Андрэй Кізіно і шчасце ў тым, што маеш

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Жанна ЛАШКЕВІЧ, загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача:
— На галоўнай старонцы сайта Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача размешчана афіша, што паведамляе: 17 верасня, у першы дзень чарговага тэатральнага сезона, гледачоў чакае сцэнічны жарт на дзве дзеі паводле паэмы “Тарас на Парнасе”. А на гэтай афішы ў вобразе галоўнага героя — наш артыст Андрэй Кізіно. 17 ліпеня Андрэя не стала. Ён, артыст, вядучы майстар сцэны, пайшоў ва ўзросце 42-х гадоў — у веку чалавечага і прафесійнага росквіту…

/i/content/pi/cult/491/10513/2-13.jpg

Сыход Андрэя Кізіно — вялікая і горкая страта для Тэатра юнага гледача. Шырокай публіцы гэты таленавіты артыст вядомы па ролях у мастацкіх фільмах “Следчы”, “Я тебя боготворю” і тэлевізійных серыялах “Каменская”, “Закон”, “Неба і зямля”, “Снайпер”. Маленькія ж гледачы нашага тэатра любілі ягоных усмешлівых Зайцоў (“Нельга нам без сябра”, “Парася, якое спявае”), Прынца-філосафа і няўрымслівага прасцяка Жака (“Сястра мая Русалачка” і “Кот у ботах”). Больш сталая аўдыторыя шчыра вітала зайздросніка Петэра (“Петэр Мунк і яго каменнае сэрца”), закаханага Генрыха (“Голы кароль”), нуварыша спадара Журдэна (“Мешчанін у шляхецтве”), хітруна Ігара Мікалаевіча (“Аднакласнікі”), палясоўшчыка Тараса (“Тарас на Парнасе”). Названыя ролі сталі самымі вядомымі тэатральнымі поспехамі артыста.

А з 1993 года Андрэй Кізіно абраў яшчэ дзве ролі, якія ў літаральным сэнсе дапамагалі дзецям жыць і змагацца: у Рэспубліканскім дзіцячым анкалагічным цэнтры ён увасабляў вобразы Клоўна Надзеі і Доктара Антошы...

...Калі ўвайсці ў раздзел водгукаў да спектакля “Тарас на Парнасе”, дык можна прачытаць такое глядацкае выказванне: “Асабліва мне запомніўся сам Тарас: ён напоўнены нейкай дзіцячай наіўнасцю і любоўю да ўсяго, што яго акружае. Ён проста ставіцца да жыцця, таму шчаслівы тым, што мае. Шкада, што не ўсе людзі могуць радавацца простым дробязям у жыцці, а гэта ж вельмі важна”. А вось фрагмент з водгуку на спектакль “Мешчанін у шляхецтве”: “Асабліва мне спадабаўся Андрэй Кізіно. Вы сыгралі проста выдатна! Іншых слоў у мяне няма...”

Работы Андрэя ў тэатры і па-за ім былі прасякнуты любоўю. А чым гэта не нагода, як піша глядач, быць шчаслівым тым, што маеш?..