Бялградскія… джэдаі

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Нататкі музейшчыка пра скарбніцы Сербіі
Першае ўражанне ад Сербіі: краіна, якая засталася ў мінулым — магчыма, у 1990-х. Але, пазнаёміўшыся бліжэй з культурай, традыцыямі, гістарычнай спадчынай, адразу разумееш: гэта зямля з асаблівым вобразам, з трапяткім стаўленнем да сваёй гісторыі, дзівоснай прыродай, багатай культурай. “Сэрца” паўднёва-ўсходняй Еўропы, радзіма шаснаццаці рымскіх імператараў, краіна, што за апошняе стагоддзе змяніла восем назваў…

/i/content/pi/cult/494/10585/14-5.jpg

Крэпасць у Бялградзе.

Сталіцу Сербіі — Бялград — некаторыя называюць адной з самых “савецкіх” сталіц Еўропы. Безумоўна, свой адбітак пакінуў нялёгкі лёс колішняй Югаславіі. І ўсё ж Бялград цікавы, і ў сваёй незвычайнасці ён вельмі натуральны.

Безумоўна, знакавай славутасцю Бялграда з’яўляецца найстарэйшая турэцкая крэпасць Еўропы — Калемегдан, што ўзвышаецца ў цэнтры горада, акурат у месцы зліцця рэк Дунай і Сава, ды мае шматвяковую ды вельмі заблытаную гісторыю. Да ўсяго, Калемегданам называецца парк побач з фартэцыяй. Напэўна, не было ніводнай вайны на Балканах, дзе ні задзейнічалі бялградскую крэпасць. Асноўная яе частка пабудавана напрыканцы XVII — у XVIII ст., аднак ёсць значна больш старажытная (каля XV ст.) частка, а многія пабудовы, у тым ліку тыя, якія падаюцца даволі старадаўнімі, з’явіліся ў XX ст. Дзякуючы беламу каменю, што паслужыў матэрыялам для сцен і вежаў, крэпасць атрымала яшчэ і назву Бялград (літаральна — “Белы горад”). Зараз тут — парк ды музеі. На беглы агляд неабходна пара гадзін, а на больш дэталёвы (уключаючы Ваенны музей) — мінімум паўдня. У апошнія гады тэрыторыя крэпасці актыўна рэстаўруецца і становіцца ўсё больш камерцыйна-арыентаванай на масавага турыста. Аднак засталіся там і сапраўдныя адвечнасць ды натуральнасць.

Адным з найцікавых з’яўляецца Ваенны музей з вялікай калекцыяй тэхнікі. Экспазіцыя на адкрытым паветры разгарнулася паміж сцен крэпасці і даступная для вольнага агляду. Тут прадстаўлена ўзбраенне Францыі, Англіі, Германіі, СССР з канца ХІХ стагоддзя і да Другой сусветнай вайны ўключна. Ёсць таксама знакамітыя савецкія "кацюшы" і танк Т-34. Уласна будынак музея ў форме замка быў узведзены ў 1929 годзе і глядзіцца вельмі эфектна.

Па галоўнай вуліцы горада, названай у гонар князя Міхаіла, якая з’яўляецца пешаходнай і гандлёвай зонай, у Верхні горад крэпасці можна ўвайсці праз Стабульскія і Гадзіннікавыя вароты, а ў Ніжні — праз вароты Відзін і Змрочныя. У межах крэпасці таксама знаходзіцца галерэя Музея прыродазнаўства, будынак упраўлення аховы помнікаў культуры, узведзены ў ХІХ стагоддзі для патрэб сербскага войска, заапарк і старадаўнія святыні. На аглядавай пляцоўцы месціцца помнік Пераможцу работы скульптара Івана Мештровіча, што ўстаноўлены ў 1928-м у гонар 10-годдзя прарыву Салунікскага фронту. Непадалёк знаходзіцца і Рымскі калодзеж глыбінёй у 60 метраў. У яго можна спусціцца па вінтавой лесвіцы на глыбіню да 35 метраў.

Крэпасць уражвае і прыемна здзіўляе на кожным кроку: то цудоўны парк, то вайсковая тэхніка, то тэнісныя корты ці футбольнае поле паміж сценамі — так выкарыстоўваюць пустуючыя плошчы. Музеі — невялічкія, але вельмі насычаныя ў плане экспанатаў ды інтэрактыву.

Так, апынуўшыся ў Бялградзе, абавязкова трэба зазірнуць у Музей Ніколы Тэсла. У ім прадстаўлены розныя прыборы, схемы і асабістыя рэчы вынаходніка. Музей невялікі, але вельмі пазнаваўчы ды цікавы. Ён складаецца з дзвюх частак: пастаяннай навуковай экспазіцыі і часовай (зменнай), прысвечанай асабістаму жыццю вучонага. Тут таксама паказваюць 20-хвілінны фільм аб жыцці і працы Тэсла.

У навуковай экспазіцыі экскурсавод музея дэманструе некаторыя эксперыменты, якія ілюструюць дзейнасць і досведы навукоўца. На інтэрактыўнай экскурсіі можна апрабаваць катушку, названую імем фізіка, — адну з самых вядомых яго вынаходак. Можна атрымаць рознакаляровыя маланкі адным толькі дотыкам да гэтага цуду інжынернай думкі. Альбо — адчуць сябе… джэдаем, дакрануўшыся да люмінесцэнтнай лямпы, якая імгненна загарыцца без усякіх правадоў…

Крыху засмуціў Музей народнага мастацтва, бо ў галоўнай частцы яго ідзе рамонт, а астатнія залы не вельмі ўражваюць…

Што ж да перыферыйных музеяў, дык яны таксама цікавыя і збольшага прадастаўляюць наведвальнікам інтэрактыўныя экскурсіі. Амаль кожны музей мае свае (ці размешчаныя паблізу) “пазаштатныя” сувенірную краму і кафэ, рэстаран, дзе можна адпачыць ды пакаштаваць выключна нацыянальную кухню.

Бялград у параўнанні з раскручанымі Прагай, Будапештам або Дуброўнікам мае непаўторнае аблічча. Сербія ж вартая таго, каб яе пазнавалі і ўспрымалі як адзінае цэлае. А галоўнае — там кожны адкрые для сябе шмат таямніц…