Пра адраджэнне маёнтка Рушчыцаў

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, выкладчык архітэктурнага факультэта БНТУ
— Пасля правядзення традыцыйнага ўжо конкурсу, прысвечанага чарговай гадавіне з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца, разам са сваімі студэнтамі з архітэктурнага факультэта БНТУ здзейсніў у сярэдзіне ліпеня творчую вандроўку на радзіму гэтага слыннага мастака.

/i/content/pi/cult/491/10512/2-11.jpgЖылі мы ў сучасным аграгарадку “Багданаў”, а галоўныя замалёўкі рабілі за тры кіламетры шпацыру адтуль — сярод фантастычных краявідаў у самім гістарычным Багданаве, дзе засталіся рэшткі маёнтка Рушчыцаў, гаспадарчыя пабудовы (здымак з тых мясцін — на старонцы 5 пад рубрыкай "Фотафакт". — рэд.), адрэстаўраваны некалькі разоў касцёл…

Галоўныя пытанні пленэру — як сіламі і талентам будучых архітэктараў паспрыяць хоць частковаму адражэнню маёнтка Рушчыцаў; дапамагчы рэстаўратарам захаваць тое, што маем; як майстарам ландшафтнай архітэктуры “распрацаваць” месцы, адкуль сам Рушчыц маляваў (зразумела тое па ягоных вядомых карцінах) касцёл, млын; цікавыя і яшчэ некалькі кропак, што зараз прывабліваюць турыстаў.

Больш за тое: ёсць прапанова ад тамтэйшага ксяндза Ігара па магчымай перабудове званіцы — можа быць, як у Вішневе ці ў Солах…

І як для будучых архітэктараў для маіх студэнтаў, якія вывучаюць дысцыпліну “Скульптура”, ёсць магчымасць распрацаваць ды нават выканаць у матэрыяле бюст ці скульптуру мастака перад яго будучым музеем. Таксама група рабіла замалёўкі каля вёскі Дзясятнікі, дзе маюцца пахаванні салдатаў нямецкай, аўстрыйскай і расійскай армій, палеглых у гады Першай сусветнай вайны.

/i/content/pi/cult/491/10512/2-12.jpg

Работы з пленэру, магчымыя архітэктурныя распрацоўкі тэрыторый вакол сядзібы фаміліі Рушчыцаў, вакол касцёла, вакол самой вёскі будуць дэманстравацца на выстаўцы па выніках IV Рэгіянальнага конкурсу-пленэру “Зямля і неба Фердынанда Рушчыца” з 29 верасня па 12 кастрычніка ў галерэі Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна...