У джазе толькі пераможцы

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Музычны праект “Мінскі джаз-2008”. Пад гэтай сціплай назвай, што аб’яднала чатыры выбітныя джазавыя вечары ў Клубе імя Дзяржынскага, прайшоў сапраўдны фестываль міжнароднага кшталту, арганізаваны Мінскім гарвыканкамам і Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі.

 /i/content/pi/cult/149/1059/Jazz.jpg

Адзін з лаўрэатаў прэміі “Лепшы джазмен года”

саксафаніст Уладзімір Ксёнц (у цэнтры).
Акрамя нашых джазменаў на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам, які традыцыйна з’яўляецца мастацкім кіраўніком праекта, у канцэртах удзельнічалі зоркі амерыканскага, еўрапейскага і расійскага джаза, у тым ліку Біг-бэнд з Бона, маскоўскія саксафаністы Цімур Някрасаў, Жанна Ільмер, піцерскі піяніст Анатоль Кальварскі і многія іншыя расійскія музыканты. Паказальна, што аўстрыйскі трубач Томас Ганш, амерыканская блюзавая спявачка Іў Карнеліус і яе муж, піяніст Чып Кроўфард, ужо выступалі з нашым Біг-бэндам пад кіраўніцтвам М.Фінберга на леташнім “Славянскім базары ў Віцебску”, а рэдактар маскоўскага часопіса “Джаз. Ру” Кірыл Машкоў, які запрошаны вядучым канцэртных праграм, увогуле мае дастатковы “мінскі стаж працы” на гэтым фестывалі. І тое, што яны з радасцю працягнулі супрацоўніцтва з нашым калектывам, можна лічыць дадатковым знакам прызнання высокага майстэрства беларускіх музыкантаў.

Таму цалкам натуральна, што ўжо другі год запар у межах свята адбываецца цырымонія ўручэння прэміі “Лепшы джазмен года”. Заснавальнікам прэміі выступіў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі, таму і атрымліваюць яе найперш прадстаўнікі гэтага калектыву. Сёлета пераможцамі прызнаны канцэртмайстар групы саксафонаў Уладзімір Ксёнц, ударнік Вадзім Чайкоў, бас-гітарыст Аляксандр Каліноўскі. Не забываюцца фінбергаўцы і на ветэранаў сцэны, і на творчую моладзь. Прэміяй адзначаны шматгадовы ўнёсак піяніста Аркадзя Эскіна, якога, на жаль, ужо няма з намі. Другі год запар падтрыманы джазавыя памкненні юнага саксафаніста Рамана Гаварко — вучня ДМШ № 3 г. Мінска.


Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА