Дарагі танны “Бульвар…”

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Бібліятэка: танга, фібравы чамадан і мода 1940-х
Нагодай для гэтай публікацыі стала свята “Бульвар, які чытае”, што прайшло 26 ліпеня і было прымеркавана Цэнтральнай гарадской бібліятэкай Брэста да 995-годдзя з дня заснавання горада. Свята, як высветлілася, — штогадовае. І кожнае — не паўтарае папярэдняе. Пазалетась па Брэсце рушылі тралейбусы з кнігамі, а ў салонах мясцовыя паэты чыталі вершы… Летась асновай свята стала кніжная гісторыя абласнога цэнтра. Спроба разабрацца ў “метадалогіі” сёлетняй акцыі падалася карыснай для больш дакладнага вызначэння сённяшняй ролі бібліятэкара ды ягоных функцыянальных абавязкаў. Творца, як падаецца, тым і адрозніваецца ад сляпога выканаўцы пабочнай волі, што сам для сябе вызначае гэтыя абавязкі…

Сёлета свята распавядала пра Брэст 1940-х. Што ж можна было пабачыць і адчуць на “Бульвары…”, які прапісаўся перад ЦГБ? У першую чаргу — еднасць і паразуменне гарадскіх арганізацый, так або інакш датычных культурнай сферы. Аб’ядноўвала і накіроўвала намаганні, натуральна, бібліятэка. На бульвары Шаўчэнкі выступаў струнны квартэт філарманічнага аркестра духавой і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля. Прадметы тагачасных інтэр’ераў і рэчаў, што сталі сведчаннямі эпохі, прадаставілі для выстаўкі “Зазірнём у 40-я” музей брэсцкай сярэдняй школы № 12 і абласны ваенкамат, дзе музея пакуль няма, а фонд для яго ўжо ствараецца. Адна з паліграфічных фірм горада ўзяла на сябе раздрукоўку рэкламна-інфармацыйных буклетаў. На Захадзе гэта называецца спонсарствам, у нас — сацыяльным партнёрствам.

У выніку, як распавяла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦГБ Святлана Гарадзецкая, свята не запатрабавала ні капейкі фінансавых уліванняў. Ні сёлета, ні ў мінулыя гады. Ці пачувалі сябе бібліятэкары “масавікамі-забаўнікамі”? Ды не, хутчэй, як і заўжды, — даследчыкамі і “парушальнікамі спакою”. Прынамсі, не былі падобныя на тых, хто хаваецца ад рэчаіснасці за кніжнымі стэлажамі.

На выстаўцы “Зазірнём у 40-я” апрача фібравага чамадана, пішучай машынкі, патэфона са шчымлівым танга, плеценай этажэркі, венскага стула, тэатральных афіш ды крэпдэшынавых сукенак экспанаваліся шматлікія фотаздымкі з чытацкіх сямейных архіваў. Унікальнасць артэфактаў не выклікала сумневаў: панская Польшча, ваенны гады савецкай Беларусі, сялянскі побыт, паваенная разруха, гады ўзнаўлення — усё гэта было пададзена праз лёсы канкрэтных людзей… Святлана Гарадзецкая папрасіла згадаць прозвішчы чытачоў, што шчыра адгукнуліся на патрэбы “Бульвара…” Вось яны: Ірына Касмачова, Ларыса Візгульб, Ганна Шалюта, Галіна Волкава…

Дзяўчаты з інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела не адыходзілі ад камп’ютараў, каб на “Бульвары…” прэзентаваць дайджэставыя выбаркі мадэляў адзення 40-х. Натуральна, што ад удзельнікаў свята паступіла замова: зрабіць “модны” зборнік агульнадаступным. Як, зрэшты, і падборку вершаў — пра Брэст. Дзве гэтыя кніжкі абяцаюць стаць бестселерамі… Не дзіва, што пасля такіх акцый, як сцвярджаюць у аддзеле бібліятэчнага маркетынгу, колькасць чытачоў ГЦБ нязменна павялічваецца: цяжка прыгадаць больш гнуткую тактыку развіцця бібліятэчнай справы.

А яшчэ на пляцоўцы перад бібліятэкай можна было пазнаёміцца з рэдкімі кніжнымі выданнямі, што маюцца ў фондах абласной і гарадской бібліятэк. Словам, усё было грунтоўна, нестандартна, цікава. Я здзівіўся б, каб у буйным горадзе бібліятэчная ўстанова мяне не ўразіла б. Пытанне ў іншым.

Чаму сельскія бібліятэкі не надта радуюць чытача гэткімі ж прэзентацыйнымі святамі з розгаласам сярод чытачоў і ў СМІ? Не думаю, што адказ крыецца ў меркаванні нашай актыўнай чытачкі — бібліятэкара з Барысава Ларысы Захарэвіч, якая сцвярджае: “…Энная колькасць бібліятэкараў зараз знаходзіцца ў цэйтноце з-за магічнага слова “аптымізацыя”. З гэтай нагоды хочацца сказаць пра тое, што ёсць у нас заўжды надзённая прыказка: памірай, а жыта сей… Упершыню я пачуў яе ад сваёй цёткі Вары, якая пасля вайны ўзначаліла калгас і адзінай начальніцкай прывілеяй якой было тое, што ў плуг упрагалася першай. Я паглядзеў бы на той калгас, калі б цётку Вару звольнілі толькі па той прычыне, што кагосьці турбуе не канчатковы вынік, а сам працэс аптымізацыі… Сённяшняя ж практыка паказвае, што “аптымізуюць” найперш тых, хто з цэйтноту выйсці не можа…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"