“Імяніны” і кірмаш: суадносіны сіл

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Субота і нядзеля мінулага тыдня сталіся для Заслаўя і яго гасцей суцэльным святам. У гістарычнай частцы горада віраваў кірмаш, дзе можна было набыць творы народнага мастацтва і рэчы, патрэбныя ў побыце. Бадай праз кожныя дзесяць метраў — імправізаваныя кавярні ды атракцыёны. Музыка, спевы, танцы ў выкананні прафесійнікаў і аматараў, сябры рыцарскіх клубаў у латах і іхнія паненкі ў шыкоўных аксамітавых строях… Абвешчанае сталіцай чарговага Дня пісьменства Заслаўе гуляла напоўніцу!

Горад, як мае быць, да свята прыхарошылі — не толькі цэнтр, але і прылеглыя раёны. Кульмінацыяй свята стала адкрыццё помніка князю Ізяславу, які, паводле летапісцаў, за справамі дзяржаўнымі не забываўся на асвету ды кніжную навуку. Такім і стаіць цяпер бронзавы Ізяслаў на пастаменце: з мячом, знакам княжацкай улады, у адной руцэ і з кнігай — у другой. Ягоная постаць — як ілюстрацыя да тэзы “Беларусы — нацыя Кнігі”. Добрая традыцыя ўстаноўкі ў сталіцах нацыянальнага Дня пісьменства помнікаў выдатным гістарычным асобам, сейбітам на ніве вечнага, займела працяг у Заслаўі.

Згадваючы святочны настрой, што панаваў у горадзе тымі днямі, і пазітыўныя эмоцыі, якімі ўзбагаціліся гаспадары ды госці свята, мушу, аднак, адзначыць, што літаратурны чыннік апошняга не заўжды ўспрымаўся як галоўны, прытым што зроблена ўсё было нібыта правільна. Ахвотныя маглі азнаёміцца з лепшымі кнігамі беларускіх выдавецтваў у спецыяльным павільёне. Кніжны гандаль у святочныя дні быў непараўнальна шырэйшы, чым у звычайныя. На розных пляцоўках Кнігу перад гледачамі/слухачамі ўслаўлялі артысты ды пісьменнікі. Але… Некаторыя сцэны, дзе выступалі народныя калектывы і літаратары, так і не зведалі наплыву гледачоў. Часам падавалася, што не кірмаш быў пры свяце кнігі, а “кніжныя імяніны” — пры кірмашы. Дарэчы, падобнае мне запомнілася і па іншых Днях пісьменства, якія давялося наведаць…

Гэтая сітуацыя нагадала эпізод з майго школьнага дзяцінства. Павялі неяк нас, вучняў малодшых класаў, “культпаходам” у бліжэйшы Дом культуры: глядзець нейкае кіно. А да пачатку сеанса перад намі выступаў рэдактар ці то “Бярозкі”, ці то “Вясёлкі” з прэзентацыяй, як сказалі б сёння, свежага нумара часопіса. Яго, натуральна, ніхто не слухаў. Нават не глядзелі ў ягоны бок. Мне, памятаю, было шкада гэтага чалавека, які, безумоўна, пакутаваў ад усведамлення, што ён тут лішні. Прыблізна так, мяркую, мусілі пачуваць сябе пад час Дня пісьменства беларускія літаратары, якія прамаўлялі перад публікай, што сабралася тут зусім не для таго, каб іх слухаць. Я гэта да таго, што для ўспрымання Слова патрэбна стварыць спрыяльныя ўмовы… Бо напачатку было ўсё-такі Слова.

Самым цікавым на сёлетнім Дне пісьменства мне падалася магчымасць адчуць сябе друкаром часоў Скарыны. Ля ўзноўленага паводле старажытных ўзораў варштата стаяла вялікая чарга ахвотных зрабіць сваімі рукамі друкарскі адбітак. Тут жа побач можна было пабачыць, як паводле старажытнай тэхналогіі робіцца папера. Пасля такога атракцыёну сёй-той і да кнігі будзе ставіцца з большай павагай!..

Відаць, можна было скласці праграму святкавання такім чынам, каб госці маглі паглядзець усё цікавае, не рызыкуючы спазніцца на апошнюю электрычку. А гэта было няпроста, калі ўзяць да ўвагі, што тое ж афіцыйнае адкрыццё помніка князю Ізяславу адбылося а 20-й, а цырымонія адкрыцця свята пачалася ў 20.30 і доўжылася да 22-й гадзіны. Зразумела, імпрэза пад начным небам пры спецыяльным асвятленні можа быць вельмі эфектнай. Але мала хто яе дачакаўся, калі прыехаў у Заслаўе зранку…

Мае заўвагі “на палях” нататніка свята ніякім чынам не ставяць пад сумнеў значнасць апошняга. Яно мусіць крочыць па краіне, сцвярджаючы, што ў Беларусі няма культурнай правінцыі. Але давайце ўсё ж не забываць, што на двары — ХХІ стагоддзе, з тэлебачаннем, Інтэрнэтам ды іншымі глабальнымі рэчамі. Як у гэтых умовах прывабіць чалавека словам Купалы і Караткевіча? Мабыць, на гэтай задачы і трэба будаваць рэжысуру Дня пісьменства, якое налета прыме Шчучын.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"