (падкрэслена мной. — Л.К.) рыса мінчан, якую адзначаюць замежнікі, — сур’ёзны і нават пахмурны выгляд твараў і адносна няяркая вопратка”. Ну а тут? Мусіць, новае дэклараванне старых, навязаных калісьці стэрэатыпаў? А яшчэ — навешванне ярлыкоў агулам? Вербальны “вернісаж”, дый годзе! Словам, пачну разбірацца…

…Звычайны працоўны дзень, акурат час абедзеннага перапынку — паміж дзвюма і чатырма гадзінамі. Утульны пляц ля кінатэатра “Кастрычнік”. Куточак гэты, кажу аб’ектыўна, па факце — гранічна “ачалавечаны”. Наўкол людзі, і яны, здаецца, сацыяльна і культурна аб’яднаныя — некалькімі кафэшкамі, “Сямю хлябамі”, аптэкай, карпусамі тэхнічнага ўнівера, тым жа кінатэатрам, кветнікамі ды лавачкамі вакол іх, скульптурай, уваходам у метрапалітэн... Мусіць, і “гарадская самасвядомасць”, якая ўсё ж аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае мінчан, прысутнічала: ніхто ў кветнік не лазіць, абгорткі ад марозіва не шпурляе пад ногі, а, што адметна, — кідае ў сметніцу, грамадзяне спакойна сабе пераходзяць вуліцу на абазначаным пераходзе, спыняюцца ля маладога музыканта, які весяліць наваколле мелодыяй у стылі кантры на губным гармоніку…

Апрануты народ у той сонечны дзень быў гэтак жа сонечна-ярка, а яшчэ — зноў жа па-еўрапейску стыльна ды разняволена, да чаго, дарэчы, і імкнуцца ў сучасным Мінску ягоныя насельнікі. “Пахмурных выглядаў твараў” не назірала, а што да слова “сур’ёзны”, дык наўрад ці гэта заганна, бо хтосьці з нас падпадае, умоўна кажучы, пад сацыяльны статус арт-эліты з "д'ябалятамі" ў вачах, а хтосьці, кудысьці спяшаючыся, рашае ў дадзены момант жыццёва важную задачу. Не зразумела, якім гэта чынам “выкрышталізавалі” замежнікі, ды яшчэ агулам, менавіта “асноўную рысу мінчан”, як сцвярджае аўтар артыкула, а не знайшлі яшчэ шмат чаго агульнага з сабой? Бо мегаполіс, — ён, як кажуць, і ў Афрыцы мегаполіс, каб у ім сыходзілася пярэстасць сацыяльных плыняў, адчуванняў, спраў. Цікава, а з паўсюднымі штучнымі ўсмешкамі ў трыццаць два зубы ды яшчэ памножаных на два мільёны мінчукоў мы спадабаліся б каму-небудзь? Не нагадвалі б гэткую ж штучную супольнасць, аб’яднаную адной сумна вядомай хваробай?..

А між тым, я лічу Мінск у цэлым горадам-Інтэлектуалам, дзе нараджаліся “прапрадзеды” камп’ютараў, сённяшніх смартфонаў ды іншых гаджэтаў, адкуль выходзілі праграмісты, якіх, як кажуць, з рукамі адрывалі самыя прэстыжныя брэнды свету, навукова-даследчыя інстытуты якога працавалі на Космас. Вось вам і “вясковы звычай сядзець на лавачках у дварах”, як вы, спадар дацэнт, спрабуеце кваліфікаваць супольнасць мінчукоў з іх дасугавай прыналежнасцю. Што ж да “спецыфічных анклаваў па месцы жыхарства, якія прыйшлі на змену вясковым сваяцкім сувязям”, дык гэта, дарэчы, і робіць горад з’яднаным менавіта адвечнымі каштоўнасцямі беларускай нацыі: дабрынёй, спагадлівасцю, міратворчасцю. Карацей, духоўнай традыцыяй у звязцы з гістарычнай, культурнай ды памножаных на стагоддзі.

Горад з добрым Рыцарскім Сэрцам — так яшчэ хочацца назваць наш Мінск, бо, як ні круці, а менавіта ад прадзедаў нам засталася гэтая генетычная спадчына, якую пранеслі праз пакаленні тыя ж вяскоўцы і якую яны прынеслі ў сталіцу. Прыгадайце нядаўнюю інтэрнэт-версію эксперыменту-імітацыі на вуліцах Мінска, калі чалавеку быццам бы рабілася кепска. У адрозненне ад такога жа эксперыменту на вуліцах Масквы, мінчукі прыходзілі на дапамогу ў лічаныя секунды. Ці ж гэта не гарадская самасвядомасць аб’яднанай супольнасці? (Безумоўна, прынцып вясковай згуртаванасці ды неабыякавасці — талакой дамапажы!) Гэтым наша сталіца таксама адрозніваецца ад іншых. “Хто такі мінчанін, пакуль сказаць цяжка”, — заўважае аўтар артыкула. Я з гэтай нагоды хачу выказацца вельмі проста: як ні дзіўна для кагосьці, — вядома ж, чалавек.

