“Гродзенскі трохкутнік” і яго адрозненне ад Бермудскага

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Айчынны “дыснейлэнд”, бутафорыя ды палац у чаканні рэстаўрацыі / Велатур "К": па ваколіцах "каралеўскага горада"
Як ні дзіўна, вёска Радзівілкі не мае да Радзівілаў ніякага дачынення — у мінулыя часы яна ўвогуле называлася Свяцк Паддубны. Сто гадоў таму, па словах нашага экскурсавода Ганны Галубцовай, размешчаны за некалькі кіламетраў ад канала маёнтак быў папраўдзе, як сказалі б сёння, перадавым сельгаспрадпрыемствам. “Гастарбайтары” сцякаліся сюды нават здалёк, і спецыяльна для іх нават пабудавалі адмысловыя інтэрнаты. Вуліцы вёскі мелі цвёрдае пакрыццё, што ў той час было дзівам незвычайным. Дый турпаслугі тут пачалі аказваць яшчэ стагоддзе таму: канал ужо тады лічыўся вялікай адметнасцю.

/i/content/pi/cult/496/10609/10-1.jpg

Вось такія драконы "прапісаліся" ў Каробчыцах.

/i/content/pi/cult/496/10609/10-3.jpg

 

 

Работы з пленэру ў Каробчыцах.

/i/content/pi/cult/496/10609/10-4.jpg

 

 

Адноўленая сядзіба ў маёнтку Тызенгаўза.

/i/content/pi/cult/496/10609/10-5.jpg

Старадаўняя брама ў колішніх уладаннях Козел-Паклеўскіх.

(Працяг. Пачатак у № 35.)

Няма таго, што раньш…

Сёння ад гэтай раскошы засталіся хіба раскіданыя па ўсіх Радзівілках гістарычныя руіны, а ў пыльнай гравійцы тырчаць пару каменьчыкаў. Адпаведна, вёска пакідае зусім не станоўчыя ўражанні. Зрэшты, навідавоку і змены да лепшага: у будынку палаца, які атачаў шыкоўны некалі парк з каскадам азёр, сёння шчыруюць будаўнікі.

Усё гэта без лішніх слоў сведчыць аб тым, што мясцовы прыватнік, які гады чатыры таму набыў частку сядзібнага комплексу і прынцыпова не дзеліцца сваімі планамі (каб не сурочыць), відавочна, узяўся за справу. У што ператворыцца закінутая сядзіба, якая не мае статуса помніка спадчыны, прагназаваць цяжка. Але на нашым шляху па Гродзеншчыне давялося сустрэць тры варыянты цяперашніх і будучых тураб’ектаў пад назвай “маёнтак”.

Варыянт першы: “дыснэйлэнд”

Назва дзіцячага парку зрабілася ўжо сінонімам забаўляльнасці і бутафорыі. На шчасце, у нас гэтая тэндэнцыя мае выразны беларускі прысмак. Найбольш распаўсюджаныя варыянты — “этнаграфічная вёска” і “шляхецкі маёнтак”. Самы вядомы з апошніх — “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”.

— Гэта стылізаваная беларуска-польская сядзіба ХІХ стагоддзя, — распавядаў нам пра Каробчыцы экскурсавод. — Усе маёнткі таго часу выглядалі прыкладна гэтак…

Але ж гэта, як кажуць, толькі на думку суразмоўцы… Даследчыкам палацава-паркавай культуры, якія маюць слабое сэрца, у Каробчыцы лепш не ездзіць. Тым больш, што ўжо і позна. Калі б такія людзі спрычыніліся да стварэння канцэпцыі комплексу, дык, напэўна б, патлумачылі, чым гаспадарчы будынак лямуса адрозніваецца ад скарбца, дзе перахоўваліся фамільныя каштоўнасці. Распавялі б, якой была планіроўка маёнтка, як мусіць выглядаць кожны з яго складнікаў, пазнаёмілі б з шыкоўнымі ўзорамі класіцызму і неаготыкі... Карацей, умацавалі б мясцовую балоцістую глебу добрым навуковым грунтам…

Калі дырэктар Гродзенскага мясакамбіната Анатоль Грышук прыйшоў да думкі займець “няпрофільны актыў”, на месцы сённяшняга забаўляльнага комплексу і сапраўды раскашавала балота. Ад пачатку і амбіцыі былі невялікія: стварыць месца адпачынку для сем’яў сваіх работнікаў. Цяпер “Каробчыцы” — адзін з самых дагледжаных куткоў Гродзеншчыны, а таксама і бадай самы запатрабаваны тураб’ект. Вялікія канцэптуальныя памылкі ўдалося кампенсаваць увагай да дэталей (“Каробчыцы”, напэўна, сталі чэмпіёнам у плане разнастайнасці малых архітэктурных форм) і агульным святочным настроем. Таму, шпацыруючы па тэрыторыі, адчуваеш, што стваральнікі ўкладалі сюды не толькі фінансы, але і шматлікія ідэі ды нават душу.

Вядома, можна да бясконцасці задавацца пытаннем, навошта было будаваць сядзібу з нуля, калі на Гродзеншчыне чакаюць рэвіталізацыі многія сапраўдныя маёнткі. Можна казаць пра тое, што маёнтак у Каробчыцах нельга нават назваць стылізацыяй — гэта проста архітэктурная фантазія без належнага навуковага грунту. Але, з іншага боку, паколькі фантазія ўвасаблялася менавіта ў балоце, спадчыне яна ніяк не пашкодзіла. Тым больш, фантазія гэтая — на беларускую тэму!

Урэшце, варта звярнуць увагу і на іншую акалічнасць. У летнія дні колькасць наведвальнікаў “Каробчыцаў” часам перавышае дзве тысячы чалавек, і гэтым лічбам можа пазайздросціць практычна любы айчынны музей. Камерцыйны поспех комплексу — пераканаўчы аргумент супраць распаўсюджанага сцвярджэння: “Ну які тут у нас турызм…”.

Івэнты на любы густ

Мэтавая група наведвальнікаў комплексу даволі абмежаваная: нягледзячы на шматлікія выключэнні, гэта перадусім гродзенцы. Як завабіць іх у адно і тое ж самае месца па некалькі разоў за сезон? У “Каробчыцах” быў знойдзены заканамерны адказ: праз шматлікія “івэнты” самай рознай тэматыкі.

Нейкія буйныя імпрэзы здараюцца тут літаральна кожныя выхадныя. Гэта можа быць і звыклае Купалле, і стылізацыя пад савецкія святы — з "кумачовымі" лозунгамі ды піянерскімі гальштукамі, — фестываль бурбалак, і конкурс прыгажосці сярод поні, які прадугледжвае дэфіле ў купальніках… Нядаўна распачалі асліныя скачкі. Апрача нас, у Еўропе іх ладзяць толькі ў адным месцы — непадалёк ад Турына. Цікавасць публікі проста зашкальвае!..

Яшчэ адзін вельмі прыцягальны для турыстаў від дзейнасці — стайня, у якой на сённяшні дзень размешчаны дзясяткі коней ажно дванаццаці парод. Некаторыя з гэтых рысакоў каштуюць не адну тысячу y. a. і бяруць удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах па конным спорце. Таму да “канькоў-гарбунькоў” у Каробчыцах ставяцца з піетэтам ды павагай: чысцяць, мыюць, рэгулярна кормяць... Аднак гэта зусім не азначае, што на гэтых дагледжаных прыгажунах нельга пагарцаваць турыстам… Можна, і за даволі сімвалічную плату… Не варта і казаць, што паслуга гэтая выклікае найвялікшае захапленне не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Нават мы не адмовілі сабе ў гэтай спакусе і з дапамогай сімпатычных дзяўчат-вершніц зрабілі па манежы своеасаблівы “круг гонару”, адчуўшы сябе, хоць бы і на хвіліну, мушкецёрамі...

Не можам не згадаць і яшчэ адну адметнасць комплексу: мноства драўляных скультур, якія ўтвараюць цэлыя кампазіцыі. Тэму вядзе амаль “штатны” разьбяр Валянцін Багдзевіч, які штогод курыруе вялікі міжнародны пленэр, куды прыязджаюць майстры з суседніх з Беларуссю краін. Як патлумачыў наш экскурсавод, усе работы, што ствараюць умельцы пад час такіх мерапрыемстваў, выкупляюцца арганізатарамі. Акрамя таго, на час двухтыднёвага пленэру майстрам аплачваюцца пражыванне і харчаванне. Так што ахвотных пабываць у Каробчыцах і прадэманстраваць сваё ўмельства ў працы з дрэвам, хапае, як кажуць, з лішкам…

Доўга выпытвалі ў экскурсавода, хто ж кіруе працэсам, хто ж выдумляе вынаходлівыя праекты і распрацоўвае ўдалыя маркетынгавыя схемы. Адказ быў толькі адзін: усё — самі! Бо, як кажуць, хочаш жыць — умей круціцца! У “Каробчыцах” гэтую аксіёму ведаюць усе, пачынаючы ад дырэктара і заканчваючы экскурсаводам… Таму “мазгавыя штурмы” ды абмеркаванні наступных імпрэз, івэнтаў і фэстаў тут адбываюцца ледзь не штодня…

І апошняе, пра што абавязкова варта згадаць. Сапраўдная залатая жыла комплексу — разнастайныя карпаратывы.

Варта дадаць, што пакуль многія айчынныя музейшчыкі ўсё яшчэ пабойваюцца прапаноўваць “хлеб надзённы” сваім наведвальнікам, у “Каробчыцах” можна атрымаць харчаванне на любую кішэню — ад рэстарана і да фастфуда. Але, ва ўсялякім выпадку, тут абавязкова прысутнічаюць фірмовыя стравы ды напоі, пакаштаваўшы якія, наведвальнік, пэўна, абавязкова захоча завітаць сюды яшчэ і яшчэ… Магчыма, вось такі “гастранамічны” эксклюзіў варта было б узяць на ўзбраенне і іншым установам культуры адпаведнага кірунку…

Карацей кажучы, папікаць у нечым “каробчыцкі дыснейлэнд” проста няма сэнсу: публіка яго праз тое ўсё адно не разлюбіць. Куды больш карысным падаецца засваенне назапашанага тут досведу, як рабіць свята для наведвальнікаў і грошы для сябе. Думаецца, на куды больш “трывалай” глебе музеяў або, скажам, дамоў рамёстваў гэта магчыма, прынамсі, з не меншым поспехам, чым у нядаўнім балоце.

Варыянт другі: рэвіталізацыя і джэнтрыфікацыя

Але хопіць пра Каробчыцы. Тым больш, дзень набліжаецца да лагічнага завяршэння, і самы час падбаць пра начлег. На шчасце, непадалёк ад месца нашай “дыслакацыі” — адна з дзвюх адноўленых беларускіх сядзіб, якая ўжо дэ-факта пераўтворана ў тураб’ект. Некалькі дзясяткаў хвілін круцім педалі па шыкоўных ды роўных гродзенскіх дарогах — і вось ён, “Каралінскі маёнтак Тызенгаўза”…

Трэба прызнаць, што сядзіба раскручана значна менш, чым Сула на Міншчыне, хаця гэтыя комплексы з’явілася фактычна адначасова. Дый самі гісторыі адраджэння названых аб’ектаў падобны нават у дэталях. Калісьці тут быў закінуты гаспадарчы двор, асуджаны на зніштажэнне. Але, на шчасце, знайшліся людзі, якім закарцела яго аднавіць і ператварыць у “цукерачку”, уклаўшы свае грошы, заробленыя на больш прыбытковых нівах, чым сельскі турызм.

— Па вялікім рахунку, тут можна казаць хутчэй пра хобі, а не пра бізнес, — распавядае нам пра гісторыю адраджэння сядзібы своеасаблівы “аканом” таго "маёнтка" Руслан. — Уласнікі прагнулі зрабіць з гэтага старадаўняга комплексу пабудоў зручнае месца для адпачынку, у першую чаргу — сямейнага. Дызайн, архітэктурныя рашэнні — да ўсяго гэтага яны прыклалі руку. Нават плітка, пакладзеная на дарожках, прыдумана імі…

Натуральна, атрымалася зусім не “так, як было”. Адраджаць гаспадарчы двор менавіта як гаспадарчы двор папросту не мела сэнсу, хаця б нават з практычнага пункта гледжання. Таму на руінах фальварка паўстаў прэзентабельны тураб’ект з усімі сучаснымі выгодамі. Старое не нішчылі, але дабудавалі ды перайначылі. Некранутымі засталіся, бадай, толькі пілоны ўязной брамы, пашарпанасць якіх мае адмысловы шарм. Дый ацалелая бутавая кладка сёння выглядае наздзіва рэспектабельна.

Паколькі аб’ект не мае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, прастору для фантазіі нішто не абмяжоўвала, хіба толькі пачуццё ўласнага густу. Яго аказалася дастаткова, каб унікнуць нейкай недарэчнай эклектыкі. Хаця “навадзелу” тут хапае. Напрыклад, высачэзны вятрак, які адразу ж прыцягвае да сябе ўвагу. На жаль, ён не працуе, а зроблены, паводле слоў Руслана, “проста для прыгажосці”. На нашу думку, гэтая бутафорыя магла б мець зусім іншыя, цалкам утылітарныя, мэты… Бо на млыне, напрыклад, можна было б без асаблівых перашкод малоць зерне на муку, запрашаючы кожнага ахвотнага пабыць млынаром, а пасля — і хлебапёкам… Чым не “фішка” для спешчанага ўсялякімі цікавосткамі як айчыннага, так і замежнага турыста? Дарэчы, у Моталі, што на Іванаўшчыне, такі ж падобны млын функцыянуе, на радасць усіх заезджых вандроўнікаў….

Адзін з гаспадарчых будынкаў двара пераўтварыўся пасля рэканструкцыі ў каталіцкую капліцу. Прычым яна дзейнічае: гаспадары маёнтка перадалі яе ва ўласнасць мясцовай каталіцкай парафіі. Выпадак, пагадзіцеся, — унікальны і варты таго, каб аб ім паведаміць…

Ладзяць у маёнтку і сваю адметную культурную праграму. Прыкладам, экскурсіі, пад час якіх турыстам распавядаюць пра гісторыю сядзібы ды яе наваколляў, прадугледжаны для наведвальнікаў любых узростаў. Да таго ж, па словах Руслана, гаспадары ў хуткім часе плануюць зрабіць тут невялікі музейны пакойчык, балазе экспанатаў хапае (некаторыя з іх зараз прадстаўлены ў фармаце “open-air” побач з бутафорскім млыном)… А яшчэ на тэрыторыі сядзібы зрэдку ладзяцца мастацкія пленэры ды Дні музыкі для ўсіх жыхароў вёскі Караліно…

Іншая справа, што тутэйшыя кошты “пацягне” не кожны падарожны, асабліва айчынны… Мяркуйце самі: на начлег мы ўтрох размясціліся ў невялічкім пакойчыку, праўда, з душавой кабінкай. Памяшканне гэтае было яўна разлічана на двух чалавек, таму аднаму з нас давялося спаць на маленькай раскладной канапе, што яўна не падыходзіла для паўнавартаснага адпачынку… За ноч падобнага “шчасця” мы ўтраіх аддалі па трыста тысяч рублёў “з носа”… Ды яшчэ з раніцы нам прапанавалі зрабіць сняданак за сто тысяч рублёў з чалавека, ад якога мы, падзякаваўшы гаспадарам, адмовіліся…

Каментаваць кошты, мабыць, не будзем. Заўважым толькі, што аднаму з нас літаральна за пару тыдняў да велавандроўкі давялося гасцяваць у хостэле ў самым цэнтры Кракава. Дык вось, за начлег у гэтым шыкоўным і вельмі цікавым горадзе — былой рэзідэнцыі польскіх каралёў — было аддадзена ўсяго 33 злотыя: прыкладна 120 тысяч беларускіх рублёў. Прычым у гэты кошт уваходзіў сняданак па прынцыпе “шведскага стала”, на якім можна было наесціся, што называецца, да адвалу… Як кажуць, адчуйце розніцу…

Шмат ці, наадварот, мала такой сумы за наш начлег? Пытанне, бадай, без адказу, бо ў нас папросту няма з чым параўноўваць. Гэта за мяжой турыст можа выбіраць паміж “койкамесцам” за 10 еўра у хостэле, які размешчаны ў самым цэнтры старадаўняга горада, і “рамантычнымі апартаментамі на дваіх” у рэвіталізаванай гістарычнай сядзібе (цана ў паўтары тысячы еўра за ноч у дадзеным выпадку нікога не здзіўляе). У нашым выпадку застаецца задавальняцца хаця б увогуле магчымасцю заночыць пад дахам ды яшчэ і прыняць душ.

Варыянт трэці: рэстаўрацыя

Раніцай, асядлаўшы сваіх “жалезных коней”, выправіліся ў дарогу да адной з галоўных турыстычных “перлін” Гродзенскага раёна — палацава-паркавага ансамбля ў Свяцку. Шматлікія турыстычныя групы, якія накіроўваюцца на Аўгустоўскі канал, прамінуць гэты помнік спадчыны проста не маюць права… Вось і мы, збочыўшы з аўтамабільнай шашы, завярнулі сюды…

І адразу спыніліся. Палацава-паркавы комплекс, які, як вядома, быў пабудаваны яшчэ ў другой палове XVIII стагоддзя італьянскім архітэктарам Джузэпэ дэ Сака па замове княжацкага роду Валовічаў, дасюль выклікае захапленне. Гэта тыповы шляхецкі палац з дзвюма бакавымі галерэямі, комплексам гаспадарчых пабудоў і, вядома ж, шыкоўным паркам. Зрэшты, бакавыя флігелі-галерэі дабудавалі некалькі пазней, магчыма, з практычных меркаванняў, каб абараніць частку парку ад вятроў ды туманаў. Усё таму, што тут размяшчалася досыць багатая калекцыя заморскіх раслін, многія з якіх былі родам з цёплых краін...

Для паўнаты карціны дадамо, што ў палацава-паркавы комплекс уключана таксама і капліца-пахавальня князёў Валовічаў, якая сёння перададзена вернікам. Акрамя таго, адразу насупраць палаца размяшчаецца сажалка — хутчэй за ўсё, не штучная, а спрадвечная. Праўда, няўзброеным вокам бачна, што без чалавечых рук тут таксама не абышлося: берагі сажалкі ідуць роўна адзін насупраць другога… А наогул у сістэме паркавага комплексу сёння захаваліся, як нам патлумачыла наш нязменны экскурсавод Ганна Галубцова, некалькі вадаёмаў. Вакол іх ахоўнай мяжой стаяць старыя дрэвы. Ёсць нават старадаўняя алея, на якой можна ўбачыць і два незвычайныя дубочкі, што перапляліся галінамі паміж сабой… Так бы мовіць, прыродны сімвал кахання…

Маляўнічасць тутэйшых наваколляў — проста выключная. Сцвярджаем гэта без ваганняў. Сюды б яшчэ адпаведную інфраструктуру — і гэтае месца магло б карыстацца не меншай папулярнасцю за тыя ж самыя Каробчыцы…

Варта дадаць і вось яшчэ што. Сёння ў парку Свяцка знаходзіцца больш за 30 відаў розных раслін, у тым ліку — і нехарактэрных для тутэйшых мясцін. І гэта прытым, што цягам амаль усяго ХХ стагоддзя гэтая тэрыторыя знаходзілася ў запусценні. Бо калі палац яшчэ спрабавалі выкарыстаць у якасці адміністрацыйнага будынка, а пазней — дома адпачынку ды санаторыя, дык паркам практычна ніхто і не займаўся. Хіба што, па словах Ганны Галубцовай, зрэдку супрацоўнікамі санаторыя ладзіліся планавыя ўборкі лістоты і галля. Таму, як тое ні крыўдна, многія рэдкія расліны, высаджаныя ранейшымі гаспадарамі палаца, на сённяшні дзень незваротна загінулі.

Але і ў гэтых няпростых умовах частка былога прыроднага багацця парку ўсё адно захавалася і радуе вока дасведчанага спецыяліста. Напрыклад, як распавяла нам Ганна Галубцова, тут можна ўбачыць і рэшткі пладовага саду, які яшчэ колькі гадоў таму актыўна эксплуатаваўся мясцовым калгасам, і шматлікія віды соснаў, і экзатычныя расліны, прывезеныя з розных краін свету...

Але ёсць тут яшчэ адна адметнасць, на якую звяртае ўвагу кожны, хто трапляе ў парк. Гэта некалькі велізарных валуноў, што ляжаць непадалёк ад палаца. Яны пакрыты мохам з усіх бакоў, а на адным з іх нават прышрубавана шыльда, якая паведамляе, што гэта — тэрыторыя палацава-паркавага комплексу…

З названымі валунамі звязаны ўжо і пэўныя традыцыі. Па словах Ганны Галубцовай, здаўна ўсе прыезджыя турысты надоўга спыняюцца побач з велічэзнымі камянямі. Усё таму, што вераць у цудадзейную моц гэтых сведкаў ледніковых часоў… Трэба, маўляў, толькі загадаць сваё самае патаемнае жаданне, якое абавязкова збудзецца, калі прашаптаць яго валуну, а пасля дакрануцца да яго далонню. Вось і “шчыруюць” падарожныя, абмацваючы старадаўнія камяні, дакранаючыся да іх рукамі ды варожачы на будучыню ў спадзеве на лепшае…

Спадзяюцца на гэтае самае лепшае, натуральна, і наглядчыкі палацава-паркавага комплексу. Праўда, на лепшае — для старадаўняга помніка спадчыны. Толькі, у адрозненне ад валунова-марных жаданняў заезджых аматараў астралу, кармы ды язычніцкіх бажкоў, іхнія мары маюць больш трывалы, заснаваны на рэальных фактах, грунт.

Пра гэтыя факты распавяла Тэрэза Геда, якая зладзіла для нас экскурсію па былым уладанні Валовічаў. Сама яна некалі была галоўным урачом санаторыя, што месціўся ў сценах палаца, а па закрыцці ўстановы засталася тут працаваць ужо ў якасці своеасаблівай захавальніцы спусцелага дома. Думала, зусім ненадоўга: неўзабаве палац адрэстаўруюць, і ёй знойдзецца больш пачэсная справа. Але рамонтна-аднаўленчая “эпапея” старадаўняга будынка расцягнулася на дзясятак гадоў…

Распавядаць пра ўсе перыпетыі пакручастага лёсу палаца ў Свяцку, мабыць, не будзем. Скажам толькі, што ён доўгі час стаяў закінуты, а пасля бязвыплатна быў перададзены на баланс адкрытага акцыянернага таварыства “Азёрны”, якое паабяцала адрэстаўраваць будынак… Але, як кажуць, толькі ў казках усё робіцца хутка: аднаўленчыя работы тут пакуль так і не пачаліся…

Тым не менш, справа паціху ідзе. Працуюць прафесійныя рэстаўратары на чале са спецыялістам у сваёй галіне Людмілай Івановай. Гэтым разам вынік яе працы выклікаў дыскусію сярод прафесіяналаў і проста аматараў: архітэктар прапанавала пазбавіцца мансарднага паверха, які, нібыта, не адпавядае адпачатнаму выгляду палаца. Многія з гэтым падыходам не пагадзіліся — ужо хаця б таму, што знаёмы ўсім відарыс помніка спадчыны тады зменіцца да непазнавальнасці.

— На маю думку, мансардны паверх усё ж трэба пакінуць, — лічыць намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксана Сматрэнка. — І калі пытанне не вырашыцца само сабой, застаўшыся дыскусійным, магчыма, яго варта вынесці на разгляд Навукова-метадычнай рады...

Хочацца верыць, што кансіліум спецыялістаў прыме найбольш абгрунтаванае рашэнне, а дыскусіі не стануць прычынай яшчэ адной вялікай адтэрміноўкі пачатку рэстаўрацыі. Пагатоў, аварыйны палац, у сценах якога ацалелі нават арыгінальныя фрагменты інтэр’ераў, вось ужо які сезон прастаіць без ацяплення...

Працяг матэрыялаў велатура чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"