Са сваім іменем

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Вось-вось у сталіцы распачнецца ІХ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Пасля Мінск ды некаторыя абласныя цэнтры чакае яшчэ адзін форум, канцэпцыя якога базуецца на класічнай музыцы: Фестываль Уладзіміра Співакова. Дзякуючы знакамітым народным артыстам СССР, сусветна вядомым музыкантам і дырыжорам мы не толькі займелі перыяды цягам года з высокай класікай і многімі праслаўленымі яе выканаўцамі, салістамі ды калектывамі, а таксама цудоўную традыцыю, але і занялі сваё месца на фестывальнай карце: канцэрты пад імёнамі Башмета і Співакова ладзяцца ў многіх краінах свету. Такім чынам, Беларусь — у трэндзе.

/i/content/pi/cult/496/10612/2-1.jpgАле падумалася ў гэтай сувязі пра іншае ды важнае, як падаецца, для нашага іміджа ва ўласных жа вачах і развіцця нацыянальнай культуры наогул. А дзе нашы фестывалі Міхаіла Казінца ці (а лепш — і) Аляксандра Анісімава, Міхася Дрынеўскага ды Міхаіла Фінберга, пры ўмове заснавання якіх мы не станем ужо казаць пра тое, што бракуе пляцовак і падзей для прэзентацыі класічнага і сучаснага нацыянальнага рэпертуару, непаўторных інтэрпрэтацый сусветнай музычнай спадчыны? Так, гэтага ў нас няма, і пытанне пра “калі з’явіцца” пакуль (?) мае рытарычны характар. Але мо варта падумаць пра з’яўленне падобных імпрэз? Прычым — не толькі ў сталіцы.

Скептыкі, вядома ж, выкажуцца адносна перспектыў правядзення піяр-кампаніі падобнага фестывалю: але ж і форумы Башмета ды Співакова не мелі б свайго статусна-элітнага характару, прынамсі, у нас, каб не наяўнасць у іх назвах “персанальнай прывязкі”. А канцэрты нават толькі тых калектываў, якімі кіруюць нашы дырыжоры з названага мной умоўнага “квартэта”, падаецца, ужо даўно не праходзяць без аншлагаў. А пасля некаторых і наогул патрабуюцца дадатковыя выступленні — “на біс”. Публіка ідзе на аркестры Фінберга, Анісімава, называючы іх па прозвішчы кіраўніка, а значыць, і на фестываль пад іх патранатам-куратарствам пойдзе.

Таксама, як сталі б заўважнымі падзеямі выстаўкі ды пленэры пад канцэптуальным кіраўніцтвам альбо куратарствам нашых слынных мастакоў ці дызайнераў, сталыя рэжысёрскія тыдні ці месяцы ў тэатрах, форумы ў фармаце “кампазітар збірае сяброў”, майстар-класы ад выкладчыкаў творчых дысцыплін, праграмы якіх складзены вядучымі профі ў пэўнай галіне… Дый ці мала чаго можна нафантазіраваць? Пакуль такое маем хіба з персанальнымі мастацкімі галерэямі. Справа ж у тым, каб пачаць. А не чакаць, па нашай сумнай традыцыі, нагоды далучыць да падзей прыдатак “імя…”.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах