Маладзёжны — без “экстрыму”

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Новы будынак тэатра: звонку і ўнутры.
Усе трыццаць гадоў сваёй гісторыі Маладзёжны тэатр правёў у прыстасаваных памяшканнях. Прыстасоўвацца даводзілася не толькі трупе ды тэхнічным службам, але і гледачу. Многія памятаюць "маршруты", якімі праводзілі ў залу колішняга кінатэатра “Спартак” тых, хто спазніўся на спектакль. Ды тэатр не згубіў трупу, рэпертуар і гледача. І, урэшце, дачакаўся ўлазінаў. Не так даўно калектыў Маладзёжнага атрымаў падарунак да юбілею — палац, рэканструяваны з улікам асаблівасцей “храма Мельпамены”.

/i/content/pi/cult/496/10615/3-1.jpg /i/content/pi/cult/496/10615/3-2.jpg

/i/content/pi/cult/496/10615/3-3.jpg

/i/content/pi/cult/496/10615/4-1.jpg

“Народны палац”

Класіцыстычны будынак па вуліцы Казлова даўно быў сцёрты з культурнай карты горада: яшчэ за савецкім часам яго зачынілі на капітальны рамонт. Таму ў маладзейшых пакаленняў мінчан ён не выклікае асацыяцый. Затое “старажылы” згадваюць Палац культуры будтрэста № 1 вельмі ахвотна:

— У свой час гэта было прэстыжнае месца, нароўні з Палацам прафсаюзаў і Домам афіцэраў, — распавядае калега Юрый Іваноў. — Модная сталічная моладзь хадзіла сюды на танцы, дзейнічала тут і прыстойная тэатральная студыя...

Гэты ўзор “сталінскага ампіру” быў здадзены ў 1956-м, калі “барацьба з архітэктурнымі лішкамі” яшчэ толькі набірала абароты. Статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці будынак не мае, хаця цалкам можа на яго прэтэндаваць нават пасля рэканструкцыі. Архітэктар Уладзімір Архангельскі здолеў без змен захаваць асаблівасці той эпохі, схаваўшы сучасную “начынку” за класіцыстычным порцікам з мажнымі калонамі і ляпнінай. Больш за тое: шыкоўныя інтэр’еры ўдала падмацоўваюць канцэпцыю “палаца для народа”. Прасторнае фае з камінам ды буфетам, мармуровыя лесвіцы, люстры, ляпніна, калоны...

— У будынку па праспекце Машэрава было ўсяго чатыры грымёркі, а тут — дзевятнаццаць!  — кажа дырэктар тэатра Віктар Старавойтаў. — Але большая частка будынка — менавіта глядацкая зона. Зроблена ўсё, каб наш наведвальнік пачуваў сябе камфортна не толькі ў глядзельнай зале, але і ў кулуарах.

Зрэшты, і той будынак колішняга кінатэатра гадоў пяць таму закрылі на рамонт. З таго часу тэатр аказаўся “ў прымаках”. Спектаклі ставіліся на арандаваных пляцоўках, ніводная з якіх не з’яўлялася тэатральнай.

— Цяжкасці ўзнікалі, — распавядае Віктар Старавойтаў. — Прыкладам, трэба дэкарацыі прымацоўваць да сцэны, а там лінолеум ляжыць, і псаваць яго не дазваляюць... У адным ДК публіцы даводзілася сядзець у паліто і пальчатках: тэмпература была амаль як на вуліцы… Здаралася і так, што мы плануем рэпертуар, дамаўляемся пра арэнду, прадаём білеты — і раптам гаспадар пляцоўкі вырашае правесці ў зале ўласнае мерапрыемства! Даводзілася прасіць у публікі прабачэння ды вяртаць грошы… Але гледача захавалі, і залы не пуставалі…

Нягледзячы на складаныя варункі, толькі за мінулы сезон тэатр прадставіў чатыры прэм’еры. Новых планаў — удосталь. Віктар Андрэевіч паказвае стос прапанаваных да пастаноўкі п’ес і адзначае, што цяпер жанравы ды тэматычны дыяпазон рэпертуару стане куды шырэйшы. Жывучы ў “экстрэмальных” умовах, тэатр быў змушаны аддаваць перавагу камедыям — як прадукту найбольш “канвертабельнаму”. Цяпер жа можна адважыцца прапанаваць публіцы і нешта больш сур’ёзнае.

“Саня, Ваня…”, за імі — “Беспасажніца”

Ва ўтульнай глядзельнай зале на 300 месцаў пакуль працуюць не акцёры, а рабочыя: ідзе наладка паваротнага кола, штанкетаў ды іншага сцэнічнага абсталявання. Справу трэба выканаць у даволі сціслы тэрмін: на двары восень і пара адкрываць новы сезон. Ужо 4 кастрычніка адбудзецца своеасаблівая прэзентацыя будынка для ўсіх ахвотных — разам з паказам спектакля “Саня, Ваня, з імі — Рымас”. А 11-га — і першая на новым месцы прэм’ера: “Беспасажніца”.

Таму акцёры працуюць у тэатры адначасова з рабочымі, рэпеціруючы ў тых памяшканнях, дзе рамонт ужо поўнасцю завяршыўся. Яны ўжо сталі ўласнасцю тэатра, у той час як астатнія плошчы будынка пакуль фігуруюць у дакументах у якасці клуба будаўнікоў. Зрэшты, гэта менавіта фармальнасць: рашэнне аб перадачы Маладзёжнаму ўсяго былога палаца прынята ўжо даўно.

...Калі ўсё ўсталюецца, трупа атрымае рэпетыцыйную залу, у якой у перспектыве можна будзе ладзіць і нейкія камерныя паказы. З’явіўся і харэаграфічны клас. Адкрыліся майстэрні, для якіх было набыта абсталяванне: сталярная, бутафорская, кравецкая, цэх па роспісе дэкарацый... З’явіўся нават грузавы ліфт. Карацей, усё, што патрэбна для самастойнага і максімальна камфортнага ўвасаблення любых тэатральных задум. Раней нават такая немудрагелістая, здавалася б, аперацыя, як дастаўка касцюмаў на тую пляцоўку, дзе меўся адбыцца спектакль, вымагала немалых клопатаў — пагатоў, везці іх часам даводзілася ледзь не праз увесь горад.

Пашырэнне магчымасцей аўтаматычна азначае і неабходнасць пашырэння штату. Да нядаўняга часу ў тэатры працавала 183 чалавекі, цяпер “адзінак” стала на сорак больш. Ці ўдасца знайсці кваліфікаваных спецыялістаў па эксплуатацыі складаных інжынерных сістэм на сціплыя “культурныя” заробкі, дырэктар пакуль не ведае. Але спадзяецца перадусім на добрых “тэхнароў”, якія шчыра ўлюбёныя ў тэатр.

Маладзёжны-2

Яшчэ нядаўна Маладзёжны ўвогуле не меў будынка, але ўжо неўзабаве ў тэатра іх будзе ажно два: той самы былы кінатэатр па праспекце Машэрава таксама застаецца ў ягонай уласнасці. Рэканструкцыя там ідзе ўжо даволі доўга і не без праблем: то даводзілася змяняць праектную дакументацыю, то ў сцяне выявілася расколіна, а то і ўвогуле работы на нейкі час прыпыняліся з-за браку рэсурсаў. Аднак Віктар Старавойтаў спадзяецца, што ўжо да новага года ўсе будаўнічыя работы збольшага будуць завершаны.

Раней меркавалася, што ў новым будынку будзе гаспадарыць Тэатр сучаснай харэаграфіі “D.O.ZS.K.I”, які не так даўно ўліўся ў Маладзёжны. Аднак жыццё не стаіць на месцы, і вядомы танцавальны калектыў паспеў ужо спыніць сваё існаванне. Тым не менш, агульная канцэпцыя выкарыстання другой пляцоўкі прынцыповых змен не зведала.

— Не так даўно меў на гэты конт гутарку з мэрам Мінска Мікалаем Ладуцькам, і ён выказаў прапанову стварыць тут цэнтр для тэатральнай моладзі, — распавядае Віктар Старавойтаў. — Думаю, гэтая ідэя мае вялікую перспектыву!..

Калі яна паспяхова ўвасобіцца, мноства эксперыментальных, “нефармальных”, незалежных і г.д. калектываў Мінска ўрэшце займеюць свой “дах над галавой” і магчымасць сумоўя з гледачом без “улёту” на грошы, які абумоўлены высокай арэнднай платай. Тым больш, за трыццаць гадоў Маладзёжны тэатр вырас і паспеў стаць даволі рэспектабельным. Каб назва не ўспрымалася як традыцыя, яму і патрэбны такі цэнтр.

У той самы час, дырэктар установы задумваецца і над развіццём сферы дзейнасці, дзе пакуль што вядуць рэй прыватнікі — тэатральных курсаў. Зразумела, у выглядзе платных паслуг, але — прафесійных ды якасных.

— Лічу, тэатры павінны зарабляць грошы тым, што мы лепш за ўсё ўмеем рабіць, а не якойсьці няпрофільнай дзейнасцю, — кажа Віктар Старавойтаў. — І калі выкарыстоўваць атрыманыя плошчы максімальна эфектыўна (да чаго мы, вядома, імкнёмся), дык і вынікі будуць неблагія.

У папярэднія сезоны Маладзёжны іграў 15-18 спектакляў штомесяц — больш не дазвалялі складаныя варункі і немалая арэндная плата. Пасля таго, як жыццё на новым месцы наладзіцца, лік пастановак мае істотна ўзрасці. У апошнія тры месяцы года тэатр плануе сыграць 75 спектакляў — у тым ліку дзіцячых, якія ў навагодні перыяд можна ставіць хоць па тры на дзень. Між іншым, у рэканструяваным будынку ацалеў і такі “рарытэт”, як шыкоўная ёлачная зала...

— Перыяд у нас зараз таксама будзе вельмі няпросты, — адзначае дырэктар тэатра. — Графік надзвычай насычаны: трэба і старыя спектаклі адаптаваць да новай сцэны, і рыхтаваць прэм’еры. Але ўвесь калектыў разумее: так, давядзецца трохі паднапружыцца... Азіраючыся назад, мы разумеем, што годна прайшлі праз усе выпрабаванні, і добрымі ўмовамі працы нас зусім “не спалохаць”…

Фота Юрыя ІВАНОВА