Для чаго "Дыялог..."?

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Сёння мы вырашылі шматпластова зірнуць на даследчы выставачны праект "Дыялог эпох. Інтэрпрэтацыі", што да 10 кастрычніка працуе ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва. Пра яго выказваюцца куратар акцыі і мастацтвазнаўца. Дык ці сталася такая "звязка" з класічнымі творамі еўрапейскіх мастакоў плённай?

/i/content/pi/cult/496/10593/7-1.jpg

/i/content/pi/cult/496/10593/7-3.jpg

Работы Віктара Копача (скульптура) і Сяргея Рымашэўскага (карціна "На ўскрайку свету") у прасторы экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/496/10593/7-4.jpg

Канстанцін Селіханаў. Літаграфія з серыі "Кароткая гісторыя мастацтва ХХ стагоддзя".

/i/content/pi/cult/496/10593/7-5.jpg

Аляксандр Некрашэвіч. "Танец Саламеі".

Таццяна МАРКІНА, калекцыянер, куратар праекта:

Хоць і даводзіцца чуць, што наша культурная прастора даволі насычаная, і таму няма патрэбы лішні раз нагадваць дасведчанай грамадзе пра хрэстаматыйныя факты ды вялікія постаці гісторыі мастацтва, лічу гэты праект актуальным.

Так, пэўная частка грамадства — мастакі, калекцыянеры, мастацтвазнаўцы, артысты, музыканты ды іхні асяродак знаёмы са спадчынай заходнееўрапейскага мастацтва. Але іншыя маюць часцяком вельмі цьмянае ўяўленне пра тое, што было створана ў мінулыя стагоддзі, паводле якіх канонаў, чым напоўнены “візуальны тэкст”, які праз час становіцца аб’ектам інтэрпрэтацыі. Самі мастакі — удзельнікі праекта — згадвалі на адкрыцці, што, атрымаўшы яшчэ за савецкім часам вышэйшую мастацкую адукацыю, яны не маглі пахваліцца глыбокімі ведамі па гісторыі мастацтва. На тое ёсць шмат прычын… І ўжо потым, вандруючы па свеце, кожны адкрываў для сябе “іншага”, невядомага ў нас Вермеера, Ван Эйка альбо Пікаса…

Кожны твор, прадстаўлены ў праекце, — гэта вынік самастойнага даследавання мастаком таго або іншага пласта багатай спадчыны еўрапейскага жывапісу. Адкрыццём, зробленым “для сябе”, мастак дзеліцца з беларускім гледачом. Невыпадкова серыя літаграфій Канстанціна Селіханава мае назву “Кароткая гісторыя мастацтва ХХ стагоддзя”. Яна з’явілася менавіта ў момант знаёмства беларускага скульптара з творчасцю Дзюшана і развагамі на тэму “Што ёсць мастацтва?”.

Удзельнікі праекта мелі на мэце паэксперыментаваць на розныя тэмы: а што здарыцца, калі перанесці вядомы біблейскі сюжэт у наш час? А як выглядаў бы той або іншы карцінны персанаж з іншых ракурсаў? А што, калі знакавую падзею біяграфіі славутага творцы адлюстраваць метафарычна? Як будзе выглядаць жывапісны партрэт, створаны ў ХVІ стагоддзі, калі яго “ажывіць” у тэхніцы фатаграфіі? Якім бачыцца сучасны глядач, калі засяроджваецца на шэдэўрах мінулых стагоддзяў?

Кожная работа экспазіцыі — гэта арт-правакацыя асветніцкага характару. Творы яе маюць на мэце прыцягненне ўвагі гледача да “гульні вобразаў” — па аналогіі з “гульнёй слоў”. Сучасная моладзь не надта цікавіцца класічнымі формамі культуры. Для яе акно ў свет — экран тэлевізара альбо манітор камп’ютара, дзе значную ролю адыгрывае гульнявы чыннік. Гэты прынцып і закладзены ў кожным творы экспазіцыі.

Афішы выстаўкі былі расклеены ў шматлікіх навучальных установах сталіцы. Нам вельмі хацелася, каб маладыя людзі хоць бы на якую гадзінку адарваліся ад сваіх “чароўных экранаў” і пашырылі культурны кругагляд. Работы выстаўкі ў пэўным сэнсе з’яўляюцца формай самавыяўлення мастакоў. У кожную аўтары імнуліся ўкласці філасофскі змест.

Можна спрачацца пра тое, ці ёсць патрэба прыцягваць увагу да шэдэўраў менавіта такім шляхам? Але, на маю думку, сёння людзям варта нагадаць пра саму наяўнасць згаданых шэдэўраў. Наш праект фактычна адукацыйны.

Мне было прыемна адзначыць, што на вернісажы маладыя людзі фатаграфаваліся на фоне “Чалавека ў чырвоным цюрбане”. Ці ж гэта не станоўчы сімптом?

