Творчасць Ларысы Антосевай — своеасаблівая старонка ў біяграфіі Коласаўскага тэатра. У спектаклі “Размова ў доме Штайн пра гера фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма” П.Хакса яна самастойна стварыла вобраз Шарлоты фон Штайн, каханай вялікага Гётэ. На апошнім этапе да работы падключыўся рэжысёр Валерый Маслюк. 3 гэтага і пачаліся творчыя стасункі актрысы і рэжысёра. У спектаклі па п’есе “Распусніца з Гарлема” Э.Сверлінга Ларыса Антосева прызначана на галоўную ролю. Але рэжысёр і актрыса не пайшлі за аўтарам п’есы — склалі свой расповед пра тэатр, творцу, прыцягненне сцэны. Наладзілі на сцэне конкурс-адбор, у якім удзельнічалі вельмі розныя творчыя індывідуальнасці. Дастаткова пералічыць прэтэндэнтак: заслужаныя артысткі Беларусі Людміла Пісарава і Тамара Шашкіна, артысткі Анжаліка Баркоўская, Зінаіда Гурбо, Наталля Саламаха, Алена Сладкевіч... Валерый Маслюк не паспеў завяршыць спектакль.
Самастойна актрысы дапрацоўвалі тое, што калісьці тлумачыў рэжысёр. А Ларысе Антосевай саснілася назва будучай прэм’еры: “Кахаю. Спадзяюся. Чакаю”. Потым сыгралі некалькі дабрачынных спектакляў, каб сабраць грошы на выданне кніжкі В.Маслюка “Я паспею, я ўсё паспею...”. Не паспеў... Пастаноўку “нашай” камедыі “Фламенка” (Танец кахання для тых, каму за...) ажыццявіў у 2006 годзе рэжысёр Ігар Баярынцаў. Ларыса Антосева сыграла ў гэтым спектаклі ролю Лізаветы Раманаўны, якая ўсё жыццё чакае сустрэчы з першым сваім школьным каханнем. А жыццё ідзе і ўсё мінае...
Мая любімая роля ў выкананні Ларысы Антосевай — Камісар у спектаклі “Пісьменныя” М.Чокэ. Парадокс: камісар паліцыі — сястра злачынцы Фрыца. На мяжы рэальнага ствараецца гэты незабыўны вобраз. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Віталь Баркоўскі здолеў выявіць у гэтай рабоце самыя прывабныя якасці творчай індывідуальнасці актрысы Ларысы Антосевай.
Са святам Вас, шаноўная Ларыса Антонаўна! Дай Бог здароўя і далейшых творчых поспехаў!
Святлана ДАШКЕВІЧ,
загадчык літаратурнай часткі
НАДТ імя Якуба Коласа
На здымку: Ларыса Антосева і
Валянцін Салаўёў у спектаклі
“Жанчына ў пясках”.