І ў вас — два семсот?

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Пінск: сярэдні заробак, кадры і “кадры” ды крыху аптымізацыі / Знянацку і без “візы”: журналіст “К” + мясцовы інсайдар ва ўстановах культуры
У папярэднім “коле” сваіх камандзіровак па краіне я наведваў абласныя цэнтры, дзе мяне цікавілі, перш за ўсё, лічбы: даследаваў, як установы культуры там фінансуюцца з бюджэту і якім чынам прыцягваюць пазабюджэтныя сродкі. Вядома, у гутарках з кіраўнікамі розных узроўняў мы закраналі іх працу наогул. Гэтым жа разам будзем пісаць якраз пра тое “наогул” у розных гарадах ды раёнах рэспублікі. Зменіцца і падыход у асвятленні ваяжу. Калі ў мінулым “коле” мы, як правіла, папярэджвалі кіраўнікоў арганізацый аб тым, каб яны рыхтавалі да нашага прыезду каву з печывам, то цяперашнія візіты можна ахарактарызаваць фразай “як гром сярод яснага неба”: папярэдніх дамоўленасцей пра іх няма. Да таго ж у якасці асноўнага нашага эксперта выступае, уласна, не журналіст, а карэнны жыхар, якi пагадзіўся скласці кампанію ў шпацыры па ўстановах культуры. Натуральна, вызначаных адвольна. Мы пачынаем! З Брэсцкай вобласці...

/i/content/pi/cult/492/10551/10-1.jpgХто ходзіць раніцай у ДК...

...А палове пятай раніцы з боку вакзала ў Пінск увайшоў чалавек. Агледзеўшы практычна пусты прывакзальны пляц, ён падумаў: “Не, гэта не Рыа-дэ-Жанэйра... Гэта значна лепш...” Па шляху да гатэля мужчыну спыніла нейкая асоба і папрасіла закурыць.

— А што, бацюхна, — спытаў госць, працягнуўшы запальнічку, — дасягненні і недахопы ў сферы культуры ў вас у горадзе ёсць?

— Каму і аптымізацыя — дасягненні з недахопамі, — адказала асоба, і на тым кароткая размова завяршылася...

Даспаўшы ў нумары, спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура” (у госці Пінска, упэўнены, вы ўжо пазналі мяне) звязаўся па мабільным з тым, з кім яму трэба было даследаваць культурныя асновы Пінска. Месцам сустрэчы прызначылі Гарадскі дом культуры...

Я быў у курсе таго, што горад рыхтуецца да правядзення абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі”, але ява пераўзышла чаканні. Пінск перакапаны літаральна ўвесь. Аўтамабілісты каментуюць разруху ў ёмістых выразах, але прадчуваюць светлую будучыню. Рамантуюцца, рэстаўруюцца асобныя будынкі — усё, на што адпушчаны сродкі.

ГДК. Краны, нейкія спецмашыны, людзі... Лёгкі пыл забівае нос. Чарговы мой чых апярэджвае голас:

— Алег?..

— Юрый?..

Знаёмцеся: Юрый ГРАМОВІЧ, дырэктар святочнага агенцтва, якое спецыялізуецца на прадастаўленні насельніцтву забаўляльных паслуг. Аднак у надыходзячых “Дажынках” структура не занятая, хоць гарадскім уладам прапаноўвалася ідэя “альтэрнатыўнай пляцоўкі”, дзе дэманстравалі б сваё мастацтва маладыя выканаўцы. “Для ўлад цяпер галоўнае — паспець скончыць рамонт, — тлумачыць Юрый. — На жаль, не заўсёды ўдаецца пераканаць інстанцыі ў неабходнасці таго або іншага праекта...”

Прайшоўшы ўнутр будынка, на прахадной даведваемся, што ў адным з памяшканняў праходзіць нарада з удзелам кіраўніцтва горада, на якой абмяркоўваюцца пытанні тэмпаў і якасці рамонту ўстановы. Чакаем дырэктара ГДК Алега ЖУКА, фланiруючы па паверхах. Мой напарнік кажа: “У горадзе — два дамы культуры, і адзін з іх, на жаль, пачынае ператварацца ў гандлёвы цэнтр. Я маю на ўвазе “Трыкатажнік”, частка плошчаў якога здадзена ў арэнду пад крамкі, цырульню, кавярню...”

Кажучы пра “плюсы” і “мінусы” ў кантэксце культуры горада наогул, Юрый адзначае: добра, што ўстановы сферы проста працуюць. Дрэнна ж тое, на яго думку, што, напрыклад, у горадзе праходзіць не так шмат канцэртаў папулярных артыстаў. “У Беларусі, калі вы не ў курсе, Пінск называюць “канцэртнай ямай”, — канстатуе Грамовіч. Вінаваціць у сітуацыі, якая склалася, Юрый мясцовых арганізатараў выступленняў: “У іх асаблівы менталітэт: бачачы, што за тыдзень да канцэрту білеты прадаюцца дрэнна, яны адмяняюць яго, не беручы ў разлік і асаблівы менталітэт беларускай публікі, якая кідаецца скупляць білеты толькі за пару дзён да канцэрта. У выніку, і артыстаў сюды амаль перасталі прывозіць, і глядач нікога не чакае…” Тым не менш, Юрый — аптыміст: “Калі вы будзеце ў Пінску дні тры, у ім ёсць што паглядзець і куды схадзіць: набярэжная, Музей Беларускага Палесся, Драматычны тэатр...” Увогуле, наш кансультант і гід, сам таго не ведаючы, амаль паўтарыў мне маршрут, якім я і збіраўся абысці Пінск, праўда, за адзін дзень...

/i/content/pi/cult/492/10551/10-2.jpg

Пінскі ГДК рамантуюць перад "Дажынкамі".

/i/content/pi/cult/492/10551/10-3.jpg

/i/content/pi/cult/492/10551/10-4.jpg

На фестываль "Белая вежа" пінчане павязуць спектакль "Nach hause" ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага.

Нарада завяршылася, і Алег Уладзіміравіч запрашае нас у кабінет. Настрой у яго баявы, значыць, раблю я выснову, тэмпы і ход рамонту ўсіх задаволілі. Жук пачынае гутарку з надзённага:

— Глядзіце, — падыходзіць ён да акна ля дырэктарскага стала, — гэтыя рамы ўнутр адкрываюцца, а гэтыя — не. Усё тут ужо даўно патрабуе рамонту…

— Ды мы і бачым: кіпіць будоўля.

— Можна і будоўляй назваць, калі зыходзіць з меркаванага аб’ёму работ. На дадзены момант у ГДК ладзіцца капітальны рамонт даху, фасада, мадэрнізуецца глядзельная зала. А ўсё паэтапнае абнаўленне павінна заняць два-тры гады, і абыдзецца яно ў 70 мільярдаў рублёў…

Адчувалася, што дырэктар ужо бачыў новае аблічча ДК, якое нам уяўлялася не так выразна, і дзесьці там, у будучыні, ганарыўся метамарфозамі, якія адбудуцца з ім. Аб працы спадар Жук гаворыць з задавальненнем. Так, разважаючы пра творчы працэс у ДК, ён тлумачыць, што ўпор робіцца на канцэрты ўласных калектываў. Дырэктар адзначае народны хор ветэранаў вайны і працы і Заслужаны аматарскі калектыў “Ансамбль песні і танца “Палескія зоры”. Пазабюджэтныя сродкі паступаюць і ад арандатараў (па гэтым годзе — ужо 68 мільёнаў рублёў). Заробленыя такім чынам грошы выдаткоўваліся, напрыклад, на набыццё светлавой і гукавой апаратуры, навагодняй ёлкі, касцюмаў.

Пра калег — альбо добра, альбо нічога. Ці амаль нічога. І на маю просьбу даць ацэнку таму, што, як асцерагаюцца мясцовыя жыхары, у “Трыкатажніку” хутка можа не застацца месца культуры, Жук рэагуе эмацыйна: “Вядома, хацелася б задзейнічаць ДК пад культуру цалкам. Хацелася б, каб сваіх калектываў было больш. Але ж вы ведаеце, што ў культуры сёння — на ўзроўні тых жа ДК, бібліятэк, сельскіх клубаў — засталіся працаваць толькі энтузіясты, у чымсьці нават фанатыкі. А як без нязгубнага энтузіязму працаваць за 2 мiльёны 700 тысяч рублёў (такая сярэдняя заработная плата ў нашым Доме культуры)?.. Але, разумееце, вось людзі прыйдуць у гандлёвы павільён, убачаць анонс якога-небудзь канцэрта і набудуць на яго білеты! Тое, што не мае дачынення да культуры, сыграе на яе! Я бачу карысць у тым, што арандаваныя памяшканні не прастойваюць без справы ў тыя дні, калі ў іх не займаюцца гурткі. А наогул, для Пінска два дамы культуры — вялікая раскоша”.

Як былы афіцэр Алег Уладзіміравіч зрабіў уражанне чалавека рашучага і патрабавальнага. Курсантам ён чатыры гады спяваў у народнай харавой капэле Данецкага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча інжынерных войскаў і войскаў сувязі. У вайсковай частцы ў Пружанскім раёне, дзе Жук служыў намеснікам камандзіра, было тры клубы, і працу ў іх ён і вёў, і кантраляваў.

Каментарый Юрыя Грамовіча:

— Уражанне засталося прыемнае. Але, ведаючы некаторых папярэдніх дырэктараў гэтага ДК, хачу задаць пытанне: хто павінен кіраваць такой установай? Той, хто будзе рамантаваць будынак, загадваць гаспадаркай або той, хто мае дачыненне да культуры максімальна, хто стане накіроўваць працу творчых калектываў? Сёння ад дырэктараў, наколькі я ведаю, патрабуюць сумяшчэння першага з другім. Я схіляюся ўсё ж да другога варыянта. Кожны павінен займацца сваёй справай. І, вядома, нам патрэбныя абодва ДК. Хай яны навучацца эфектыўна працаваць, хай зоймуцца маркетынгам, хай канкурыруюць паміж сабой, прыдумляючы незвычайныя акцыі. І публіка, нарэшце, прачнецца, зарабляць ДК пачнуць нармальна, а не будуць трэсціся над кожным рублём…

“Прадаваць”...

Не стаў пытацца, ці трасецца над кожным рублём дырэктар Рэспубліканскага музея беларускага Палесся Ірына ДЗЯМЧУК, хоць пытанне гэтае ў галаве круцілася: не заспелі мы шмат наведвальнікаў у залах установы. І гэта нягледзячы на новую экспазіцыю, прысвечаную 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны, нягледзячы на выдатныя, пазнаваўчыя старыя экспазіцыі, якія распавядаюць пра Піншчыну ў розныя стагоддзі, некалькі адрамантаваных залаў, ветлівых служачых...

Сёлета музею, які налічвае больш за 70 тысяч адзінак захоўвання, спаўняецца 90 гадоў. Дзякуючы таму, што ён размешчаны ў “сэрцы” “Дажынак”, будзе адрамантаваны фасад будынка, дзе ў XVII стагоддзі знаходзіўся калегіум езуітаў, добраўпарадкуюць і прылеглую тэрыторыю. На плошчы Леніна зманціруюць і крутую, як кажуць, падсветку, таму ў вячэрні час музей зайграе фантастычнымі адценнямі. Гэта значыць, на недахоп фінансавання Ірына Генадзьеўна не скардзіцца. Музей і насамрэч выглядае акуратным і дагледжаным, а налета ж мае “падпасці” пад абнаўленне яшчэ шэраг яго залаў і экспазіцый.

…І ўсё ж цікаўлюся ў дырэктара наконт адсутнасці наведвальнікаў.

— Цягам года ёсць перыяды, калі залы сапраўды такія, — не адмаўляе Ірына Дзямчук. — Збольшага — летнія месяцы, хоць, у цэлым, на наведвальнасць і зараз не скардзімся. Але ў сувязі з падрыхтоўкай да “Дажынак” паток тых жа турыстаў знізіўся. На камерцыйныя выстаўкі людзі ідуць, а вось з пастаяннымі экспазіцыямі праблема існуе. Хоць нібыта мы іх рэкламуем, думаем над новымі формамі працы з наведвальнікамі, сёе-тое ўжо ўкараняем...

Каментарый Юрыя Грамовіча:

— Можа, гэта не з’яўляецца вялікай праблемай, а можа, для Ірыны Дзямчук тэма настолькі хваравітая, што яна не стала яе ўзнімаць, але пры музеі дзейнічае Дзіцячая харэаграфічная школа... Прытым што яго запаснікі захоўваюць мноства цікавых экспанатаў. Прытым што ў горадзе, напэўна, знайшлося б памяшканне, дзе маглі б займацца дзеці. Я не спецыяліст, але гэта ж помнік архітэктуры!

Музей, безумоўна, з’яўляецца гонарам горада. Але як падаецца ён публіцы? На працы я гутару з заказчыкамі мерапрыемстваў на самыя розныя тэмы, і часам бянтэжуся, калі людзі шчыра дзівяцца, што ў іх родным Пінску ёсць, аказваецца, цікавы музей. Я, можа, груба цяпер скажу. Лічыцца, што, калі сучасны чалавек не сочыць за трэндамі, то ён, даруйце, лох. Значыць, трэба зрабіць наведанне музея... модным. Неабходна зрабіць моднымі веды пра сваю краіну, свой горад. А музей такой прапагандай, лічу, займаецца малавата. Акультурыць свой “гарод” звонку — справа патрэбная, а што потым? Музей — гэта культурны прадукт, які трэба рэкламаваць, “прадаваць”.

Попыт — ёсць, а прэстыж?

На выпускнікоў Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў попыт высокі: цяпер ёсць магчымасць задаволіць сорак працэнтаў заявак з боку ўстаноў культуры. Але не сакрэт, што частка маладых спецыялістаў, адпрацаваўшы належны тэрмін, пакідае месца размеркавання...

— Пытанню іх замацаванасці зараз надаецца вялікая ўвага, — тлумачыць Алена КАЗАК, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. — Мы шчыльна ўзаемадзейнічаем з аддзеламі культуры на месцах, ведаем, як ставяцца да нашых выпускнікоў. Каля 60 працэнтаў з іх пасля адпрацоўкі працягваюць працаваць там, куды іх размеркавалі…

На дзённым аддзяленні ПДКМ навучаецца 160 чалавек, каля 60 — завочнікі. Рыхтуюць тут спецыялістаў па народных абрадах і святах, народнай творчасці ды танцы, інструментальнай музыцы... План прыёму выконваецца, але з кожным годам набіраць навучэнцаў усё цяжэй. “Падае прэстыж прафесіі, — сумна заўважае візаві. — Музыка, харэаграфія — гэта кроў і пот. А моладзь шукае там, дзе можна навучыцца, не прыкладаючы асаблівых намаганняў. Каб вам было больш зразумела, наколькі гэта фізічна, эмацыйна, разумова затратныя прафесіі, скажу, што ў нашым штаце 88 выкладчыкаў — на больш як 200 студэнтаў...”

Іншая бяда — агульны ўзровень адукацыі: “Здараецца, да нас хочуць паступіць юнакі і дзяўчаты, якія валодаюць нядрэннымі прафесійнымі задаткамі, але маюць вельмі нізкі бал, напрыклад, па беларускай мове. Мы вымушаны адмаўляць...”

Каментарый  Юрыя Грамовіча:

— Відаць, што спадарыня Алена шчыра любіць сваю прафесію. Ведаю, выпускнікі каледжа — запатрабаваныя, працуюць у папулярных калектывах. А тое, што не рэдкасць, калі маладыя спецыялісты не затрымліваюцца на месцах размеркавання, дык гэта характэрна для ўсёй краіны. І не толькі ў культуры: як вядома, рыба шукае там, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей…

Мо і добра, што не едуць?

Дзе лепш працавалася і працуецца Аляксандру ЛУКАШЭНКУ, дырэктару — мастацкаму кіраўніку Палескага драматычнага тэатра, — паспрабуйце разабрацца самі. Яго служачыя зараз у адпачынку, што не перашкодзіла Аляксандру Мікалаевічу адгукнуцца на просьбу аб сустрэчы. Спачатку — крыху лічбаў. За мінулы год установа зарабіла каля 780 мільёнаў рублёў, за першае паўгоддзе 2014-га — 460 мільёнаў. Сёлета тэатр павінен сыграць 300 спектакляў, 163 ужо паказаны.

— 300 — лічба вялікая, — кажа дырэктар. — Мы ж адчуваем недахоп плошчаў, неабходных для грымёрных, “кішэняў”. Але наш будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму змяняць яго форму не маем права. Адпаведна, даводзіцца спісваць спектаклі, у якіх выкарыстоўваецца шмат рэквізіту, дэкарацый, што няма дзе захоўваць. Пакуль арандуем некалькі памяшканняў, але іх недастаткова…

Распавёў кіраўнік і пра кадравую праблему. У тэатр не гараць жаданнем размяркоўвацца выпускнікі Акадэміі мастацтваў, — у гэтым аспекце ён супрацоўнічае з Магілёўскім дзяржаўным каледжам мастацтваў. У жніўні адтуль павінны прыехаць тры выпускнікі. Адзін, хутчэй за ўсё, стане тут працаваць, два іншыя, мяркуючы па інсайдарскай інфармацыі, паступаюць у вышэйшыя профільныя ўстановы. Адпаведна, паступіўшы, да Пінска яны не даедуць. Не паступіўшы, прыедуць, але гарантыі, што, адпрацаваўшы два гады, тут застануцца, няма.

— А не едуць з Мінска ці праз два гады з’язджаюць таму, што...

— Таму што сярэдні заробак у тэатры — 2 мiльёны 700 тысяч рублёў. Дый... Можа, добра, што не едуць? Цяперашні ўзровень падрыхтоўкі пакідае жадаць лепшага... Тры апошнія магілёўскія набыткі — гэта коткі ў меху. Узяў я хлопцаў з-за таго, што ёсць вакансіі. Справа ў тым, што не змог паехаць у Магілёў на размеркаванне: ездзілі нашы акцёры. Ну што яны мне сказалі... Бывае, адслужыўшы ў тэатры гадоў дзесяць, акцёр так і не становіцца акцёрам. А тут спрагназуй, што з выпускніка атрымаецца! Людзі ж нам патрэбны: у трупе — васямнаццаць чалавек, рэпертуар — досыць вялікі, і калі захварэе нават адзін, то гэта ўжо блізка да катастрофы…

— Вы займалі высокую пасаду — начальніка аддзела культуры Пінскага гарвыканкама. У студзені 2013-га ўзначалілі тэатр — з крэсла кіраўніка пераселі ў крэсла падначаленага. Падзеліцеся адчуваннямі?

— А я ў чыноўніцкае крэсла зваліўся не з Месяца! Да яго працаваў дырэктарам ДК “Трыкатажнік”, раней — мастацкім кіраўніком, а да таго — рэжысёрам. Вёў канцэрты, іграў у тэатры, “качаваў” на гастролях у аўтобусах, бачыў, на якіх “дубовых” інструментах гралі нашы музыканты… І калі да мяне як да начальніка аддзела прыходзілі кіраўнікі ды скардзіліся, што тое не могуць зрабіць у тэрмін, іншае, я адказваў: “Я выдатна разбіраюся ў вашай працы. І калі вы не ведаеце, што і як, навошта вы нам на гэтым месцы патрэбны?..” Праз месяцы два пасля таго, як стаў дырэктарам тэатра, я на пытанне сваіх калег “Як табе зараз працуецца?” адказаў: “Калі раней у мяне жыццёвы тэмпарытм быў як з кулямёта, то цяпер — адзінкавыя стрэлы”. На што яны ўсміхнуліся: “Не спяшайся”. І мелі рацыю. Тым не менш, сёння мне маральна больш спакойна.

