Спявай, дзятва!

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

У сталічнай філармоніі прайшоў Першы фестываль беларускай музыкі для дзіцячых і маладзёжных хораў “Край ясназоры”. Ён ахапіў 20 харавых калектываў агульнай колькасцю каля 700 чалавек. Чым не “Спеўнае Поле”?

 /i/content/pi/cult/149/1060/Spyavaj.jpg
Ідэя правядзення такога свята — найвыдатная! Паказальна, што яго назву — “Край ясназоры” — даў аднайменны песенны цыкл Эдуарда Зарыцкага на вершы Якуба Коласа, часткі з якога выконваліся на фестывалі дзецьмі. Форум праходзіў пад эгідай Міністэрства культуры рэспублікі, а галоўным ініцыятарам выступіла Міжнароднае грамадскае маладзёжнае харавое аб’яднанне “Камертон”, старшынёй якога з’яўляецца народная артыстка Беларусі Людміла Яфімава. Непасрэдным жа арганізатарам і нават рэжысёрам фестывальных канцэртаў стаў дырэктар “Камертона” Уладзімір Лой, які ўзначальвае хор “Пунсовыя ветразі” Мінскай дзіцячай музычнай школы № 2 імя М.Аладава.

Чатыры канцэрты змясцілі шмат беларускіх харавых твораў, у тым ліку на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Больш як трохгадзіннае адкрыццё фестывалю сталася чарговым аўтарскім вечарам нашага маладога кампазітара Аліны Безенсон. Свой першы “сольнік” яна праводзіла ў колішняй Камернай зале філармоніі, сумесна са старшынёй Беларускага саюза кампазітараў, народным артыстам СССР Ігарам Лучанком: кожнаму — па адным аддзяленні камернай музыкі. Потым быў яе вялікі сімфанічны канцэрт у зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Нарэшце, гэты, харавы — з удзелам больш як дзесяці калектываў, са шматлікімі салістамі, з інструментальным суправаджэннем, дзе акрамя фартэпіяна задзейнічаны іншыя інструменты (арган, ударныя, скрыпка, цымбалы), і, адпаведна, са “зводным хорам” напрыканцы.

— Падобныя вечары, — падзялілася ўражаннямі Аліна, — патрабуюць так шмат высілкаў, што я зараклася іх праводзіць. Ідэя цяперашняга належала Веры Дабравольскай, кіраўніцы знакамітага хору “Ветрык”. Ведаючы, колькі маіх хораў у рэпертуары розных калектываў, колькі гучыць на разнастайных конкурсах і фестывалях, яна неаднойчы прапаноўвала з’яднаць іх у канцэртнай праграме. Калі ж зайшла размова пра фестываль беларускай музыкі, усё здзейснілася агульнымі намаганнямі. Мая ж місія была і ёсць — несці Слова Божае праз музыку.

Пэўна, невыпадкова ўдзельнікаў, сярод якіх быў і хор касцёла святых Сымона і Алены пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай, вітаў ксёндз гэтага касцёла Уладзіслаў Завальнюк. Ноткай удзячнасці і шчырай духоўнай памяці прагучала “Песня сэрца” для ансамбля домраў, якую А.Безенсон прысвяціла сваёй першай настаўніцы Людміле Ярашэвіч: тая навучала яе ігры на домры ў Ваўкавыскай ДШМ (дарэчы, на канцэрце прысутнічала цэлая дэлегацыя з Ваўкавыска).

Са шматлікіх патрыятычных і духоўных твораў А.Безенсон больш уразіла Меса для хору і аргана. Самымі яркімі, прафесійна пераканаўчымі былі хоры з поліфанічнай, а не маналітна-акордавай фактурай: апошнія ўтрымлівалі занадта шмат перазоваў з патрыятычнай музыкай мінулых дзесяцігоддзяў.

Ды ўсё ж найбольшай адметнасцю вечара, як і ўсяго фестывалю, сталі яго юныя ўдзельнікі і іх кіраўнікі. Можна толькі здагадвацца, колькі намаганняў было прыкладзена, каб дабіцца той зладжанасці, інтанацыйнай чысціні і эмацыйна-сэнсавай выразнасці. Прадэманстраваўшы вялізны патэнцыял дзіцячых і маладзёжных хораў, самаадданасць кіраўнікоў і ўдзельнікаў, фестываль, разам з тым, паставіў не новую для нашай харавой культуры праблему рэпертуару для такіх калектываў. Бо напісаных партытур можа быць зашмат, а вось сапраўднай музыкі ў іх — значна меней.

Усё лепшае сабраў фінальны канцэрт фестывалю. Ён адкрываўся цудоўнымі чатырохчасткавымі “Ладушкамі” Вячаслава Кузняцова — сапраўднай класікай жанру, як і “Шалтай-Балтай” таго ж аўтара. Гучалі і канты, і творы Людмілы Шлег, прычым розных перыядаў яе творчасці, а таксама Андрэя Бандарэнкі, Алены Атрашкевіч, нават фрагмент з “Маленькага прынца” Яўгена Глебава. Ёсць спадзеў і на далейшы росквіт дзіцячай харавой музыкі — тым больш, што ў зале прысутнічала нязвыкла шмат кампазітараў, прычым не тых, чые творы выконваліся.

— Вельмі прыемна,— зазначыў мастацкі кіраўнік фестывалю Уладзімір Лой,— што фестываль выклікаў немалы рэзананс.

Пачынаючы з першага яго канцэрта, да мяне і маіх калег падыходзілі аўтары, прапаноўваючы свае творы на наступныя форумы. Таму, будземспадзявацца, такое свята мусіць стаць рэгулярным.

А калі так, дык, магчыма, яно павінна збіраць не толькі сталічную дзятву. Падобныя святы маглі б адбывацца ў рэгіёнах, лепшыя калектывы — прыязджаць у Мінск. Свята магло б суправаджацца папярэднім кампазітарскім конкурсам, больш актыўным супрацоўніцтвам з аўтарамі, замаўленнем ім адпаведных партытур. А яшчэ, можа, семінарамі, майстар-класамі, “круглымі сталамі” ці іншымі формамі абмену думкамі і вопытам. Бо тое, што не проста слухаецца дзецьмі, а развучваецца і выконваецца імі, надзвычай моцна ўздзейнічае на фарміраванне эстэтычных прыярытэтаў новага пакалення.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА