Лялькі з “Табакеркі”

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

У Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь створана экспазіцыя “Беларускі дзіцячы лялечны тэатр ХХ ст.”. Лялечны тэатр вельмі блізкі, зразумелы нашым наведвальнікам. На іх вачах ажывае чароўны свет казкі. Лялькі, якія прадстаўлены на экспазіцыі, падобныя на цацкі і яскравыя кніжныя карцінкі. А ўсё, што адбываецца на экспазіцыі, нагадвае наведвальнікам музея іх уласныя цацкі і гульню ўяўлення, калі прачытанае ажывае, пачынае рухацца і гучаць.

У зале прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея. Гэта лялькі, якія былі заняты ў спектаклях Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і абласных лялечных тэатраў (мастакі — Л.Герлаван, А.Фаміна, В.Рачкоўскі, М.Данько, А. і Г. Сідаравы), афішы і праграмы да спектакляў розных часоў, эскізы лялек мастакоў Л.Быкава, А.Вахрамеева. Экспануюцца і фатаграфіі сцэн да спектакляў “Дзед і жораў” В.Вольскага, “Сярэбраная табакерка” паводле З.Бядулі, “Па шчупаковай волі” Л.Тарахоўскай, “Іван-царэвіч і Шэры Воўк” А.Бычкова, “Тыграня Петрык” Х.Янушэўскай, “Балада пра белую вішню” С.Клімковіча, “Сымон-музыка” паводле Я.Коласа, “Чортаў млын” паводле Я.Дрды і інш.

Значнае месца займае паказ матэрыялаў Дзяржаўнага тэатра лялек Беларусі. Тэатр амаль за 70-гадовы тэрмін стаў школай майстэрства для акцёраў, казачным домам для дзяцей, стаў вядомым не толькі ў Беларусі, а і далёка за яе межамі.

Вопыт дзейнасці рэжысёраў — народнага артыста Беларусі Анатоля Ляляўскага і яго сына Аляксея Ляляўскага аказаўся бясцэнным для ўсіх лялечных тэатраў краіны. Тэатр праславілі мастакі Л.Быкаў і Б.Звінаградскі.

Юныя гледачы змогуць патрымаць лялькі ў руках, паразмаўляць з імі, паўдзельнічаць у спектаклях, якія будуць ладзіць навуковыя супрацоўнікі.


Валянціна ДРОЗД,
загадчык навукова-экспазіцыйнага
аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі
тэатральнай і музычнай культуры