Ганчары пакуль — у глушы Палесся

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Гарадная: начныя майстар-класы, аўтаспын на дарогах ды школьная “гасцініца”
Дзясяткі ганчароў у невялікай палескай вёсцы, сотні гасцей ды турыстаў як з Беларусі, так і з замежжа, распродаж “мамзэлек”, “злівачоў” ды “палякаў” на традыцыйным кірмашы… Усё гэта і многае іншае можна было пабачыць у знакамітым паселішчы Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе з 22 па 31 ліпеня праходзіў ІV Міжнародны пленэр ганчароў.

/i/content/pi/cult/492/10526/12-2.jpg

/i/content/pi/cult/492/10526/12-4.jpg

Госці — не толькі ля цікавосці

Сёлета ў Гарадную, каб паўдзельнічаць у міжнародным свяце, прыехалі майстры ганчарнай справы з шасці краін: Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Грузіі і, вядома ж, Беларусі. І завіталі яны сюды не толькі для цікавосці, а для таго, каб папрацаваць з мясцовай глінай, пагутарыць з народнымі ўмельцамі, што працуюць за ганчарным кругам не адно дзесяцігоддзе, ды падзяліцца вопытам з аднадумцамі і моладдзю…

Былі сярод запрошаных гасцей і, так бы мовіць, “старажылы” гараднянскіх пленэраў. Напрыклад, народная мастачка з Расіі Наталля Галаванава пабывала яшчэ на самым першым Міжнародным пленэры ганчароў, што адбыўся на Століншчыне ў 2008-м. Па яе словах, яна вельмі рада, што за некалькі гадоў матэрыяльная база Цэнтра ганчарства ў Гарадной палепшылася. “Памятаю, на першым пленэры мы карысталіся вельмі дрэннымі ганчарнымі кругамі, — распавяла мне Наталля Галаванава. — Цяпер жа тут маюцца ажно тры электрычныя, працаваць на якіх — адно задавальненне! Думаю, гэта здарылася дзякуючы таму, што ў Гарадной пастаянна ладзяцца такія прадстаўнічыя пленэры”.

І сапраўды, “матчастка”, па словах нязменнага кіраўніка Цэнтра ганчарства Алімпіяды Леанавец, значна пабагацела. У рамках Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 — 2015 гады былі набыты тры электрычныя ганчарныя кругі, электрапеч, шкляныя вітрыны для эксапанатаў выставачнай залы. А нядаўна ўстанова культуры папоўнілася электрычнай глінамялкай. Да таго ж, плошчы Цэнтра ганчарства павялічыліся, і цяпер на іх прадстаўлены дзясяткі экспанатаў ад майстроў глінянай справы з розных куткоў Еўропы і Азіі.

Спонсары ідуць насустрач

Але ж вярнуся да размовы з Таццянай Галаванавай. Справа ў тым, што расійская майстрыха — не толькі прызнаны спецыяліст у ганчарнай справе, але і адзін з арганізатараў міжнародных фестываляў глінамесаў у сваім родным горадзе Скапіне Разанскай вобласці. Усяго ў Скапіне зладзілі пяць міжнародных фестываляў, прычым на апошнім пабывала і дэлегацыя з Гарадной.

Не мог не пацікавіцца арганізацыяй падобных мерапрыемстваў. Як распавяла Таццяна Галаванава, першы фэст у Скапіне ладзіўся не без пытанняў. Адно з іх, вядома ж, — фінансавае. Скапінская мастацкая фабрыка, калектыў якой займеў намер арганізаваць фестываль, была гатова прадаставіць сваё абсталяванне для ганчароў. А дзе ўзяць грошы для таго, каб накарміць ды рассяліць удзельнікаў па гасцініцах? Сваіх фінансаў у фабрыкі было не так багата, а каб атрымаць дзяржаўную падтрымку, спачатку патрабавалася напісаць праект ды трапіць з ім у федэральную праграму. Шлях, зразумела, доўгі і пакручасты, які, да таго ж, не гарантаваў паспяховага выніку.

Таму арганізатары вырашылі ісці да кіраўнікоў мясцовых прадпрыемстваў. Як кажа Таццяна Галаванава, у асноўным, пад час хаджэнняў па кабінетах, яны “білі” на патрыятызм, на тое, што, дзякуючы фестывалю, пра Скапін даведаюцца ва ўсім свеце а гэта, у сваю чаргу, адаб’ецца і на вядомасці той прадукцыі, якую вырабляюць у горадзе… І спонсары пайшлі насустрач…

За іхнія грошы ў 2002 годзе быў арганізаваны прыезд майстроў-глінамесаў з усіх куткоў Расійскай Федэрацыі, Беларусі, Малдовы, Румыніі, Польшчы — больш за 200 чалавек… Усім спонсарам пад час міжнароднага мерапрыемства была забяспечана вялікая рэклама ў сродках масавай інфармацыі. Акрамя таго, кожнаму дырэктару прадпрыемства-мецэната былі ўручаны падзячныя лісты ад высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў… Не варта і казаць, што наступны фэст глінамесаў таксама быў прафінансаваны за кошт тых жа, а таксама і новых спонсараў.

