Хто за грошы, хто — за "дзякуй"?

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

У Магілёве абмяркоўвалі прысутнасць мастака ў соцыуме горада
Мой журналісцкі досвед дае мне пэўныя падставы сцвярджаць, што культурныя імпрэзы, якія ладзяцца ў рэгіёнах, часта адрозніваюцца ад сталічных хіба што маштабам, але не якасцю. Да прыкладу, магу нагадаць мастацкую выстаўку ў Магілёве, якая была прымеркавана да Дня горада і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна глядзелася б у мінскім Палацы мастацтва, і за мяжу яе везці было б не сорамна. Пра тую выстаўку мне ўжо даводзілася пісаць, але на мінулым тыдні я зноў быў у сталіцы Прыдняпроўя і наведаў Гарадскую выставачную залу. Выстаўка яшчэ працавала, але ў ёй адбыліся змены.

/i/content/pi/cult/494/10577/8-9-1.jpg

/i/content/pi/cult/494/10577/8-9-3.jpg /i/content/pi/cult/494/10577/8-9-4.jpg

Рыгор Шараеў. Бра (вітраж). Уладзімір Конанаў. Без назвы.

Змены

Творы, што ў дадзеным кантэксце ўвасаблялі культурную гісторыю краю — Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Паўла Масленнікава, Марка Шагала, — адсутнічалі, а іх месцы на сценах занялі карціны мастакоў, якія жывуць і працуюць на Магілёўшчыне сёння.

Не так выразна была выяўлена ваенная тэматыка, якая ў першай версіі экспазіцыі займала ганаровае месца. Я пацікавіўся ў гаспадароў аб прычыне метамарфоз, і мне патлумачылі, што зыходна экспазіцыя стваралася так, каб канцэптуальна пасаваць святу горада і галоўнаму святу дзяржавы. Цяпер жа “гістарычная частка” выстаўкі вярнулася на “месца пастаяннай прапіскі” — у музейныя зборы, а новая версія экспазіцыі трактуецца як справаздача Магілёўскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў да 40-годдзя ўтварэння ў вобласці філіяла творчага саюза і як дэманстрацыя творчага патэнцыялу мастакоў Магілёўшчыны. Маючае ж адбыцца абмеркаванне выстаўкі ў фармаце “круглага стала” з удзелам мастакоў, прадстаўнікоў органаў улады, журналістаў, музейшчыкаў і ўвогуле людзей, неабыякавых да стану культуры ў горадзе ды рэгіёне, дазволіць у пэўным сэнсе вызначыцца адносна культурных перспектыў ды іх матэрыяльнай асновы.

Рэтраспекцыя

Яшчэ да пачатку “круглага стала” мне давялося пагутарыць з Галінай Конанавай, якая ўзначальвала Магілёўскую арганізацыю Беларускага саюза мастакоў у 1992 — 1994 ды ў 2003 — 2007 гадах і без чыннага ўдзелу якой і сёння ў горадзе не адбываецца ніводная мастацкая акцыя. Як зазначыла яна, хоць юрыдычна філіял творчага саюза быў створаны ў рэгіёне ў 1974 годзе, фактычна арганізацыя існуе з 1946-га. Як і паўсюль у Беларусі, напачатку яна складалася з тых, хто прайшоў праз вайну і для каго вайна стала стрыжнявой тэмай творчасці. Іх мастацтва вызначалася высокай ступенню шчырасці і акрэсленасцю грамадзянскай пазіцыі. У пазнейшыя гады ў мастацтве рэгіёна так ці інакш адлюстроўваліся тэндэнцыі, увогуле ўласцівыя культурнаму працэсу ў Беларусі. У Магілёве распачыналі творчы шлях мастакі, якія потым зрабілі сталічную кар’еру. Але бывала і наадварот, калі творцы з мінскімі каранямі знайшлі сябе, свой почырк і тэму ў Магілёве. Рэгіён славуты сваімі мастацкімі пленэрамі, вядомымі ў бліжнім і далёкім замежжы. І ў тым, што Магілёў абіраўся Культурнай сталіцай Беларусі ды Садружнасці, ёсць немалая заслуга і мясцовых мастакоў. Карацей кажучы, было нямала таго, што варта згадваць з гордасцю. Аднак і праблем не абмінеш…

Спадарыня Конанава ўзгадвае, што ўжо ў сярэдзіне 80-х, калі яна прыехала працаваць у Магілёў, склалася сітуацыя, калі прафесійныя мастакі, якія звыкліся з тым, што дзяржава іх неяк падтрымлівае, забяспечвае працай, гарантуе сякі-такі заробак, адчулі сябе незапатрабаванымі. Горад, так бы мовіць, — сам па сабе, а мастакі — асобна. А калі яшчэ абласная арганізацыя страціла вытворчую базу — мастацкі камбінат, творцы пачалі разбягацца хто куды. Яшчэ добра, калі ў кагосьці атрымлівалася ўладкавацца блізка да мастацтва, пры справе, сумежнай са сваёй спецыялізацыяй. А камусьці давялося ўвогуле сысці ў сферы, вельмі далёкія і ад мастацтва, і ад культуры наогул. А што зробіш? Трэба жыць, сям’ю карміць… Так што мастацкая актыўнасць у горадзе і рэгіёне знізілася, але не спынілася. Трэба адзначыць, што Магілёўская арганізацыя — найменшая ў Беларусі. Калісьці яе членаў было 28. Цяпер іх колькасць вагаецца ў межах 22 — 25.

