Патрэбны прафесіяналы з ідэямі

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Розгалас. Дом — праца — бібліятэка
У № 24 сёлетняй “К” былі апублікаваны артыкулы нашых журналістаў, аб’яднаныя адзіным загалоўкам “А бібліятэка будучыні вам не патрэбная?”. Публікацыя выклікала рэзананс прафесіяналаў (гл. “К” №№ 27, 29). Вось чарговы водгук. Паважаныя калегі! У апошні час актыўна сачу за палемікай пра бібліятэкі. У наш век высокіх тэхналогій многія задумваюцца над пытаннем: “Ці патрэбны сёння бібліятэкі, ці варта ўтрымліваць такі апарат бібліятэчных работнікаў?”. У каго ёсць час наведваць гэтыя ўстановы, калі з навінкамі можна азнаёміцца ў электронным выглядзе? А цяпер давайце падумаем, навошта нам патрэбны газеты і часопісы? Мы ж усю інфармацыю можам знайсці ў Інтэрнэце. Навошта канверты, калі электронная пошта — бясплатная і больш хуткая? Навошта стацыянарныя тэлефоны, бо ёсць мабільныя? Для чаго патрэбны тэатры і кінатэатры? Спіс пытанняў можна доўжыць.

/i/content/pi/cult/493/10533/12-3.jpgУ іх

Між тым, рашэнне пытання на карысць бібліятэк многія краіны свету ўзнялі на дзяржаўны ўзровень. А самі яны пачалі адказваць на патрэбы самых розных чытацкіх катэгорый. Думаю, мы павінны прыслухацца да калег з Германіі ці Вялікабрытаніі, што стварылі ўстановы, без якіх чытачы мястэчак і вялікіх гарадоў не ўяўляюць жыцця. А шлях да гэтага быў няпросты.

У Інстытуце Гётэ мне давялося азнаёміцца з досведам работы дырэктараў нямецкіх бібліятэк. Немаўля пачынае быць чытачом, як толькі з’яўляецца ў маміным праекце. З будучымі мамамі праводзяць падрыхтоўку да нараджэння дзіцяці. Першую кніжку яно атрымлівае разам з пасведчаннем аб нараджэнні. Да таго, як дзіцяці споўніцца тры гады, бібліятэкары працуюць з бацькамі. Сын ці дачка — заўжды побач. Пасля трох гадоў яны — паўнавартасныя чытачы, бо добра ведаюць, дзе месціцца бібліятэка і што там цікава. З кожным маленькім чытачом працуюць індывідуальна. Дзіцячыя групы вандруюць сярод кніжных паліц на карабліку ці паравозіку, атрымліваюць і выконваюць заданні.

А ў нас летам Цэнтральная гарадская бібліятэка Баранавічаў адкрыла ў сябе Дзіцячую пляцоўку. Яна прызначана не толькі для падлеткаў, але і для дзяцей да трох гадоў…

Сённяшняя бібліятэка — гэта месца, дзе чалавек пачувае сябе камфортна: бярэ кнігу, кантактуе з аднадумцамі, гуляе ў настольныя гульні, удзельнічае ў конкурсах, дзеліцца ведамі і атрымлівае іх. У бібліятэцы Арлінгтона (прыгарад Вашынгтона) я бачыла прадукты, якія заможныя людзі пакідаюць маламаёмным. Той, хто мае патрэбу, можа іх атрымаць. Бібліятэкарам давяраюць. Тут рэалізуюцца спецыяльныя праграмы для людзей, што аказаліся “на дне” жыцця. Бібліятэкарам дапамагаюць валанцёры. Псіхолагі, тэрапеўты, дыетолагі. Кансультацыі — бясплатныя. Я ведаю, што валанцёры працуюць у Мінскай абласной бібліятэцы, у Баранавіцкай гарадской. Гэта цудоўна!

На лонданскіх вуліцах з’явіліся лавы, аформленыя паводле самых вядомых брытанскіх кніг. Ідэя належыць Нацыянальнаму фонду чытання Вялікабрытаніі. Лавы размаляваў карыкатурыст Ральф Стэдман. У Англійскім парку Мюнхена ёсць домік бабулі-чараўніцы, якая чытае дзецям казкі. У італьянскім Маранэла знаходзіцца неверагодная бібліятэка, якая нібыта плавае ў вадзе (знаходзіцца ў спецыяльным басейне). Калі рэалізоўваюцца нават такія фантазіі для стварэння замкнёнага чытацкага свету, значыць, такія ўстановы запатрабаваныя! Бо бібліятэка, мяркую, павінна знаходзіцца на трэцім месцы пасля дома і працы.

У нас

Мы не маем такіх тэхнічных сродкаў, як у іншых краінах. У нас чытач не можа здаць кнігі ў любы час дня і ночы, бо ў нас няма адпаведных тэрміналаў (нават у суседняй Літве яны ёсць). Наш чытач не зарэгіструе сам сабе кнігі, большасць устаноў, як і сто гадоў таму, карыстаюцца фармулярамі. У лепшым выпадку, працуюць з састарэлай праграмай “Аліса”, да якой у нас шмат пытанняў. Нашы бібліобусы — далёкія ад дасканаласці, а бензін — дарагі. Таму скарачаць усіх сельскіх бібліятэкараў — не выйсце з сітуацыі.

Бібліятэка перш за ўсё — інфармацыйная крыніца. Доступ да інфармацыі — бясплатны. Таму грошы за карыстанне камп’ютарам браць нельга. У нас ёсць іншыя магчымасці зарабіць. У бібліятэках Еўропы і ЗША няма вялікага штату адміністрацыі, усе — узаемазамяняльныя. І не толькі ў бібліятэках. Вельмі проста скараціць бібліятэкараў, настаўнікаў, урачоў, інжынераў. Маладыя спецыялісты сыходзяць праз два гады: маленькі заробак і нізкі прэстыж. Калі мы кажам пра аптымізацыю ў бібліятэках, дык варта да мінімуму скарачаць набор на бібліятэчны факультэт. Хоць асабіста я супраць. Наадварот, нам патрэбны прафесіяналы з якасна новымі ідэямі.

У маі гэтага года ў чытальнай зале нашай бібліятэкі разбурылася столь. Пад дахам установы вырасла не адно пакаленне чытачоў. Рамонту пакуль няма, хоць да ацяпляльнага сезона абяцаюць усё зрабіць. Хацелася б у гэта верыць, бо каштоўныя кнігі могуць загінуць. А ў нас, бібліятэкараў, якія пакуль яшчэ лічацца ў гэтай бібліятэцы, шмат ідэй для таго, каб зрабіць жыццё чытачоў больш цікавым. Я люблю сваю працу, сваю краіну, як і многія іншыя чытачы “К”. Дзякуй вам ужо за тое, што ўзнята бібліятэчная тэма! Яна актуальная не толькі для нас, але і для ўсіх неабыякавых, хто жадае бачыць Беларусь адукаванай ды шчаслівай…

Таццяна ЛЕТУНОВА,  галоўны бібліятэкар залы літаратуры на замежных мовах маладзечанскай Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча