Любоў да мастацтва

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Галіна ГАРЭЛАВА, кампазітар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі
— Культура — паняцце настолькі ёмістае, што ахоплівае ўсе бакі нашага жыцця і пачынаецца, да ўсяго, з чыстых прыбіральняў. Яна не залежыць ад сацыяльнага паходжання, бо галоўнае — быць арыстакратам па духу. Для мяне ж як для музыканта культура азначае найперш стаўленне да мастацтва, выступае яго своеасаблівым “сінонімам”.

/i/content/pi/cult/492/10528/12-8.jpgМая маці была будаўніком, бацька — майстрам на велазаводзе. Але імя ён мне даў у гонар Галіны Уланавай, якую літаральна абагаўляў. Яе вялізны партрэт у партыі Адэты, выразаны з часопіса “Огонёк”, вісеў у нас на сцяне — побач з маленечкай выявай Леніна. Бацькі не прапускалі ніводнай прэм’еры Опернага тэатра. Кумірам маці быў знакаміты беларускі барытон Мікалай Ворвулеў. У доме мелася шмат грампласцінак, у тым ліку з музычнай класікай. Памятаю рамансы Тамары Цэрэтэлі, сюіту з балета Аляб’ева “Чароўны барабан” — нешта накшталт Бетховена…

Другой прыступкай у спасціжэнні музыкі стала, вядома, музычная школа, куды адвялі мяне бацькі. Пэўна, ува мне, сваёй старэйшай дачцы, яны бачылі чалавека, які здзейсніць іх запаветныя мары. Мама збіралася паступаць у музычнае вучылішча, але пачалася вайна. А пасля адбудоўвала Мінск. Бацька быў мультыінструменталістам-самавукам, цудоўна саліраваў на акардэоне. У шафе захоўвалася мандаліна, да якой нам, дзецям, нават дакранацца не дазвалялася.

Чакаючы заняткаў, я, здаралася, сядзела ў калідоры музычнай школы і глядзела на карціну Фёдара Васільева “Адліга”, рэпрадукцыя якой вісела на сцяне. Гэта было тое сузіранне, якое, мабыць, і сфарміравала мяне як творчага чалавека.

Увогуле ж, мой улюбёны жывапіс — пейзажы, і гэта таксама, верагодна, з дзяцінства. Любімы мастак — Вітольд Бялыніцкі-Біруля, асабліва яго “Зімовы сон”, напісаны ў 1911-м. Гэтак жа, з дзяцінства, і любоў да паэзіі. Я навучылася чытаць у чатыры гады, і з таго часу не развітваюся з кнігай. Яшчэ да гэтага бацька чытаў вершы — не тыя, што прызнаны “дзіцячымі”, а проста класіку. Многія словы мне былі там незразумелыя, сэнс — цьмяным, але вабіў рытм і само спалучэнне гукаў, якое ўспрымалася чароўнай музыкай…

...Неяк пачула ад больш маладога калегі: маўляў, ваша пакаленне — зомбі. Задумалася: што ж тады казаць пра цяперашняе — няўжо “камп’ютарныя мышкі”? Памятаю, калі ў фільме “Гадзіннік спыніўся апоўначы” паказвалі Анатоля Адоскіна, які ці не ўпершыню стварыў зусім не карыкатурны вобраз ворага, маці, якая перажыла вайну, казала: “Паглядзі, які высакародны”. А калі аднойчы я спытала, што такое камунізм, яна па-філасофску адказала: “Гэта як гарызонт: кожны хоча туды дайсці...” Так што сапраўдная культура — гэта яшчэ і супрацьяддзе ад замбіравання. Бо яна вучыць сузіраць — і думаць…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"