Любімыя: любі, мы, я

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Гісторыкі музыкі напішуць калісьці прыблізна наступнае: у пачатку ХХІ стагоддзя працягвае развівацца прэзентатыўная дзейнасць нашых творцаў. Прычым яе ўсплёскі назіраюцца не толькі, як раней, у восеньска-вясновы перыяд (у сувязі з пачаткам-заканчэннем сезона, фестывалямі кшталту “Беларускай музычнай восені” ды “Мінскай вясны”, але і зімой. Спачатку на Каляды, а потым — насустрач Дню святога Валянціна. Дый самі музычна-паэтычныя “валянцінкі” гучаць гімнам не адно каханню, а яшчэ і нашаму далучэнню да еўрапейскіх традыцый.

 /i/content/pi/cult/149/1058/Lubimyja.jpg
Сапраўды, сёлетні Валянцінаў дзень суправаджаўся небывалай колькасцю канцэртаў, прэзентацый магнітаальбомаў і зборнікаў, прысвечаных вечнай тэме кахання. Творчы вечар “Люблю” Марыны Васілеўскай называўся паводле аднайменнай песні Валерыя Іванова, што прынесла ёй перамогу на Нацыянальным тэлеконкурсе “Фэст” і прэмію імя У.Мулявіна на “Славянскім базары ў Віцебску”. Спявачка паўстала ў дзвюх іпастасях — як салістка Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча (з яе прыходам у калектыў аркестр узмацніў свой эстрадны кірунак) і як джазавая спявачка, саліруючы з групай “Яблычная гарбата” і вакальным ансамблем “Камерата”. Уразілі і прэм’еры (асабліва тыя песні, што напісаны Ізмаілам Капланавым), і бясконцая чарада сцэнічных строяў, і выхады баяніста аркестра Паўла Неўмяржыцкага (сярод публікі ажно ўздых пранёсся: “Беларускі Пётр Дранга!”, толькі заўважу: той пад фанаграму выбрыквае, а наш — жыўцом), і абсалютна ўсе джазавыя кампазіцыі, за што Марына павінна быць удзячна школе Аркадзя Эскіна. А выхад спявачкі ў фрагменце з рок-оперы М.Рыбнікава “Юнна і Авось” канчаткова пераканаў: гэта салістка годная таго, каб для яе быў створаны і пастаўлены мюзікл.

Прэзентацыя паэтычнага зборніка “Храм любові” 20-гадовай Настассі Лебедзевай сабрала на сцэне філарманічнай залы імя Р.Шырмы сапраўдны бамонд: Уладзімір Гасцюхін, “Чысты голас”, Ядвіга Паплаўская з Аляксандрам Ціхановічам, Аляксандр Вавілаў за рэжысёра… Мастаком зборніка выступіў Нікас Сафронаў, для ўдзелу ў канцэрце прыехалі пісьменнік і тэлевядучы Павел Макараў з Таліна,народны артыст Расіі Юрый Розум, які надзвычай палётна іграў Шапэна. І ўсё гэта не “вясельныя генералы”, а людзі, якія спрычыніліся да выхаду кнігі, ідэя стварэння якой і штуршок да далейшага супрацоўніцтва нарадзіліся падчас сустрэч у закуліссі “Славянскага базару ў Віцебску”.

Кніга “Іду адна па жыцці разам з табой” Наталлі Ламюс выдавалася ў Маскве, прычым дзякуючы падтрымцы заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі, акадэміка, аўтара дзесятка манаграфій, знакамітага рэстаўратара Савы Ямшчыкова. Дый сама кніга, нягледзячы на шыкоўнае выданне, камерная па змесце. Ураджэнка Мінска, выпускніца Рэспубліканскага музычнага каледжа імя І.Ахрэмчыка па класе скрыпкі і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М.Танка, Наталля разам з сям’ёй жыве ў Італіі, на радзіме мужа. Яна шмат гастралюе, удзельнічае ў навуковых канферэнцыях, але ў гэтым зборніку эсэ знаходзіць не толькі цікавыя мастацкія паралелі (да прыкладу, амаль фелініеўскія параўнанні чалавека ў грамадстве з салістам аркестра, думкі пра падабенства чалавечай калоны да… месяцавага зацьмення), але і тыя “простыя словы”, што будуць зразумелыя кожнай хатняй гаспадыні, якая задумваецца пра сэнс кахання, жыцця і свайго прызначэння ў гэтым свеце.

Аўтарскі праект Іскуі Абалян “Любоў кіруе светам”, паводле добрай традыцыі, прайшоў 13 лютага ў паўнюткай зале Палаца Рэспублікі, а 14-га — на СТБ. Вядомая спявачка разам з мужам-прадзюсерам, запрасіўшы да ўдзелу дзеячаў выключна айчыннай культуры і прапанаваўшы ім выступіць пераважна дуэтамі, у чарговы раз здзівіла нечаканымі творчымі рашэннямі, сінтэзам мастацтваў дый проста сюрпрызамі.

Аматары старадаўніх рамансаў і оперных спеваў да Дня закаханых атрымалі кампакт “Сярод шумнага балю…” Уладзіміра Пятрова і адпаведны творчы вечар спевака з удзелам Таццяны Траццяк. Гэтым дыскам кампанія “West Records” пачала серыю “Лепшыя галасы краіны”, а Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы Рэспублікі Беларусь — набыў новых прыхільнікаў. Праўда, іх і раней не бракавала. Перайшоўшы некалькі гадоў таму з Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра ў нашу оперу, У.Пятроў не толькі прынёс з сабой адметнае акцёрскае майстэрства, але і “перацягнуў” сваіх прыхільнікаў. Цікава, што паміж імі пачалі ўжо ўзнікаць шлюбы (як вынік знаёмства на спектаклях пра каханне), а ў адной сям’і нават дачок назвалі Таццянай і Вольгай — у гонар “Яўгена Анегіна”.

Надзея БУНЦЭВІЧ