Пантэон без радка ў Вікіпедыі

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Сяргей ХАРЭЎСКІ, мастацтвазнаўца
Мяркую, наша нацыя ў сучасным разуменні завяршыла сваё фарміраванне пасля Чарнобыля. Тады на беларусаў выпаў адзін, супольны лёс. Але мы не паспелі яшчэ гэтага асэнсаваць. З таго часу змянілася амаль усё, што магло змяніцца, у тым ліку і ў культуры.

/i/content/pi/cult/494/10564/4-1.jpgНязменнымі ж застаюцца стэрэатыпы. Не змяніўся і наш нацыянальны канон, укладзены больш за сто гадоў таму, яшчэ ў першай “Нашай Ніве”: родная вёска і матчына мова, дарагі лес і клятае балота, святая Вільня і старажытны Полацк... Але войны, глабальныя пераўтварэнні змянілі наш край. Да пачатку ХХІ стагоддзя большасць беларусаў жыла ў гарадах, балоты аказаліся зарукай здароўя, Вільнюс — сталіцай суседняй дзяржавы.

А з колішняга пантэону, запачаткаванага адраджэнцамі пачатку ХХ стагоддзя, з намі застаюцца Скарына, Дунін-Марцінкевіч ды Багушэвіч. Цягам стагоддзя пантэон напаўняўся імёнамі. Перадусім трыядай Купала — Колас — Багдановіч, чые творы ўвайшлі ў кожны дом, стаўшы здабыткам пакаленняў. Затым пантэон дапоўніўся Каліноўскім, постаць якога сёння — адзін з найярчэйшых вобразаў нашага мастацтва, па сутнасці — легенда нашай культуры.

Але мы выпусцілі з-пад увагі і многія імёны з мінуўшчыны, вартыя ўключэння ў наш новы, сучасны пантэон. Вось магілёўцы вяртаюць імя Казіміра Семяновіча — слыннага навукоўца-балістыка. Але чаму мы забыліся на асобу Ільі Капіевіча, стварыўшага той самы шрыфт, якім вы цяпер чытаеце гэтыя радкі? Не магу зразумець, чаму не шануецца ў нас геніяльны Іван Насовіч — выбітны лексікограф, фалькларыст і этнограф, аўтар тузіна кніг, стваральнік першага класічнага “Слоўніка беларускай мовы”, без якога не існавала б феномену нашай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя! Ягоны лёс знітаваны з усёй Беларуссю — ад Мсціслава да Маладзечна! Аднак да сёння так і не выдадзены рукапіс яго гістарычна-мемуарнай працы “Успаміны майго жыцця”, няма помніка, вуліцы ягонага імя… За савецкім часам ён стаў “класава чужым”, але што замінае сёння?..

Пасля Другой сусветнай вайны Беларусь ізноў змянілася непазнавальна. За апошнія семдзясят гадоў наша культура “набрыняла” новым досведам, імёнамі, з’явамі, шэдэўрамі. І мы зноў і зноў пераасэнсоўваем свае старадаўнія ды найноўшыя здабыткі. Як мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры бачу лепш тое, што трапляе ў сферу маіх зацікаўленняў.

Тут паказальная эвалюцыя стаўлення да здабыткаў архітэктуры. Яшчэ гадоў сорак таму ніхто не лічыў даваенную архітэктуру за помнікі, не кажучы пра культавае дойлідства дасавецкай пары, а сёння мы шануем і паваенную архітэктуру! Культавую ж мы не толькі сталі лічыць здабыткам, але і пачалі адкрываць старажытныя храмы.

Ды яшчэ “не даспелі” мы да шанавання памяці пра дойлідаў. А такія імёны, як архітэктар XVI стагоддзя, будаўнік Нясвіжа і Вільні Ян Франкевіч, яго сучаснік Тамаш Жаброўскі з Навагарадка, а таксама Ян Бэкер, Тодар Крамэр, Ян Глаўбіц, сёння забытыя… Хоць дастаткова адкрыць энцыклапедыю, каб пераканацца, што Глаўбіцу варта паставіць тузін помнікаў! Дзякуючы Віктару Чарнатаву мы ведаем пра Станіслава Шабунеўскага, які пабудаваў ледзь не палову колішняга Гомеля. Але чаму няма ягонага імя ў падручніках?

