Паяднаць вужа і вожыка

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Метадыст “чатыры ў адным”: як зламаць стэрэатып
У красавіку гэтага года ў “К” пад рубрыкай “Форум” выйшаў артыкул “Раённага метадыста выклікалі?”. У ім, як вы памятаеце, гаворка ішла пра аптымізацыю метадычных служб у шэрагу раёнаў Беларусі, аналізаваліся плюсы і мінусы гэтага няпростага працэсу. Прайшоў час, ужо можна казаць пра пэўныя вынікі, не, не паўсюдных скарачэнняў, а работы метадыстаў у якасна новых мінімізаваных умовах. А вынікі працы ў падобнай прафесіі, як вядома, — ініцыятыва, ідэя, праект. Дык наколькі павялічылася ступень крэатыўнасці сельскіх клубнікаў? Ці не засталіся яны там-сям сам-насам са сваім творчым клопатам? Да абмеркавання згаданых пытанняў мы запрасілі дырэктара Міёрскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы і загадчыка метадычнага аддзела названай дзяржаўнай установы культуры Васіля МЯДЗЮХУ, загадчыка аддзела метадычнай і інфармацыйнай работы Старадарожскага цэнтра культуры і адпачынку ды старшыню райкама прафсаюза работнікаў культуры Таццяну КУР’ЯНОВІЧ, загадчыка аддзела народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Горацкага раённага цэнтра культуры Любаву ВЛАДЫКА. Кожны з іх не толькі распавёў пра надзённыя праблемы, але і прэзентаваў крэатыўны доўгатэрміновы праект, што не можа не зацікавіць калег з іншых раёнаў ды абласцей.

/i/content/pi/cult/492/10517/7-1.jpgВасіль МЯДЗЮХА, дырэктар Міёрскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы і загадчык метададдзела ўстановы:

— Пэўную дапамогу нашым клубнікам аказвае народная эстрадная студыя “Зараніцы”. Прынамсі, з фанаграмамі праблем няма. Цяпер студыяй кіруе малады спецыяліст Ігар Бунта з Міёрскай школы мастацтваў, вельмі таленавіты ды ініцыятыўны. Увогуле, для метадслужбы — ідэал памкненняў: каб жа ўсе нашы кадры былі менавіта такімі…

Мы цяпер — структура ЦКС. Абавязкі для метадыстаў засталіся, натуральна, тымі ж: сцэнарыі, фанаграмы, навучанне клубнікаў… Але аб’ём працы значна павялічыўся. Чаму? З той простай прычыны, што неверагодна пашырылася інфармацыйная плынь, у якой трэба пачуваць сябе, як рыба ў вадзе. Амаладжэнне метадычных структур — працэс непазбежны. З Інтэрнэту гатовы сцэнарый не “вывудзіш” — толькі пэўныя ідэі, якія трэба адаптаваць, перапрацаваць для канкрэтна ўзятых умоў. Гадоў дзесяць таму, скажам, спецыялістаў для гэтага ў нас проста не было. Так што аптымізацыя аптымізацыяй, але пару чалавек у названым кірунку ў нас працуюць.

Так, паказчык ініцыятыўнасці — эфектыўная праектная дзейнасць. Некалькі гадоў таму мы здолелі распачаць акцыю “Next Gold”, прысвечаную развіццю альтэрнатыўнай харэаграфіі і паэтычнай творчасці. Спалучэнне, пагадзіцеся, крыху незвычайнае. І справа не ў тым, што пастараліся паяднаць вужа з вожыкам. Галоўнай падаецца нефармальнасць дадзенага праекта. Ініцыятыва зыходзіла “знізу”, ад моладзі з вёсак і райцэнтра, якія займаліся вулічнымі танцамі не пад прымусам, а для асабістага задавальнення. І нам, метадыстам, давялося вельмі асцярожна аб’ядноўваць калектывы, каб захаваць натуральнасць ці, так бы мовіць, першароднасць маладзёжнага, нічым не зафармалізаванага самавыяўлення. А гэта няпроста. Таму адна з назваў рэалізаванага раённага праекта — “Ламаем стэрэатыпы”. Сёлета дадзенае мерапрыемства прайшло напрыканцы мая, пад час апошніх школьных званкоў. Паўдзельнічаць прыехалі нават тыя, хто паступіў вучыцца ў іншыя гарады.

Другі складнік свята — паэтычны. У свой час наша паэтка Алена Басікірская працавала метадыстам. Вось яна і прапанавала далучыць да нефармальнай акцыі нефармальных маладых паэтаў. А сярод іх знайшліся рэперы. А брэйкдансары з рэперамі — ці не родныя браты. Вось усё і склалася, нікога не пакрыўдзілі. Харэаграфія, узмоцненая рэперскай лірыкай, дала неверагодны эфект! Карацей, моладзь нам паверыла. Скажыце, ці ёсць лепшая ўзнагарода для метадыста, няспешчанага высокімі заробкамі?..

Бюджэтныя грошы мы не выкарыстоўваем — абыходзімся пазабюджэтам. Перакананы, што гэты праект — жыццяздольны ды перспектыўны…

/i/content/pi/cult/492/10517/7-2.jpgТаццяна КУР’ЯНОВІЧ, загадчык аддзела метадычнай і інфармацыйнай работы Старадарожскага цэнтра культуры і адпачынку, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры:

— Аддзел наш існуе гадоў сем. Ёсць чатыры метадысты: па рабоце з моладдзю, дзецьмі, па інфармацыйна-выдавецкай дзейнасці, самадзейнай творчасці. Пераканана, што клубнікі павінны адчуваць пастаянную метадычную ўвагу. І паколькі з сельскімі кадрамі — усё больш узрастаючае напружанне, мы для сябе вырашылі: выданне метадычных зборнікаў — адзін з прыярытэтаў нашага клопату. Ужо сёлета выпусцілі іх трынаццаць штук. Прысвечаны яны прафілактыцы наркаманіі, арганізацыі каляндарных святаў, тэматычных дыскатэк…

Ёсць у нас Школа маладога спецыяліста. Вучацца не толькі “пачаткоўцы”, але і спецыялісты, якія не маюць профільнай адукацыі. У навучальнай праграме — методыка планавання дзейнасці клубных устаноў, сучасныя формы работы з моладдзю, азы сцэнічнага майстэрства, узаемадзеянне клубаў з навучальнымі ўстановамі. Вучым і самі вучымся.

Што думаем пра перспектыву? Пэўныя ўстановы культуры, як падаецца, неабходна перапрафіляваць. У нас ёсць вёскі, дзе няма ўжо моладзі, але маюцца фальклорныя калектывы, у якіх спяваюць нашы пашанотныя бабулі. Чаму б там не стварыць замест клубаў дамы фальклору? Ёсць паселішчы з развітой дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Значыць, спецыялізацыя тут павінна быць больш глыбокай, прытым што ўстанова абавязана ладзіць і звыклыя масавыя мерапрыемствы. Над гэтым і будзем працаваць...

Сёлета, па восені, мы запланавалі конкурс “Лепшы па прафесіі”. Ладзім яго ўпершыню для таго, каб і прэстыж прафесіі ўзняць, і прастымуляваць больш крэатыўныя падыходы да будзённай працы… Словам, падтрымліваем самі сябе. Удзел будуць браць усе без выключэння клубнікі. Дарэчы, яны з энтузіязмам успрынялі навіну і пачалі падрыхтоўуку. У конкурснай праграме — візітоўка, тэатралізацыя пра сімвалы і вобразы нашай традыцыйнай культуры, прэзентацыя асабістага таленту ў адным з абраных мастацкіх жанраў. Трое пераможцаў атрымаюць дыпломы і падарункі. Райкам прафсаюза работнікаў культуры пастараецца, каб падарункі былі сапраўды каштоўнымі.

Галоўная якасць клубніка — камунікабельнасць. У нас, не буду прыхоўваць, вельмі мала кадраў са спецыяльнай адукацыяй. Наша задача — іх падтрымаць, навучыць прафесіі. Дапамагаем правесці маніторынг інтарэсаў сельскіх спажыўцоў культуры. Як вынік — у раёне працуюць 24 аматарскія аб’яднанні і клубы выхаднога дня.

/i/content/pi/cult/492/10517/7-3.jpgЛюбава ВЛАДЫКА, загадчык аддзела народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Горацкага раённага цэнтра культуры:

— Рэарганізацыя сістэмы адбылася шэсць гадоў таму: РАМЦ расфарміравалі, пакінулі аддзел. Некамфортнасці не адчуваем. Займацца творчасцю для тых, хто ведае, — шчаслівая справа. Адзіная праблема — малы заробак метадыста, асабліва маладога спецыяліста, які атрымлівае да двух мільёнаў, але павінен быць на галаву вышэй за клубніка.

У нас, сапраўды, — тры ў адным. Мы — тры метадысты і я — працуем з сялом, вядзём гурткі пры РЦК, кіруем народнымі самадзейнымі калектывамі. І кожны складнік — выключна адказны. Мой калектыў “Паршынскія зоры” стаў, да прыкладу, гісторыка-культурнай нематэрыяльнай каштоўнасцю… Не, чатыры ў адным: мы яшчэ і артысты, занятыя ці не ў кожным раённым мерапрыемстве.

Пагаджаюся з тым, што эфектыўнасць метадслужбы ацэньваецца найперш па праектнай дзейнасці. Чатыры гады таму мы разам з Чырвоным Крыжам распачалі праект “Дапамажы сабе сама” па сацыялізацыі жанчын, што знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях. Праект заняў калісьці першае месца ў Магілёўскай вобласці. Удасканальваем яго і пашыраем, бо, на жаль, ён доўгатэрміновы. ЛПП знаходзіцца за 18 кіламетраў ад Горак. Загадзя дамаўляемся з адміністрацыяй аб прыездах, праводзім Дні здароўя, прыгажосці, арганізоўваем там канцэрты не толькі дзіцячых калектываў з музычных школ, але і лепшых ансамбляў з горада ды раёна. Чырвоны Крыж выдаткоўвае грошы на транспарт, прызы, на чай з тортам…

Калі мы рыхтавалі першае мерапрыемства, думала, што нейкія цяжкасці са сцэнарыем узнікнуць. Не! Жанчыны з ЛПП, да якіх прыязджала, самі прапаноўвалі крэатыўныя хады. Кожную драбніцу мерапрыемства абмяркоўвалі разам. Ці ж гэта не сацыялізацыя людзей, прыхільных калісьці да алкаголю?..

/i/content/pi/cult/492/10517/7-5.JPGРэзюмэ ад Я. Р. у працяг тэмы

Вы ведаеце, я атрымаў асалоду ад размовы з трыма кваліфікаванымі метадыстамі. Пры кадравай нішчымніцы без баявітай метадычнай службы сельская культура проста загібее. Тры прэзентаваныя “Форумам” маналогі — яскравы таму доказ. Мае субяседнікі ўсведамляюць што робяць і што трэба рабіць. І кожны з іх праектаў дае падставу для доўгіх разваг.

Міёрскі праект альтэрнатыўнага мастацтва. Для таго, каб прыцягнуць нефармалаў, самому трэба такім стаць. Справа — неймаверна складаная. Таму і акцый такіх — па пальцах пералічыць.

Старадарожскі конкурс прафесійнага майстэрства. Здавалася б — звыклая справа. Аднак не. Мяркуючы па рэдакцыйнай пошце і нашых камандзіроўках далёка не ў кожным раёне такія праекты рэалізоўваюцца. А, па маім перакананні, яны павінны стаць абавязковымі. У тым ліку для бібліятэкараў і выкладчыкаў ДШМ. Уявіце: 118 раёнаў памножыць на чатыры героі — і ліквідуюцца ўсе праблемы з фотапартрэтамі лепшых работнікаў культуры на першую старонку “К”.

Горацкая ідэя сацыялізацыі жанчын, што знаходзяцца на лячэнні ў ЛПП, увогуле, наколькі я ведаю, не мае аналагаў. Між тым, мы недаравальна забыліся на планавае культурнае абслугоўванне (у дадзеным выпадку — выхаванне) людзей з калісьці асацыяльнага асяродка ці людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Словам, сённяшні “Форум” не столькі праблемны, колькі практыка-арыентаваны. Чытайце, вучыцеся, бярыце на ўзбраенне і ўкараняйце пасля адаптацыі ва ўласную практыку!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"