Самае цікавае, што з цягам часу мерапрыемства набыло-такі розгалас, што апошняе, пятае па ліку, было прафінансавана таксама і з федэральнага бюджэту… Такім чынам, прыватная ініцыятыва атрымала дзяржаўную падтрымку… На мой погляд, выдатны прыклад таго, як трэба працаваць ва ўмовах недахопу фінансавання шматлікіх рэгіянальных фестываляў, якія ладзяцца на Беларусі!.. Дадам толькі, што фінансаванне пленэру ў Гарадной адбывалася сёлета за сродкі раённага і абласнога бюджэтаў…

За справай — і ўдзень, і ўначы

Як успамінала Наталля Галаванава, і ў свой мінулы прыезд яна “кватаравала” ў мясцовай школе. На жаль, міні-гасцініцы ці аграсядзібы ў наваколлях Гарадной з тых часоў так і не з’явілася, таму начлег у вучнёўскіх кабінетах для майстроў стаўся завядзёнкай. Праўда, пад час мінулага пленэру, як распавялі арганізатары, хадзілі чуткі, што ў якасці гатэльчыка можна будзе выкарыстаць былы школьны інтэрнат. Але пакуль гэтыя перспектывы — хутчэй за ўсё, адно толькі мары: упадабаны будынак ужо некалькі гадоў як закансерваваны, і каб давесці яго да ладу, патрэбны значныя ўкладанні.

Варта сказаць, што жыццё ў спартанскіх умовах для майстроў ганчарнай справы мела і свае выгоды. Справа ў тым, што ад школы да Цэнтра ганчарства, дзе вырабляліся гліняныя вырабы, ісці не так ужо і далёка. Таму многія ўдзельнікі пленэру працавалі за ганчарным кругам і зранку, і ўдзень, і ўначы. А пасля працы скіроўваліся да мясцовых кар’ераў, дзе можна было не толькі накапаць якаснай гараднянскай гліны, але і паплаваць…

Не магу не распавесці і пра своеасаблівую “фішку” сёлетняга пленэру. Ёю стаўся прагляд стужкі з дзяржаўнай фільматэкі Польшчы пра вёску Гарадная. Карціна была знята яшчэ ў далёкім 1939 годзе і доўжыцца восем хвілін, але ў ёй адлюстраваны ўвесь цыкл работы з глінай — ад назапашвання матэрыялу да абпальвання гатовага посуду і продажу яго на кірмашы ў Пінску. Па словах загадчыка аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, каардынатара пленэраў у Гарадной Ларысы Быцько, грошы на заказ копіі фільма з двухразовай дэманстрацыяй перад гледачамі былі выдаткаваны з бюджэту райвыканкама.

Але ж, як слушна заўважыла мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская, якая таксама пабывала гэтымі днямі ў Гарадной, на жаль, у Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў падобнага фільма няма. Як і іншых стужак, знятых у міжваенны час польскімі кінарэжысёрамі на беларускай зямлі, нягледзячы на тое, што гэта наша супольная спадчына… Вось і даводзіцца браць у Польшчы дазвол на паказ…

Эх, дарогі…

Акрамя таго, што ў Гарадной так пакуль і не з’явілася месца начлегу для гасцей, яшчэ адной праблемай выглядае транспартная. І сапраўды, дабрацца да вёскі не так ужо і проста. Знаходзіцца яна за 13 кіламетраў ад шашы Пінск — Столін, а, напрыклад, са сталіцы Беларускага Палесся аўтобусы сюды ідуць толькі па пятніцах і нядзелях. Таму той, хто вырашыць завітаць у вёску без аўтамабіля ці веласіпеда, рызыкуе спаткацца з аўтаспынам. Мне, да прыкладу, каб трапіць на пленэр, а пасля з’ехаць, давялося “галасаваць” на дарозе неаднойчы…

За дастаўку ў Гарадную і назад вялікі дзякуй сумленным кіроўцам! Але ж такі шлях, пагадзіцеся, не зусім добрае баўленне вольнага часу: турыстам з дзецьмі ён не падыйдзе. На жаль, на аўтавакзалах у Пінску ды Століне я нават і згадкі не ўбачыў пра тое, што ў Гарадной праходзіць мерапрыемства міжнароднага маштабу, што на гэтыя дні запушчаны дадатковыя рэйсы ў гэтае палескае паселішча... На мой погляд, безумоўны пралік як з боку транспартнікаў, так і арганізатараў…

Як мне падалося, міжнароднаму пленэру бракавала рэкламы. Так, яна была і на тэлебачанні, і ў газетах, і ў Інтэрнэце, але ж… Напрыклад, рэкламных улётак ці банераў пра знакавае мерапрыемства я не заўважыў, паўтаруся, ні ў Пінску, ні ў Століне. А ўся гэтая, не надта і дарагая, рэгіянальная рэкламная кампанія магла б паспрыяць таму, што на Століншчыну ў гэтыя дні завітала б нашмат больш гасцей і проста ахвотных да незвычайнага з усіх брэсцка-пінскіх наваколляў…

Зрэшты, адсюль паўстае і шэраг іншых пытанняў: ці маюць намер арганізатары ды мясцовыя ўлады надаць пленэру ў Гарадной больш шырокі розгалас, ці плануюць яны развіваць турыстычную інфраструктуру ў наваколлях вёскі і ўключаць яе ў міжнародныя ды айчынныя турмаршруты, супрацоўнічаць з турфірмамі, пашыраць рэкламную дзейнасць не толькі ў сродках масавай інфармацыі, але і на замежных парталах? Бо калі на гэтыя пытанні адказаць станоўча, дык тады варта стварыць арганізацыйны камітэт, які будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове, перавесці пленэр у разрад міжнародных фестываляў, парупіцца пра адбудову міні-гасцініцы ці аграсядзіб у наваколлях Гарадной... Бо што ні кажы, а ганчарны промысел, унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны, — з’ява ўнікальная. З’ява, пра якую варта рупіцца і гаварыць заўсёды, а не толькі раз на два гады, пад час міжнародных пленэраў… Каб не даць згаснуць агеньчыку жывой традыцыі, што цягнецца з глыбіні стагоддзяў…

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"