У жыцці заўсёды ёсць месца... “вольтавай дузе”

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Мы шмат чуем пра тое, што айчынная дакументалістыка ўсё больш актыўна трапляе ў кола інтарэсаў сучаснага чалавека. Але адна справа — пачуць, і зусім іншая — убачыць. Асабіста я пераканалася ў слушнасці такіх сцвярджэнняў, завітаўшы на чарговае “пасяджэнне” Клуба дакументальнага кіно, якія ладзяцца ў апошні чацвер месяца ў мінскім відэакомплексе “Цэнтр-відэа”, што ў падземным гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Нават без шырокай рэкламы ва ўтульнай кіназале не было вольных месцаў, і для многіх наведвальнікаў прыносіліся дадатковыя крэслы — столькі было ахвотнікаў паглядзець новае айчыннае дакументальнае кіно...

У чым сакрэт такой ягонай папулярнасці сёння? Пэўна, у тым, што ў поле ўвагі дакументалістаў трапляюць тыя факты і рэаліі, якія “падкідвае” само жыццё, таму, бадай, кожны сюжэт набывае для гледача пазнавальнасць і блізкасць, праламляючы і адлюстроўваючы мары, надзеі, імкненні сучасніка. Думаецца, якраз гэта і аб’яднала тры стужкі студыі “Летапіс”, што склалі студзеньскую праграму Клуба дакументальнага кіно: “Мелодыі бярозаўскай гуты” Юрыя Гарулёва, “Беларускі космас” і “Матэрыя вобраза” Мікалая Князева.Пасыл у будучыню — менавіта так можна было б вызначыць “звышзадачу” “Мелодыі бярозаўскай гуты”, што распавядае пра гісторыю аднаго з нашых нацыянальных брэндаў — шклозавода “Нёман”. Перад намі праходзяць і архіўныя кадры 60-х гадоў — часу творчага росквіту прадпрыемства, і больш позніх — 90-х, калі крызіс паставіў пытанне рубам: выжыве айчынная гута ці сыйдзе ў нябыт; і замалёўкі дня сённяшняга, у якім розныя пакаленні адданых справе стварэння беларускага шкла шукаюць той аптымальны “баланс” паміж масавай, камерцыйнай вытворчасцю і верай у творчую, аўтарскую прыроду майстэрства шкловыдзімальшчыкаў. Шукаюць новы “твар” айчыннага мастацкага шкла.

Ну, а рэжысёр Мікалай Князеў сягнуў у сваіх двух фільмах не проста ў будучыню, а — у космас. Тым больш, што той самы славуты “савецкі космас” наўрад ці змог бы абысціся без нашых суайчыннікаў — беларусаў! Так-так, не трэба пасміхацца: яшчэ ў XVII стагоддзі выхадзец з “быхаўска-дубровенскіх” земляў Казімір Семяновіч у сваім трактаце “Вялікае мастацтва артылерыі” заклаў ідэі, якія сёння выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве шматступенчатых касмічных ракет. Я ўжо не кажу пра Случчыну, што дала больш за дваццаць чалавек, так ці іначай звязаных з космасам: вучоны Вітольд Цэраскі, канструктар Сямён Косберг, чый рухавік вывеў на касмічную арбіту карабель з Юрыем Гагарыным, начальнікі “Байканура” Юрый Жукаў і Канстанцін Герчык. Ну, а імёны беларускіх касманаўтаў Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка ведае ўся краіна. І гэта не мінулае наша, а — гісторыя, якая сталася падмуркам для сучасных касмічных мар і здзяйсненняў, што ўвасобіліся ў створаным беларускімі навукоўцамі касмічным апараце “БелКА”. Няўдалы пуск яго не спыніў нашу прагу да асваення касмічнай прасторы.

Але ж нават самыя бліскучыя ідэі і праекты не здольны “ажываць” і матэрыялізавацца, калі не браць да ўліку так званы “чалавечы фактар”. Думаецца, менавіта ён і падштурхнуў Мікалая Князева на стварэнне другой “касмічнай” стужкі, дзе галоўным героем стаў Сяргей Жданок — акадэмік, дырэктар Інстытута цепла- і масаабмену імя А.Лыкава, пад чыім кіраўніцтвам і стваралася “БелКА”. Шматгранная асоба, ён ўласным жыццёвым прыкладам прадэманстраваў нашаму “занадта сур’ёзнаму” маладому пакаленню, што чалавек не можа быць выбітным і дасягнуць вышынь у адной толькі галіне, што творчы пачатак дае плён толькі тады, калі сам чалавек разумее ўсю шматграннасць і шматаблічнасць жыцця. Толькі той, хто ўмее марыць, хто шчыра аддаецца свету прыгожых і надзвычайных вобразаў, здольны задумацца над тым, як знайсці шляхі для іх матэрыялізацыі. А значыць, чалавеку падуладны не толькі Космас — само Жыццё.

Усе тры навінкі “Летапісу” прадэманстравалі перспектыўную скіраванасць мыслення сучаснага чалавека, яшчэ раз пацвердзілі, што чалавек мусіць жыць не толькі сваёй гістарычнай памяццю і павагай да продкаў, але і марамі пра будучыню — толькі такая “вольтава дуга” дае права гаварыць пра жыццяздольную, моцную нацыю.

 Таццяна КОМАНАВА