Каталіцкі медальён

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Каталіцкі двухбаковы медальён з выявамі Бялыніцкай Божай Маці і прарока Ільі прадстаўлены ў экспазіцыі залы “Матэрыяльная культура” музея “Замкавы комплекс “Мір”. У XVIII — XIX стст. медальёны з выявай святых карысталіся папулярнасцю ў шляхты на тэтыторыі Беларусі. Іх насілі на шыі, каб здабыць Божую ласку ды індульгенцыі. Мяркуецца, што медальён быў выраблены ў Бялыніцкім кляштары, які стаў у XVIII ст. месцам паломніцтва ды пышных рэлігійных урачыстасцей, перш за ўсё на святкаванне іконы Бялыніцкай Божай Маці і прарока Ільі.

/i/content/pi/cult/493/10531/14-1.jpgПрарок Ілья з’яўляецца адным з самых вядомых святых Старога Запавету. Каталіцкая Царква шануе яго памяць 20 ліпеня, Праваслаўная — 2 жніўня. На медальёне прарок адлюстраваны ў мантыі, з мячом, на вастрыі якога гарыць полымя-маланка. Па краі адпаведным чынам размешчаны пачатковыя літары лацінскіх слоў, якія раскрываюць значэнне самога медальёна: “S ELIAS PR OF D CAR” (“Святы Ілья-прарок, ордэн брацтва кармелітаў”).

Прысваенне маланкі і грому Ільі мае ў падставе абставіны, якія атачаюць гэтага святога ў старазапаветных паданнях. Прарок Ілья жыў у Палесціне ў IX ст. да н.э. Ён быў прызваны на прарочае служэнне ў валоданні цара Ахава, які пакланяўся Ваалу (Сонцу) і прымушаў народ яўрэйскі рабіць гэтак жа. Гасподзь паслаў Ілью да Ахава ды загадаў прадказаць яму, што калі ён і яго народ не звернуцца да сапраўднага Бога, то ягонае царства напаткае голад. Ахаў не паслухаў прарока, і ў краіне надышла засуха ды вялікі голад. Ілья сказаў цару і ўсяму народу, што ўсе бедствы ізраільцян здараюцца таму, што яны забыліся на сапраўднага Бога і пачалі пакланяцца ідалу — Ваалу. Каб даказаць памылковасць ізраільцян, Ілья прапанаваў зрабіць два ахвярнікі — Ваалу і Богу — і прынесці ахвяры кожнаму з іх. Спачатку зрабілі ахвярнік Ваалу, накідалі дроў, закалолі быка, а жрацы сталі маліцца свайму ідалу. Але агонь з неба на Ваалаў ахвярнік так і не сышоў. Увечары Ілья зрабіў свой ахвярнік, паклаў дровы, паліў іх вадой і стаў маліцца Богу. Нечакана з неба з’явіўся агонь і падпаліў не толькі дровы ды ахвяру, але і ваду ды камяні ахвярніка. Калі людзі ўбачылі гэты цуд, то праславілі праўдзівага Бога і паверылі. Па малітве прарока неба з усіх бакоў пакрылася хмарамі і паліліся патокі дажджу…

За сваю палымяную рэўнасць аб славе Божай прарок Ілья быў узяты на неба жывым у вогненнай калясніцы. Сведкам гэтага цудоўнага ўзыходжання быў прарок Елісей. У Праабражэнні Гасподнім Ілья з’явіўся разам з прарокам Майсеем і размаўляў з Ісусам Хрыстом на гары Фавор.

У народзе кажуць, што ў Дзень прарока Ільі забаронена купацца. Гэтая забарона тлумачыцца так: Ілья-прарок ездзіць на конях па небе. Ад хуткага бегу адзін з коней губляе падкову, якая падае ў ваду, і тая адразу становіцца халоднай. Ад прарока Ільі, па народных вераваннях, залежаць росы, дажджы, град і засуха. Беларуская прымаўка “Ілья наробіць гнілля” азначае, што з гэтага дня звычайна ідуць дажджы, ад якіх гніюць хлеб і сена ў полі…

На другім баку медальёна — выява Бялыніцкай Божай Маці. Выява належыць да тыпу Адзігітрыі: Маці Божая прадстаўлена па пояс, франтальна, галава злёгку павернута да Немаўляці; левай рукой яна падтрымлівае Дзіця, у правай — падоўжаны дэкаратыўны скіпетр. Галава Дзіцяці — ва ўзорыстай каралеўскай кароне; правая рука — бласлаўляе, у левай — дзяржава. Паводле падання, абраз быў прынесены манахамі ў XIII ст. у мястэчка Бялынічы і размешчаны ў Ільінскім храме, дзе цудоўным чынам праззяў пад час усяночнай. У 1596 г., пасля падпісання Брэсцкай уніі, храм быў ператвораны ва ўніяцкі, а затым разбураны…

Звесткі аб з’яўленні новага абраза ў Бялыніцкім кармеліцкім кляштары, заснаваным у 1624-м канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам, адносяцца да 1634 года. Манахі беспаспяхова спрабавалі знайсці ў навакольных мясцінах мастака, здольнага напісаць абраз Божай Маці. Страціўшы ўсякую надзею, яны звярнуліся з малітвай да Бога, і ўслед за тым у кляштары з’явіўся анёл у вобразе юнака-паломніка, які назваў сябе мастаком, і пакуль манахі спявалі малітву Багародзіцы, напісаў на дошцы лікі Божай Маці і Немаўляці Хрыста незвычайнай прыгажосці. Ён жа прадказаў, што неўзабаве Багародзіца “сама ўпрыгожыць сябе вопраткай”, і ўжо ў 1635-м Крыштаф Завіша даслаў для абраза рызу ды сярэбраную карону, а Казімір Сапега — “залатыя ўпрыгожанні”.

У 1655 г. абраз Бялыніцкай Божай Маці быў перавезены ў Ляхавіцкую крэпасць, і знаходжанне яго там дазволіла вытрымаць трохмесячную аблогу войскамі цара Аляксея Міхайлавіча. Пасля заканчэння вайны 1654 — 1667 гг. ікона была вернута ў Бялыніцкі кляштар. У 1755-м камісія, дасланая Віленскім епіскапам Міхаілам Зяньковічам, даследаваўшы запісы пра цуды, якія адбыліся ад іконы, і агледзеўшы выявы абразоў, прызнала Бялыніцкі абраз цудатворным. 20 ліпеня 1761 г. епіскап Міхаіл Зяньковіч здзейсніў урачыстую каранацыю абраза, усклаўшы на яго вянцы, заказаныя Агінскім ды Сапегамі і асвечаныя ў Рыме папам Бенедыктам XIV. Пра гэта кажа лацінскі надпіс на медальёне: “OV BIALYNIC BEN XIV CAD”.

Лічылася, што калі насілі медальён з верай і адданасцю, то ён прыносіў асаблівую ласку ды заступніцтва…

Наталля КАВАЛЕВІЧ, навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”

На здымку: Бялыніцкая Божая Маці.