Пад мудрай зоркай Агінскага

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Ва ўтульнай канцэртнай зале Беларускага дзяржаўнага музея тэатральнай і музычнай культуры, дзе праходзіла афіцыйная цырымонія перадачы беларускаму боку копій архіва Міхала Клеафаса Агінскага і святкаванне гэтай падзеі, не толькі не было ніводнага свабоднага месца, але часам, здавалася, яблыку не было дзе ўпасці — столькі тут сабралася народу. І якія людзі! Даследчыкі гісторыі беларускай музыкі і творчасці М.К. Агінскага, рупліўцы музейнай і архіўнай спраў, прадстаўнікі акрэдытаваных у краіне пасольстваў, журналісты. Сярод удзельнікаў імпрэзы — міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі Аляксандр Сурыкаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны Ігар Ліхавы, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКО, Пасол па асобых даручэннях МЗС нашай краіны Уладзімір Шчасны, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп.

І вось расійскі Пасол Аляксандр Сурыкаў сімвалічна перадае дырэктару Беларускага дзяржаўнага музея тэатральнай і музычнай культуры Зінаідзе Кучар копіі архіва Агінскага і атрымлівае ў падарунак дыск з музычнымі творамі слыннага кампазітара ў выкананні яго пра-пра-праўнука Івы Залускага.

— Расійскі і беларускі народы,— кажа ў сваім выступленні А.Сурыкаў,— блізкія па духу, і я ўпэўнены, што гэта не апошні акт такой перадачы беларускаму боку дакументаў, якія захоўваюцца ў Расіі. Калі ў беларусаў ёсць яшчэ аналагічныя пытанні, абяцаю дапамогу ў іх вырашэнні.

Уладзімір Шчасны, які першым звярнуўся да тэмы вяртання архіва М.К. Агінскага, узгадаў, як гэтая ідэя ўзнікла. Падчас сваёй працы Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Велікабрытаніі У.Шчасны пазнаёміўся з пра-пра-праўнукам знакамітага кампазітара Анджэем Залускім і паспрыяў яго прыезду ў Беларусь, Літву, Маскву. У сваю чаргу, А.Залускі адшукаў у расійскім архіве старажытных актаў спадчыну свайго дзеда і некаторыя з атрыманых звестак выкарыстаў у сваёй кнізе “Час і музыка Міхала Клеафаса Агінскага”. Так і стала вядома месца знаходжання архіва.

— Трэба прызнаць, — зазначыў У.Шчасны, — перадаючы свой архіў у Маскву, Агінскі паступіў мудра. На нашай тэрыторыі, праз якую з 1833 года прайшло столькі захопнікаў, архіў, хутчэй за ўсё, не захаваўся б.

Узгадвалася ў гэты вечар і падзвіжніцкая праца доктара філалагічных навук, гісторыка Адама Мальдзіса, старшыні Беларускага фонду культуры Уладзіміра Гілепа дзеля вяртання культурных каштоўнасцей беларускага паходжання.

— Што ж да вяртання архіва Агінскага, — гаварыў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў,— дык гэта вялікая падзея, якая ўяўляе цікавасць па некалькіх прычынах. Ужо прачытанне невялікай часткі архіва нашага слыннага земляка выявіла музычныя творы, якія яшчэ не публікаваліся. Адкрыліся і старонкі біяграфіі М.К. Агінскага, цікавыя з пункта гледжання як гісторыі Беларусі, так і гісторыі еўрарэгіёна ў цэлым. Неабыякавыя нам, сучаснікам, погляды Агінскага на тагачаснае палітычнае абуладкаванне часткі Еўропы, дзе знаходзіцца сённяшняя Рэспубліка Беларусь. Кабідэі Агінскага ў свой час былі рэалізаваны, гэта, магчыма, прадухіліла б многія трагічныя падзеі. Урэшце, перадача нашай краіне копій архіва як жэст добрай волі з боку Расійскай Федэрацыі — яшчэ і значны ўнёсак у агульную справу вяртання культурных каштоўнасцей у краіны іх паходжання. На шчасце, магчымасці сучаснай тэхнікі дазваляюць гэта зрабіць, пазбегнуўшы складаных і нярэдка невырашальных спрэчак аб вяртанні фізічным.

На думку першага намесніка міністра культуры Беларусі Уладзіміра Рылаткі, усе апошнія гады прайшлі ў нас пад знакам вяртання — гістарычных імёнаў, дакументаў, помнікаў,— пачынаючы з больш глыбокага асэнсавання, набліжэння да сучаснасці, а значыць — вяртання Францыска Скарыны. Узгадаў У.Рылатка і тое, што Паланез Агінскага “Развітанне з Радзімай” быў адным з твораў, якія прапанаваліся ў якасці нашага дзяржаўнага гімна, — настолькі ён успрымаецца як неад’емная частка айчыннай культуры, настолькі ён блізкі беларускай ментальнасці.