Цяпер пра архітэктурны “кантэнт”. Вы пішаце: “Мінск, які быў кардынальна перабудаваны ў пасляваенныя дзесяцігоддзі…”. Наўмысна далей не працягваю цытаваць, бо ключавое слова для мяне тут — “перабудаваны”. Але як можна перабудаваць тое, чаго апрыёры не было: ці не ўсяму свету вядома, што ад Мінска засталіся хіба папялішчы, руіны ды купка прыстойных будынкаў у розных кутках сталіцы, якую фашысты літаральна сцерлі бамбёжкамі ў прах. Ды ўрэшце — ці ж гаварыць гэта гісторыку? Такім чынам, Мінск фактычна будавалі наноў. І што тут дзіўнага ды незразумелага, калі ў часы Савецкага Саюза галоўны горад рэспублікі, як вы пішаце, “…планаваўся як класічная савецкая сталіца з адпаведнай іерархічнай архітэктурай сталінскага ампіру, дзе галоўнае — шырокі, прыстасаваны для масавых дэманстрацый праспект з узорнымі жылымі дамамі і дамінуючымі дзяржаўнымі, грамадскімі будынкамі”. Па-першае, не самая горшая ў Еўропе архітэктурная забудова з’явілася, а па-другое… прынамсі, тое, што і па-першае. Не зусім зразумела? Але ж той самы праспект і яго “сталінскі ампір” не так даўно разглядаўся як прэтэндэнт на ўнясенне ў Спіс UNESCO, а значыць — мог бы ўвайсці ў сусветную спадчыну архітэктурных рарытэтаў планеты. На жаль, канешне, але цяпер наўрад ці ўвойдзе з-за пэўных навабудаў…

Вярнуся зноў да Вашага пасылу — “ачалавечыць цэнтр”, а таксама да незадаволенасці ў кантэксце “ачалавечвання” тым, што ў Мінску, як Вы пішаце, “…Павільёны рэстаранаў і кафэ, вынесеныя за межы будынкаў, закрыты шклом і фактычна ізаляваны ад вольнага паветра”. Ну што тут пераконваць: мегаполіс далёка не курортны горад, дзе марскі брыз і сапраўднае свежае паветра спрыяюць апетыту ды выпрацоўваюць культ гурманства. Так што не перашкодзіла б пралічыць, колькі СО “выхлапнецца” пульхнатым воблакам на непрыкрыты квадратны сантыметр стравы або напою з глушыцеляў байкераў ды аўтамабілістаў. Што, дарэчы, і здараецца не толькі на праспекце, дзе ёсць, у тым ліку, і вынесеныя на тратуар кафэшкі без, так бы мовіць, акварыумнага шкла. Шчыра скажу, што мне асабіста такі “сацыяльны, грамадскі “кавярнявы” дасуг у цэлым” сапраўды не даспадобы, калі замест свежай стравы я спажываю свінец ды яшчэ колькі элементаў са знакамітай табліцы, калі шумавы бар’ер перавышае ўсе магчымыя дэцыбелы. Іншая справа, што, як і Ігару Вугліку, мне хацелася б, безумоўна, больш кавярань і зялёных газонаў вакол іх, ды пешаходных вуліц і плошчаў у Мінску, дзе гараджанам не пагражаюць ніякія небяспечныя набыткі цывілізацыі. Канешне ж, такія мясціны хуценька займеюць заўсёднікаў, абрастуць і традыцыямі, і адпаведнай аўрай, ну-у… скажам, як кавяранькі ля дома на тры столікі з круасанамі ды ранішняй кавай у Парыжы. Разумею, што гэтая душэўная раскоша для мінчан — пакуль праекцыя на будучыню, але, спадзяюся, не на аддаленую.

Што ж, застаецца сказаць адно: сапраўды, няма мяжы ва ўдасканаленні. А яшчэ карціць паўтарыць сакраментальнае: “Самоуничижение паче гордыни”. Гэтая рыса чалавека зусім не атаясамліваецца з паняццем сціпласці. Хутчэй, вымагае выпрацоўкі пачуцця годнасці і гонару ў кожным з нас, мінчукоў. Калі мы будзем ганарыцца сваім горадам, хваліць яго, цаніць і паважаць, тады і ён аддзячыць, раскрыўшыся сваімі схаванымі для кагосьці гранямі. Яго ні з кім не трэба параўноваць. Ён — непаўторны.

І нарэшце сапраўднае “алаверды”. Гарадскія традыцыі, пра якія мы дыскутуем, паступова адраджаюцца і нараджаюцца. Гэта засведчыў шыкоўна арганізаваны Дзень горада. Не буду згадваць сотні яркіх мерапрыемстваў, якія, у тым ліку, адсылалі нас у старажытны Мінск і якія прымушалі нават ядавітую на язык інтэрнэт-супольнасць “лайкаць “за”. Згадаю адно з іх — у мінскай ратушы, дзе прысутнічаў і Анатоль Кашапараў, якога беларусам не трэба прадстаўляць. Сябра нашай рэдакцыі гэтым разам быў на мерапрыемстве са сваёй жонкай Ларысай, якая прыляцела з Амерыкі. Мы пазнаёміліся. Аказваецца, яна ўжо трыццаць гадоў як не была ў Мінску. Трэба было бачыць ейныя вочы, чуць словы захаплення ад пераўвасобленага за сваю найноўшую гісторыю горада, шчырыя заклікі цаніць тое, што маем, развіваем, адраджаем...

І ўсё гэта было прамоўлена “без свецкіх умоўнасцей”.