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, мастацтвазнаўца:

Наведанне Гарадскай мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва нагадала эпізод з біяграфіі аднаго з карыфеяў французскага імпрэсіянізму. На пачатку творчай кар’еры яму хапала грошай толькі на тое, каб аплачваць майстэрню на паддашку. А гэтая акалічнасць была кепскай рэкламай. Дый зацягнуць на паддашак рэспектабельную і заможную кліентуру было досыць праблематычна — бадай, немагчыма. Вось і вывесіў мастак на ўваходзе ў дом шыльду-рэкламу, дзе, сярод іншага, згадвалася, што майстэрня знаходзіцца на другім паверсе. Прываблены кліент падымаўся на другі паверх і бачыў абвестку: маўляў, у сувязі з рамонтам майстэрня пераехала на трэці паверх. На трэцім — чарговая абвестка аналагічнага зместу. Потым — яшчэ. І паступова кліент апынаўся на мансардзе…

На сайце Галерэі Шчамялёва ў якасці арыенціра названа станцыя метро “Партызанская”. І толькі прыехаўшы на тую станцыю, чалавек, які настроіўся на наведанне галерэі, высвятляе, што адсюль да праспекта Ракасоўскага, дзе месціцца апошняя, даволі далёка… І каб пра гэтую акалічнасць раней ён ведаў, дык невядома, ці выправіўся б у шлях увогуле. Што ні кажы, але нязручна размешчана Галерэя. Вось і цікавыя культурныя праекты, якія рэалізуюцца ў яе сценах, маюць, як правіла, досыць стрыманы розгалас з прычыны нястачы аўдыторыі… Гарадскія ўлады, мы пішам пра гэта не ўпершыню....

Вось і на выстаўцы “Дыялог эпох. Інтэрпрэтацыя” людзей, акрамя дзяжурнага супрацоўніка галерэі, я не бачыў. Прытым што экспазіцыя — надзвычай густоўная, а прадстаўленыя ў ёй аўтары аматарам мастацтва добра вядомыя. Інакш кажучы, паглядзець ёсць на што. Ды не проста паглядзець, а задумацца пра ролю і месца класікі ў кантэксце сённяшняй культуры. Калі ж хтосьці з тых гледачоў, якія трапілі на выстаўку, пра гэта і насамрэч падумае, дык можна будзе лічыць, што мастакі ды куратары працавалі не дарма.

Звяртацца ў творчасці да цытавання, кампіляцый, інтэрпрэтацый прыдумалі не сёння. Класічным прыкладам візуальнай актуалізацыі рэнесансных матываў, надання ім сучаснага гучання была творчасць Эдуарда Манэ, прачытаць па-свойму Веласкеса спрабаваў Пікаса, а колькі існуе інтэрпрэтацый “Джаконды”, збольшага эпатажных, і не згадаеш. І, як у 1980 — 1990-х гадах, творцы, якія выйшлі на шырокую аўдыторыю з “андэграўнду”, праз цытаты ды кампіляцыі прыцягнулі ў наша сучаснае мастацтва актуальныя выяўленчыя трэнды ХХ стагоддзя, так і аўтары праекта спрабуюць актуалізаваць у сённяшніх умовах прызабытую класіку. Адно што паняцце “класіка” яны трактуюць не ў акадэмічна-рэалістычным аспекце, а разгорнута: праз відэашэраг знакавых работ — ад Альбрэхта Дзюрэра да Казіміра Малевіча.

Выстаўка асабіста ў мяне пакінула ўражанне ці то эстэтычнай гульні, ці то інтэлектуальнай правакацыі. У вочы кідаецца наўмысная, на мой погляд, адсутнасць, скажам так, пачцівасці да славутых імёнаў, памкненне ладзіць з імі віртуальнае сумоўе “на роўных”, што насамрэч, лічу, немагчыма, так бы мовіць, паводле вызначэння.

Гартаючы энцыклапедыі, выдадзеныя ў розных краінах, я звяртаў увагу на тое, што аўтары тэкстаў імкнуліся “ўціснуць” у шэраг сусветных славутасцей як мага больш “сваіх” твораў і творцаў. Дык вось, калі б у “Дыялогу эпох…” чынна прысутнічала Беларусь, гэта можна было б лічыць праектам сапраўды асветніцкім. Тут, праўда, ёсць Малевіч, але гэтага творцу мы мусім “дзяліць” з Расіяй. Мне могуць запярэчыць: няма, маўляў, беларускага Дзюрэра, Вермеера, Ван-Гога. І не трэба, каб былі. Шукай сваё, тое, што адпавядае сусветнаму эталону. А хто шукае, той знаходзіць…

Сама ідэя “дыялога”, дэклараваная гэтай выстаўкай, можа быць вельмі плённай. Але толькі ў тым выпадку, калі закране нерв соцыуму: мэтай выстаўкі будзе запрашэнне да дыялога па тэме, актуальнай для многіх. Урэшце, экспазіцыя зацікаўлівае, а мо беларускі “Дыялог эпох” — усё ж наперадзе! Гэта было б, прынамсі, не менш адметна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"