— Што лягчэй: даводзіць у якасці кіраўніка непапулярнае рашэнне ці выконваць яго?

— Вы пра аптымізацыю?.. Адкажу шчыра: аптымізацыя і раней ішла, праўда, не ў такіх маштабах... Я рад, што мне зараз не даводзіцца яе праводзіць, займаючы пасаду начальніка аддзела культуры. Я рад, што не з’яўляюся, скажу ўтрыравана, у гэтым сэнсе “магільшчыкам”... Мы былі стваральнікамі, і фінансістам я заўсёды казаў: “Культура і мастацтва — гэта доля багатых людзей: спаконвек іх утрымлівалі”. А калі сёння кажуць — акупляйцеся, я адказваю: добра, я вазьму дзесяць чалавек, здыму пакойчык, зраблю пару спектакляў — і паеду “трубадурыць” па вёсачках. І мы заробім. Патрэбен вам такі “тэатр”?.. Дзякаваць богу, горад разумее, які тэатр яму патрэбен…

Каментарый Юрыя Грамовіча:

— Аляксандр Мікалаевіч — чалавек на сваім месцы. Пры ім трупа стала часцей гастраляваць, у тым ліку — і за мяжой, быў набыты для такіх раз’ездаў аўтобус, сам тэатр рэгулярна збірае аншлагі. Аляксандр Мікалаевіч дамогся таго, каб акцёрам павялічылі зарплату. І яшчэ я адзначыў бы яго асабістыя якасці…

Дробязі?

Пакідаючы Пінск, я яшчэ раз прайшоў на Плошчы Леніна поруч са сцэнай, якую пасля 3 ліпеня так і не дэмантавалі. Зайшоў у кафэ, дзе афіцыянтка з тварам ужо такім, якім ён мае стаць толькі напрыканцы працоўнага дня, на маю нахабную просьбу пра бутэрброд з сырам, якога не адшукаў у меню, сказала, што сыр яшчэ не завезлі. І, як мне здаецца, у кавярнях мусяць быць на століках папяровыя сурвэткі…

У культурнай сферы Пінска таксама нешта крыху (і не крыху) здзівіла: адзін з двух ДК (усё ж радуе, што ведамасны, а не ўласна “культурны”), як кажуць, сёння хутчэй нагадвае дом гандлю. Скажу шчыра: выдатны музей! Але рэкламуе ён сябе не агрэсіўна, калі жадаеце. Ды і дзіўнае яго суседства з танцорамі, прынамсі, у тым сэнсе, што гаворка не ідзе аб школе танца як аб уласна праекце скарбніцы. Каледж не выпускае драматычных акцёраў для свайго тэатра. А сам тэатр зведвае дэфіцыт таленавітых пачаткоўцаў…

Калі ж гутарка з маімі суразмоўцамі станавілася зусім адкрытай, да заключэння мы прыходзілі і зусім, не пабаюся гэтага слова, жорсткага: адсутнасць цікавасці ў многіх людзей і да мінулага сваёй краіны, і да сучаснасці; нізкі ўзровень цяперашняй адукацыі. Ужо даўно асэнсаваўшы лічбы заработнай платы ў галіне культуры, я зрабіў для сябе выснову. Усё гэта ідзе здавён: у якім бы стане беларус ні ўставаў з раніцы, але плот павінен быць дафарбаваны. У сённяшняй культуры гэтак жа: і за 2,5 мільёна чалавек адпрацуе адказна, як і за 12,5. Прыстойнасць — вось тое слова, што, на мой погляд, характарызуе большасць беларусаў, якія маюць дачыненне да культуры.

Фота аўтара і з архіва тэатра

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"