Матэрыяльная база арганізацыі, паводле слоў спадарыні Конанавай, трымалася на трох чынніках: камбінат, салон, выставачная зала. На сённяшні момант Магілёўскі філіял Беларускага саюза мастакоў з’яўляецца банкротам, не мае свайго рахунку, і вымушаны ладзіць тыя ж мастацкія выстаўкі не на сваёй, а на чужых пляцоўках. Гэта, зразумела, не трагедыя, але не надта зручна. Скажам, дамаўляюцца мастакі з Музеем імя Масленікава аб правядзенні ў ягоных залах выстаўкі. Установа можа пайсці насустрач, а можа і не, калі ў Музея свае планы, свая праграма, а Саюз да іх дачынення не мае.

Тэндэнцыі

Калі ў Выставачнай зале распачаўся рамонт, творцы не верылі, што пасля яго заканчэння памяшканне аддадуць пад мастацкія выстаўкі: самы цэнтр горада — надта ж зручная кропка для разгортвання камерцыйных праектаў. “Цяпер кажуць інакш: “Мы марым, каб гэтая зала стала для нас тым, чым была адпачатку: цэнтрам мастацкага жыцця Магілёва”. І, мяркуючы па першым здзейсненым у рэканструяваным памяшканні праекце, гэта магчыма”, — кажа на заканчэнне размовы Галіна Конанава.

“Круглы стол” прайшоў у выставачнай зале на фоне твораў экспазіцыі. Скажу шчыра, цэласнай, канцэптуальна акрэсленай гутаркі не атрымалася. Гэта звычайная справа. Са свайго досведу ведаю: як ні акрэслівай тэму сумоўя, усё адно кожны будзе гаварыць пра тое, што хвалюе асабіста яго. Скажам, мастакоў старэйшага пакалення непакоіць заняпад у нашым мастацтве сацыяльна значных тем. У прыватнасці, тэмы народнага Подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне, якая ў Савецкай Беларусі мела статус нацыянальнай. Падобна на тое, кажуць творцы, што і прафесійнае майстэрства ўжо не ў пашане… Скульптура ператвараецца ў абстрактную “пластыку”, а жывапіс — у “дызайн на палатне”.

Змена эстэтычных ды ідэалагічных арыенціраў у любым грамадстве часам кардынальна змяняе стаўленне да творцаў, якія сумленна шчыравалі на ніве сацрэалізму. Разам з тым, удзельнікамі “круглага стала” выказвалася думка, што імкненне захаваць пераемнасць станоўчых традыцый у нашай культуры, у грамадстве — справа ўхвальная, але нельга не адзначыць пэўную неакрэсленасць са статусам маштабных праектаў грамадскага гучання.

Магілёўскія творцы гаварылі пра тое, што іхняя прысутнасць на мастацкіх пленэрах, якія ладзяцца на Магілёўскай зямлі, магла б быць больш прадстаўнічай, больш важкай, чым дзве-тры асобы. Таксама як і тое, што здараюцца сітуацыі, калі магіляўчане, у адрозненне ад мінчан ды экспертаў з іншых краін, працуюць у складзе журы на фэстах кшталту “Анімаёўкі” не за грошы, а “за дзякуй”.

Перспектывы

Мастакі ды іншыя неабыякавыя да мастацтва людзі казалі пра недастаткова эфектыўную прапаганду мастацтва ўвогуле і рэкламу канкрэтных творчых акцый у прыватнасці. Вось і гэтая выстаўка магла б сабраць, як мяркуецца, больш гледачоў, каб яе больш актыўна рэкламавалі ў друку, на тэлебачанні, урэшце, на вуліцах горада. Дырэктар Музея гісторыі горада Магілёва Аляксей Бацюкоў (адрамантаваная выставачная зала ўваходзіць у структуру згаданага музея) у сувязі з гэтым заўважыў, што існуе закон, які вызначае, колькі грошай, які працэнт ад прыбытку дзяржаўная ўстанова можа выдаткаваць на рэкламныя мэты. Між тым, прыбытак ад мастацкіх выставак — невялікі… Зрэшты, праблема вырашальная: трэба альбо дамагацца змяненняў у закон, альбо шукаць іншыя сродкі фінансавання культурных акцый. І тое, і другое — магчымае.

Прадстаўнік Магілёўскага гарадскога ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі запэўніла прысутных, што ўлады гатовы ісці на кантакт з творчым саюзам, а старшыня Магілёўскай арганізацыі БСМ Андрэй Вераб'ёў у гэтай сувязі паведаміў, што абласная ўлада мае намер дапамагчы мясцовым мастакам ладзіць перасоўныя выстаўкі ў раёнах вобласці.

Паўстала і пытанне функцыянальнага выкарыстання памяшкання выставачнай залы. Сышліся на тым, што праводзіць у ім выключна мастацкія выстаўкі ды ладзіць выключна культурныя акцыі было б вельмі добра, але эканамічна немэтазгодна. Нават мінскі Палац мастацтва такой раскошы сабе дазволіць не можа. Значыць, будуць тут і кірмашы, і мэтавыя экспазіцыі немастацкага зместу, і семінары з канферэнцыямі. 
А яшчэ ў час “круглага стала” прагучала думка, што Магілёў, горад з моцным эканамічным і культурным патэнцыялам, перспектыўны турыстычны цэнтр, мае патрэбу ў вялікім шматфункцыянальным комплексе культурнага прызначэння, які быў бы і музеем, і выставачнай прасторай, і сцэнічнай пляцоўкай. І працаваць над гэтай ідэяй трэба ўжо сёння.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"