Ізноў пайду той жа дарогай...

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”
Вырашылі мы з сябрамі ў нядзелю Музей народнай архітэктуры і побыту наведаць. Месца прыгожае, блізка ад Мінска, дый надвор’е спрыяла адпачынку на адкрытым паветры. Патэлефанавалі ў музей, замовілі экскурсію і мангал з дровамі. Так, ёсць ва ўстанове такая паслуга: забеспячэнне пікніка на прыродзе ў аддаленасці ад уласна музейнай прасторы. Сябры мае ехалі аўтобусам з Мінска, а я, паколькі маю лецішча ў той мясцовасці, вырашыў, што дабяруся пехатой. Так і дамовіліся, вызначыўшы месцам сустрэчы галоўны ўваход у комплекс.

/i/content/pi/cult/496/10616/4-28.jpgЖонка, даведаўшыся, што я збіраюся ісці ў Строчыцу (у Сеціве ды мностве выданняў так і пішуць: “Музей у Строчыцы”), згадала, што неяк яна спрабавала знайсці ў пазначаным кірунку той музей — і не знайшла. Ехала на лецішча па Брэсцкай шашы, за вадасховішчам Пціч павярнула ўправа паводле ўказальніка “Строчыца”, даехала да вёскі і, рухаючыся ўздоўж хат наперад, уперлася ў лес. Усё! Ніякага музея… Так што, кажа, падобна на тое, і табе блукаць давядзецца: “Каб менш часу марнаваць, паехалі на машыне”.

Брэсцкая шаша, паварот на Строчыцу, вёска, лес. Пытаемся ў мясцовай жыхаркі, дзе тут музей. А яна адказвае: вы не першыя, хто тут блукае і каму я дарогу паказваю. Калі хочаце да музея машынай дабірацца, вяртайцеся на шашу, кіруйцеся на Мінск, на Малінаўку, — там будзе ўказальнік на Азярцо, а дзе Азярцо — там і музей.

“А калі не на машыне?” — пытаюся. Тады, кажа, усё адно трэба разварочвацца і ехаць да павароту налева. Той дарогай праз вёску даедзеце да месца, дзе машына ўжо не пройдзе. Там трэба выйсці ды рушыць пехатой праз пералесак, рэчку перайсці. Так і выйдзеце на музей.

Апошнім спосабам мы і зрабілі. Спачатку ехалі адносна шырокай вуліцай, дзе пераважаюць дамы-катэджы. Потым вуліца звузілася, і мы трапілі ў вельмі маляўнічую сапраўдную (аўтэнтычную, так бы мовіць) вёску. Потым дарога стала такой, што толькі адной машыне праехаць, і нарэшце — скончылася. Аказалася, мы знаходзімся на даволі высокім пагорку. Жонка паехала назад, а я пайшоў наперад і зрабіў яшчэ адно адкрыццё: паміж Строчыцай і музеем — абшар некранутай прыроды… Выйшаў я на ўстанову культуры з таго боку, дзе вятрак стаіць.

З гэтай няспадзяванай вандроўкі я паспрабаваў зрабіць сякія-такія высновы. Першае: трэба альбо абсталяваць-зладзіць дарогу ў музей праз Строчыцу, альбо зрабіць так, каб словазлучэнне “Музей у Строчыцы” знікла і больш нідзе і ніколі не з’яўлялася, уводзячы людзей у зман. Другое: дарога, якой я прайшоў праз Строчыцу на музей, можа, наадварот, стаць часткай турыстычнага маршруту. Справа ў тым, што, ідучы такім шляхам, чалавек фактычна назірае эвалюцыю беларускай вёскі самае малое за апошнія 50 — 60 гадоў (ад вёскі ў традыцыйным разуменні да прыгараднага катэджнага пасёлка), бачыць фрагмент некранутай прыроды, які хоць ты эталонным абвяшчай, і нарэшце трапляе ў музей, дзе “час спыніўся” ды існуе па іншых законах…

А каб яшчэ і жыхароў Строчыцы заахвоціць наладзіць па гэтай дарозе наўпрост са сваіх падворкаў гандаль усялякай беларускай аўтэнтыкай — ад гародніны-садавіны і страў з напоямі да ручнікоў і посцілак (як гэта робіцца пад час фестываляў у нашых малых гарадах), дык будзе і людзям капейчына, і турысту ўражаннні.

Назад я вяртаўся той жа дарогай, што і прыйшоў. І спецыяльна выглядаў у Строчыцы кропкі, дзе можна было б у перспектыве прыпаркаваць аўтамабілі, размясціць міні-кавярні ды іншыя аб’екты сэрвісу. Можа, варта пачынаць музеефікацыю старой Строчыцы, пакуль замест аўтэнтычных хат, якія не адно дзесяцігоддзе стаяць на сваім месцы, не з’явіліся катэджы. А такія страты — цалкам магчымыя, калі ўяўляеш, колькі можа каштаваць зямля побач з Мінскай кальцавой аўтадарогай…

Я ж, калі будзе спрыяць надвор’е ды час, ізноў пайду ў Музей народнай архітэктуры ўжо знаёмай дарогай. Бо спадабалася.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"