Да крыўднага мала нам вядома пра Льва Вітан-Дубяйкоўскага, стваральніка “беларускага нацыянальнага стылю”! Мы амаль забыліся (апроч, хіба, пінчан) пра тое, 
што Іван Жалтоўскі, які і стварыў у Маскве той самы стыль 1940 — 1950-х, — наш зямляк з Пінска. Але для фігуры такога маштабу гэтага, мяркую, замала… Як і для стваральнікаў вобразаў паваенных гарадоў: Міхаіла Асмалоўскага, Уладзіміра Караля, Георгія Заборскага…

Напрадвесні нашай незалежнасці мы рынуліся шукаць свае імёны ці не за акіянам. Стала модным папулярызаваць творцаў Парыжскай школы — дзясяткі мастакоў, якія ў розны час пакінулі Беларусь. Ды ў такім запале мы забыліся пра тых, хто заўсёды быў побач, напрыклад — Георгія Ніскага ды Яўсея Майсеенку, што не парывалі з родным краем! Але і вернутыя нам імёны мастакоў Аляксандра Ахола-Вало ці Уладзіслава Стржэмінскага яшчэ не сталі агульнавядомымі ды шанаванымі.

Калі ж пачаць нам тварыць хоць бы мастакоўскі пантэон нават выключна з тых імёнаў творцаў, якія звязаны толькі з Мінскам, то спіс асоб, чые таленты і ўнёсак у наш культурны даробак — неаспрэчныя, стане феерычным відовішчам! Зазірніце ў даведнікі ці пацікаўцеся ў Інтэрнэце, хто такія Юзаф Пешка і Юзаф Азямблоўскі, Фердынанд Рушчыц і Міхаіл Кікоін, Меер Аксельрод і Натан Альтман, Раман Семашкевіч… А дзе ў сталіцы памяць пра іх?

Мне падумалася пра тое, наколькі не цэнім мы людзей, якія яшчэ жывуць у рэальнай нашай памяці, на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі “Лявон Баразна. Спадчына” ў Нацыянальным мастацкім музеі ў 2010-м. Менавіта Баразна, першы па вайне руплівец захавання гісторыка-культурнай спадчыны, быў першапраходцам у шмат якіх галінах мастацтвазнаўства, этнаграфіі, кніжнай графікі. А колькіх мастакоў, паэтаў і навукоўцаў ён натхніў! Але яму няма нават мемарыяльнай шыльды… Хоць бы на тым самым доме ў Мінску, дзе была ягоная майстэрня. І тут жа размяшчалася майстэрня Віктара Шматава — выдатнага мастацтвазнаўцы, жывапісца, аўтара больш як 400 публікацый. Шматаў першым адкрыў нам каласальныя пласты спадчыны! А ягоны ўнёсак у ратаванне даробку, што апынуўся ў забруджаных радыяцыяй раёнах, — неацэнны. Дый жывапісныя палотны Віктара Шматава, камарынца па пахожданні, “Пахаванне ў чарнобыльскай зоне”, “У ваколіцах Чарнобыля”, “Развітанне”, “Горкія яблыкі”, “Лёс” — адны з найярчэйшых дакументаў эпохі. Не станем таксама забываць, што менавіта Баразна і Шматаў вярнулі ва ўжытак мастацтва кніг Скарыны ды безліч феноменаў нашай культуры, якія мы сёння ўжо прымаем як належнае…

Як належнае, агульнапрынятае ўспрымаем і тысячы ўведзеных дэфініцый ды артыкулаў, што напісалі выбітныя, светлай памяці, даследчыцы Элеанора Вецер ды Валянціна Церашчатава. Але мы не толькі не парупіліся пра ўшанаванне іх памяці, але і нават пра хоць пару радочкаў у Вікіпедыі! Хоць мне бачыліся б і кнігі пра іх, і кінафільмы…

Мы шукаем па цэлым свеце імёны землякоў, гатовы спрачацца за іх, але не бачым, не помнім, не шануем тых, хто побач. І калі мы адродзім ды ўшануем памяць пра ўласных творцаў, мастакоў, навукоўцаў і архітэктараў, то наш Пантэон стане вежай, з якой мы будзем сведчыць найперш сабе, а затым цэламу свету пра моц, хараство і жыццядайнасць нашай культуры!..

 

 

Ад рэдакцыі. Нагадаем, што "К" яшчэ з пачатку 1990-х вядзе тэму выбітных імён нашай культуры, у тым ліку — мастацкай. Таму публікацыі пра тых самых Рыгора Семашкевіча, Яўсея Майсеенку, Георгія Ніскага, Юзафа Пешку, Фердынанда Рушчыца, Міхаіла Кікоіна, Івана Жалтоўскага, спадзяёмся, дазволяць казаць, што для чытачоў газеты вернутыя імёны творцаў (у тым ліку — у сталай рубрыцы выдання "Вяртанне імёнаў") не прагучаць як невядомыя.