Эксперыменты крэатыву

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Цэнтр сучаснай драматургіі і рэжысуры... Не аднойчы гэтае словазлучэнне ўзгадвалася на старонках нашага выдання, часцей — як запаветная мара, заклік... Пра стварэнне адмысловага асяродка для прафесійнага станаўлення маладых беларускіх тэатральных дзеячаў — драматургаў, акцёраў, рэжысёраў, крытыкаў — гаварылася не толькі на нашых старонках, але і ў тэатральных кулуарах, і з самых высокіх трыбун. Ды не толькі гаварылася — не аднойчы рабіліся і спробы “матэрыялізаваць” задуму. Але ж канкрэтызаваць ідэю — гэта толькі пачатак справы. Куды больш складана зрабіць яе не толькі “матэрыяльнай”, але і жыццяздольнай.

 /i/content/pi/cult/149/1056/Eksperymenty.jpg
Хочацца спадзявацца, што цяперашні “адрас” Цэнтра — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — станецца для яго насамрэч родным домам. Прынамсі, на сённяшні дзень у сценах тэатра Цэнтр актыўна “абжываецца” і дзейнасць яго набывае не віртуальныя, а канкрэтныя формы. Адной з іх з’яўляецца прагляд відэазапісаў замежных спектакляў. Можна колькі заўгодна ўзгадваць савецкія часы, калі нашы студэнты-тэатралы мелі магчымасць сесці ў цягнік і паехаць на прэм’еру спектакля ў Маскву, Ленінград, Вільнюс, Рыгу, Кіеў... Сёння, калі здзейсніць падобны ваяж нашмат цяжэй, такія прагляды, якія, да ўсяго, прадугледжваюць і свабоднае абмеркаванне ўбачанага, дазваляюць пашыраць свае тэатральныя далягляды, не карыстаючыся толькі сталічнымі пастаноўкамі, знаёміцца з новымі накірункамі творчага мыслення замежных калег.

Аднак Цэнтр не абмяжоўваецца адно інфармацыйнай дзейнасцю —прадугледжвае ён і практычны складнік сваёй работы. У прыватнасці, на яго пляцоўцы (у дачыненні да Цэнтра слова “пляцоўка” ўяўляе любую тэатральную прастору: рэпетыцыйную залу, фае тэатра...) адбылося ўжо некалькі адкрытых праглядаў самастойных работ будучых тэатральных рэжысёраў. І не проста ў якасці “хатніх радасцей” — маўляў, вось якое міленькае маладое пакаленне ў нас падрастае! Адзін з гэтых эксперыментальных паказаў “выліўся” ў паўнавартасны тэатральны спектакль “Сталіца Эраунд”, які ў пастаноўцы Сары Токінай ідзе сёння на прафесійнай сцэне. Хаця, канешне ж, варта разумець, што большасць з прадстаўленых лабараторныхработ наўрад ці пабачыць калі святло “вялікай” сцэны. Яно і натуральна, бо на сённяшні дзень дзейнасць Цэнтра не канцэнтруецца на выпрацоўцы новага тэатральнага “прадукту”, выгоднага з камерцыйнага пункта гледжання, а, хутчэй, мае на мэце сабраць вакол сябе творцаў маладога пакалення, тых, хто толькі збіраецца рабіць у творчасці свае першыя крокі; стаць своеасаблівай “буфернай зонай” паміж імі і рэаліямі сапраўднага прафесійнага тэатра, даць магчымасць праявіць навыкі і ўменні, “прадаць” сваё творчае мысленне.

Але ж эксперыментальныя паказы Цэнтра выявілі і яшчэ адну важную акалічнасць: сённяшняе маладое пакаленне творцаў пакутуе зусім не з-за адсутнасці гэтага самага творчага мыслення. Крэатыву ім хапае. А вось чаго не стае, дык гэта сур’ёзнай прафесійнай падрыхтоўкі — многія з іх, замахваючыся на самыя складаныя жанры і формы работы з літаратурным матэрыялам, аказваецца, маюць вельмі прыблізнае ўяўленне пра саму тэхналогію творчасці, пра “рамесныя” азы прафесіі акцёра, рэжысёра, драматурга, якія ў прафесіянала павінны функцыянаваць на ўзроўні “безумоўнага рэфлексу”. У выніку галоўным козырам становіцца іх творчы “запал” і прага да самавыяўлення, прычым само паняцце тэатральнага мастацтва, прафесіяналізму значным чынам дэвальвуецца, калі не сказаць — увогуле скідваецца з рахунку. Тое, што Цэнтр гэта сёння “дыягнастуе” — надзвычай важна, асабліва калі крытыка падобнага роду гучыць не толькі з вуснаў “мэтраў” — прадстаўнікоў старэйшага пакалення, але і ад равеснікаў-тэатралаў, тых, з кім маладыя акцёры і рэжысёры “дыхаюць ва ўнісон”.

Сёння дзейнасць Цэнтра драматургіі і рэжысуры ў значнай ступені нагадвае “клуб па інтарэсах”, і гэты аспект стварэння прафесійнага асяродка нясе ў сабе не толькі творчае, але і выхаваўчае значэнне, бо не толькі “сакрэты прафесіі” мусяць перадавацца з пакалення ў пакаленне, але і маральна-этычны аспект існавання творцаў у сучасным грамадстве. І хацелася б спадзявацца, што гэткае паяднанне прафесійных майстар-класаў і карпаратыўна-творчых стасункаў тэатралаў неўзабаве і адбудзецца на базе Цэнтра сучаснай драматургіі і рэжысуры.

Таццяна КОМАНАВА
На здымку: эксперыментальная работа “Ладдзя роспачы”паводле У.Караткевіча.

Фота Сары ТОКІНАЙ