— Для Смаргоншчыны, дзе большасць культурных мерапрыемстваў так ці інакш звязана з нашым слынным земляком, — казала начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава, — сённяшняя падзея — свята ўдвая. Пазней Таццяна Мар’янаўна з душэўным хваляваннем прызналася, што ўвесь гэты дзень у яе быў пазначаны тэмай Агінскага: зранку вырашала пытанні, звязаныя з правядзеннем Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу імя М.К. Агінскага, а ўвечары прысутнічае на перадачы яго архіва.

Падчас вечарыны былі выказаны словы ўдзячнасці на адрас супрацоўнікаў Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў — за тое, што яны зрабілі для нас вельмі якасныя копіі. Зрэшты, калі я пісала свой папярэдні матэрыял на тэму вяртання архіва, на лічбавыя носьбіты было пераведзена 800 яго лістоў, а ў дзень правядзення вечарыны было пераведзена ўжо 1500. І як пацвердзіў кіраўнік Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі РБ Уладзімір Адамушка (падначаленая яму структура займаецца пераводам архіва), і астатняя частка гэтай працы будзе зроблена даволі хутка. У верасні ж, да дня нараджэння М.К. Агінскага, Музей тэатральнай і музычнайкультуры плануе зрабіць у Залессі выстаўку ўсіх новых сенсацыйных матэрыялаў, з’яўленне якіх стала магчымым дзякуючы вяртанню архіва Агінскага. І ўжо падчас вечарыны міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў выказаў ідэю зрабіць у Белдзяржфілармоніі канцэрт з музычных твораў, якія знойдзены ў гэтым архіве.

Ішла размова і пра тое, што многа зроблена ў апошнія 10 гадоў па вяртанні іншых каштоўных гістарычных дакументаў і рэчаў. На гэты конт прыводзіліся наступныя прыклады.

Па ініцыятыве беларускага боку здзяйсняецца маштабны праект пад эгідай ЮНЕСКО, у якім удзельнічаюць Беларусь, Расія, Польшча, Украіна, Літва, магчыма, возьме ўдзел і Германія, па стварэнні віртуальнай рэканструкцыі дакументальнай спадчыны і бібліятэкі Радзівілаў. Нядаўна Польшча перадала ў яго 160 тысяч кадраў дакументаў, якія звязаны з нясвіжскай калекцыяй Радзівілаў. А наша краіна падзялілася ў адказ гістарычнымі дакументамі па Падляшшы.

Больш за 1000 спраў, што тычацца роду Радзівілаў, нашы спецыялісты знайшлі ў архівах Германіі. Ёсць спадзяванне атрымаць іх у абмен на частку трафейных нямецкіх дакументаў, якія захоўваюцца ў нас.

Цеснае супрацоўніцтва наладжана паміж архівістамі Беларусі і Украіны: у архівах Украіны выяўляюцца дакументы, якія тычацца Беларусі, аб чым паведамляецца беларускаму боку, а наша дзяржава праводзіць аналагічную працу для Украіны. Дзякуючы ўсяму гэтаму, зрэшты, спрашчаецца работа па атрыманні копій бібліятэкі Храптовічаў.

У супрацоўніцтве з Расіяй абраны накірунак сумеснага выдання архіўных дакументаў на тэмы, што ўяўляюць узаемную цікавасць. Ужо пабачылі свет двухтомнае выданне “Вызваленая Беларусь”, выданне “Пачатак”, якое тычыцца Заходняй асобай ваеннай акругі 1939 — 1941 гадоў, і іншыя выданні.

І, вядома ж, час ад часу напаўняла гэтую залу і гэты вечар чароўная музыка Міхала Клеафаса Агінскага. У выкананні кандыдата мастацтвазнаўства, аўтара кнігі пра слыннага кампазітара Святлены Немагай, салісткі Белдзяржфілармоніі, лаўрэаткі міжнародных конкурсаў Дзіны Трухан-Багданавай і піяністкі, лаўрэаткі міжнародных конкурсаў Алены Лузан прагучалі тры неапублікаваныя творы кампазітара: марш, раманс на французскай мове, танцавальны твор. І было цалкам лагічна, што вечарына, якая пачыналася знакамітым Паланезам Агінскага ў танальнасці ля-мінор, заканчвалася выкананнем гэтага ж твора ў мажоры.


Наталля РУСАК
Фота аўтара


P.S. Як афіцыйна паабяцала дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар, усе новыя звесткі, якія будуць тычыцца даследаванняў архіва М.К. Агінскага, першай са сродкаў масавай інфармацыі атрымае газета “Культура”.