Адзін — на адзін “квадрат”

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Прага да Прагі: шпацыр па амаль горадзе-музеі
“Адзін музей на адзін квадратны метр!” Менавіта такі слоган, яўна разлічаны на заезджых і пераборлівых турыстаў з розных краін свету, я сустрэў у адным з рэкламных буклетаў, што бясплатна распаўсюджваюцца ў інфацэнтры Старой Прагі… Сапраўды, чаму б тут і не быць гэткім культурным установам у такой колькасці? Музеі ж тут сустракаюцца літаральна на кожным кроку.

/i/content/pi/cult/494/10584/14-1.jpg

Адзін з будынкаў Нацыянальнага музея Прагі.
/i/content/pi/cult/494/10584/14-3.jpg

Мемарыяльная шыльда Францыску Скарыну ў Празе.

Аўтограф ад Чапэка

Прага да Прагі жыла ўва мне, мабыць, яшчэ са школьнай лавы… Цалкам магчыма, што менавіта з таго часу, калі я ўпершыню даведаўся пра выданне кніг Бібліі ў далёкай, як тады здавалася, Чэхіі нашым першадрукаром Францыскам Скарынам. Прага здавалася для мяне, падлетка, нейкай “цудадзейнай краінай”, у якой абавязкова трэба пабываць кожнаму. Чаму? Дык там жа, пэўна, яшчэ прыхаваўся ў кагосьці на гарышчы друкарскі станок, на якім наш знакаміты зямляк “са слаўнага града Полацка”, рабіў адбіткі старонак Кнігі кніг. Там, на кніжных развалах і ў антыкварных крамах, можна яшчэ адшукаць “Біблію руску”, як у свой час адшукаў яе ў Маскве другой паловы XIX стагоддзя Алесь Загорскі — герой аповесці Уладзіміра Караткевіча “Зброя”… Там — і ў гэта я таксама верыў дакладна — можна ўзяць аўтограф ды паспрачацца пра будучыню з пісьменнікам-фантастам Карэлам Чапэкам…

На жаль, завітаўшы ў Прагу ўжо ў рэальнасці, я так і не здолеў адшукаць ні Бібліі 1517 года выдання, ні ўзяць аўтограф ў Чапэка… Праўда, адшукаць тую-сюю даўнюю кніжку ў антыкварных крамах усё ж такі давялося, як і сустрэцца з цікавымі людзьмі, якія пераехалі ў сталіцу Чэхіі з Беларусі… А вось чаго не давялося — дык цалкам спатоліць сваю прагу да вандравання па пражскіх вуліцах, музеях ды галерэях… Дый наўрад ці для гэтага дастаткова дзесяці дзён падарожжа.

Да таго ж, любы старадаўні будынак у Празе — гэта помнік гісторыі, які можа пахваліцца тым, што ў ім бывалі ці жылі многія знакамітыя творчыя асобы. Да прыкладу, Вольфганг Амадэй Моцарт, чэшскія кампазітары Бедржых Сметана і Антанін Дворжак ды многія іншыя... Вось у гэтай кавярні, што носіць французскую назву “Montmartre”, у міжваенныя часы месцілася багемнае кабарэ, заўсёднікамі якога былі Франц Кафка і Яраслаў Гашак, а тут, у рэстарацыі “Славія”, напрыканцы 1980-х любіў адпачываць ды абмяркоўваць з сябрамі розныя літаратурныя, а пасля і палітычныя пытанні пісьменнік Вацлаў Гавал — будучы прэзідэнт Чэхіі…

Беларусы ў Празе

Шпацыруючы па старадаўняй Празе, я пастаянна ўяўляў сабе, як менавіта па гэтых вулках блукалі Францыск Скарына, а пазней, праз стагоддзі, — Уладзімір Жылка, Ларыса Геніюш ды Уладзімір Караткевіч… Здавалася, яшчэ хвіліна — і насустрач, вось з таго пакручастага брукаванага завулка, выйдзе беларускі першадрукар ці слынная паэтэса. Дарэчы, таго ж Скарыну можна “сустрэць” у Празе і сёння: помнік нашаму знакамітаму земляку знаходзіцца непадалёк ад Каралеўскага палаца і каралеўскіх жа садоў. І стаіць ён там зусім нездарма: як вядома, славуты палачанін быў не толькі першадрукаром Бібліі, але і садоўнікам… А яшчэ ў адным з раёнаў Прагі — Клеменцінуме — сёння вісіць мемарыяльная дошка ў гонар першай старабеларускай друкаванай кнігі, якая пабачыла свет у Празе ў 1517 годзе.

Ёсць у чэшскай сталіцы і Альшанскія могілкі, дзе знайшлі спачын многія беларусы. Бо не сакрэт, што ў 1920-я гады менавіта сюды, у Прагу, перабраўся і тут дзейнічаў Урад Беларускай Народнай Рэспублікі. Магілы яе кіраўнікоў Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі, як і месца апошняга спачыну вядомага песняра Міхася Забэйды-Суміцкага, сёння можна адшукаць менавіта на тых кладах…

Нядаўна ў адным з раёнаў чэшскай сталіцы, на вуліцы Новавысачанскай, адкрылася і беларускамоўнае кафэ, дзе можна замовіць дранікі ды іншыя стравы нашай нацыянальнай кухні. А калі загаварыць з афіцыянтамі на матчынай мове, дык атрымаеш зніжку ў дзесяць працэнтаў на ўсе замоўленыя стравы…

Музейныя музы

Але вярнуся да музеяў. Бо Прага — адна са знакамітых музейных сталіц Еўропы. І называюць яе гэтым пачэсным тытулам зусім нездарма, бо тут налічваецца больш за 70 розных музеяў ды 160 мастацкіх галерэй, якія разлічаны, як кажуць, на любы густ. Пра ўсе з іх расказаць не ўдасца, ды гэта, мабыць, і не трэба. Спынюся толькі на некалькіх.

Напрыклад, калі нехта зачараваны даўніной і сярэднявечнымі матывамі, дык раю яму абавязкова пабываць у Мастацкай галерэі Пражскага града. Тут размешчана калекцыя імператара Рудольфа II, аднаго з найбуйнейшых збіральнікаў твораў мастацтва свайго часу, што меў палотны такіх майстроў, як Рубенс і Тыцыян. Дарэчы, кожны панядзелак уваход у гэтую галерэю — вольны. Праўда, вельмі нядоўга: з 16 да 18 гадзін… Так што лепш за ўсё набыць білет у звычайны дзень (за 150 крон (гэта прыкладна 75 тысяч рублёў)…

Мяне вельмі ўразіла тое, што ў Празе нямала мясцін, звязаных з памяццю аб агульным савецка-чэшскім сацыялістычным мінулым. І, як вядома, не заўсёды яно, тое сужыццё, было шчаслівым. Таму, шпацыруючы па Празе, можна шмат дзе ўбачыць помнікі ахвярам сталінізму і камунізму ды культурныя ўстановы адпаведнай тэматыкі: Музей Халоднай вайны, Музей камунізму і Музей КДБ. Апошні быў адкрыты не так даўно, у 2011 годзе. У ім адноўлена абстаноўка будынка Камітэта дзяржаўнай бяспекі СССР: кабінеты супрацоўнікаў, тэлефонныя апараты, канцылярскія прылады, знакі адрознення агентаў савецкай спецслужбы. Акрамя таго, прадстаўлены асабістыя рэчы першых асоб Савецкага ўрада. Да прыкладу, радыёпрыёмнік з асабістага кабінета Берыі…

Працяг шпацыру па музеях Прагі чытайце ў бліжэйшых нумарах “К”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"