Добра, калі ў бункеры — лёх для бульбы?

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Забытыя сведкі Вялікай вайны
28 чэрвеня 1914-га — дата ракавога забойства аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фердынанта, якое сталася афіцыйнай падставай для пачатку Першай сусветнай вайны. Акурат праз месяц, 28 ліпеня, Аўстра-Венгрыя абвесціць Сербіі вайну, у якую цягам чатырох гадоў будуць уцягнуты больш чым 38 дзяржаў. У выніку яе загіне каля 22 мільёнаў чалавек — салдат і мірных жыхароў. Беларусь сталася адным з тых краёў, што найбольш пацярпеў ад аднаго з самых маштабных канфліктаў чалавецтва.

/i/content/pi/cult/491/10511/1-1.jpg

Лінія абароны каля вёскі Пасынкі Мядзельскага раёна. / Усе фота — Андрэя Мацура

/i/content/pi/cult/491/10511/1-3.jpg

Сцяна бліндажа ля вёскі Чухны на Смаргоншчыне.

/i/content/pi/cult/491/10511/1-4.jpg

Уваход у абарончы аб'ект.

/i/content/pi/cult/491/10511/1-5.jpg

Пралом у сцяне дота ля вёскі Пасынкі на Мядзельшчыне.

/i/content/pi/cult/491/10511/1-6.jpg

Нямецкі ўмацаваны раён ля вёскі Расохі на Мядзельшчыне.

/i/content/pi/cult/491/10511/1-7.jpg

Вайсковыя могілкі ля вёскі Калпея Смаргонскага раёна.

/i/content/pi/cult/491/10511/1-8.jpg

Барыс Цітовіч.

/i/content/pi/cult/491/10511/1-9.jpg

Нямецкі бункер, перароблены ў лёх (в. Чухны Смаргонскага раёна).

/i/content/pi/cult/491/10511/1-10.jpg

Рэйкі ля ракі Мядзёлка Пастаўскага раёна.

Лінія фронту, якая пралягла ў часы Вялікай вайны (так яе называлі) па беларускіх тэрыторыях з поўначы на поўдзень, роўная 400 км. Вілейскі, Пастаўскі, Мядзельскі, Баранавіцкі, Смаргонскі раёны… Гэтыя мясціны і да сёння захавалі акопы, доты, бліндажы, бункеры, умацаваныя раёны... Але, на жаль, для многіх тыя помнікі — у ліку незаўважных сведкаў, часткі ландшафту, якая маўчыць пра былое…

Тым не менш, менавіта іх — нябачных і “нетытулаваных” — абраў у якасці аб’ектаў для свайго даследавання фатограф Андрэй Мацур, што родам з вёскі Коўзаны Пастаўскага раёна. Андрэй зацікавіўся тэмай імперыялістычнай вайны дзякуючы слыннаму фатографу Сяргею Качаргіну: маўляў, жывяце ў такіх мясцінах, столькі навокал помнікаў, і не фатаграфуеце, — пажурыў старшы калега.

— Тады я і пачаў заглыбляцца ў тэму, — дзеліцца Андрэй, — чытаць літаратуру, наведваць канферэнцыі, пазнаёміўся з гісторыкамі, рэканструктарамі, людзьмі, дасведчанымі ў гэтым пытанні. І паралельна ездзіў ды здымаў памятныя мясціны…

Цягам года і трох месяцаў ён фатаграфаваў у шасці раёнах, дзе праходзіла лінія фронту Першай сусветнай, захоўваючы сціплую паўсядзённасць былых “удзельнікаў баёў”. І паступова даследаванне ператварылася ў фотакалекцыю, якая дазваляе паглядзець на памяць пра Першую сусветную як на патэнцыйны і забыты праект. Бо захаваліся яшчэ сведчанні гэтай вайны, здольныя як распавесці пра мінулае, так і задзейнічаць уяўленне. І колькасць сведчаннняў — уражвае.

Як жа аўтар знаходзіў аб’екты?

— Дзесьці дапамагалі тутэйшыя, але, напрыклад, па воінскіх пахаваннях неацэнны ўклад у мае пошукі зрабіў гісторык Уладзімір Багданаў. Ён склаў для мяне своеасаблівы маршрут па Смаргоншчыне, — апавядае фатограф.

Таксама адзначае Андрэй і ролю ў адраджэнні памяці пра герояў, ахвяр і падзеі той вайны Барыса Цітовіча, кіраўніка Дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай “Крокі”, мастака і даследчыка. Невыпадкова серыя фатографа ўтрымлівае здымак слыннага энтузіяста ды выяву Капліцы-помніка святых князёў Барыса і Глеба ў гонар воінаў, загінулых на ратных палях, якая знаходзіцца ў вёсцы Заброддзе.

— Каб не плён гэтых рупліцаў, многае было б згублена, — канстатуе Андрэй Мацур. — Але толькі іх высілкаў недастаткова, бо стан аб’ектаў несуцяшальны…

Доты, бліндажы часта захламлены смеццем, распавядае фатограф. “Людзі проста не разумеюць, што месца іх адпачынку для кагосьці ў мінулым стала месцам смерці.  Калі я здымаў у гэтых умацаваннях, ад падобных думак станавілася млосна. Сумна, але гэтыя мясціны існуюць у статусе “дэ факта”…

Асабліва складаная сітуацыя, кажа Андрэй, з пахаваннямі: “На дадзены момант нямецкія могілкі знаходзяцца ў больш дагледжаным стане. Могілкі ж вайскоўцаў рускай арміі часам маюць выгляд масавых пахаванняў, патрабуюць рэканструкцыі. Даводзілася бачыць, калі ў вёсцы Калпея на Смаргоншчыне побач знаходзяцца нямецкія і рускія могілкі. Крыжы з нямецкіх — пакасіліся, ды часам гэта ўсё, што засталося ад магілы воіна. І мясцовыя сабралі тыя крыжы ды склалі ля дрэва, стварыўшы сімвалічнае брацкае пахаванне. Гэтае месца працінае наскрозь…”

Што да стану збудаванняў Першай сусветнай, то некаторым з іх давялося ў сённяшні век атрымаць “другое жыццё”. У вёсцы Чухны Смаргонскага раёна Андрэй Мацур знайшоў нямецкі бункер, прыстасаваны… пад лёх.

— У ім бабуля захоўвае бульбу, — распавядае фатограф. — Ён глыбокі, кажа яна, і бульба не мерзне. Гэты выпадак трошкі радуе, бо лёх-бункер хтосьці даглядае…

Разглядаючы здымкі Андрэя, дзівішся таму, як упісваюцца сціплыя помнікі вайны ў паўсядзённы пейзаж. Вось даўгачасовы агнявы пункт — нямецкі дот — бачыцца ўдалечыні поля, засеянага кукурузай. Руіны яшчэ аднаго падобнага збудавання вымалёўваюцца на фоне ветрака ля вёскі Занарач. А вось Серафіма Місюкевіч, жыхарка вёскі Горнае Скорабава, паказвае дот Першай сусветнай вайны, у якім яна хавалася ад артылерыйскага абстрэлу пад час Другой сусветнай…

Акопы, мост па лініі фронту, рэльефныя ўмацаваныя раёны на вышыні… — своеасаблівае цела ландшафту яшчэ захоўвае дзіўныя прыкметы, якія мы часам не хочам заўважаць. Але ўсё змяняецца, калі бачыш гэтыя “шрамы”, калі ведаеш, адкуль яны…

Мацур плануе далей працаваць над серыяй, і наперадзе — вандроўкі ў Пінскі раён. Сёлета праект быў падтрыманы Прадстаўніцтвам ЕС у Беларусі, і выстаўку “Нябачныя помнікі Вялікай вайны” можна было ўбачыць у мінскім кінатэатры “Перамога”. У верасні яна мае адкрыцца ў Паставах, але, мяркуем, шлях серыі не абмяжуецца дзвюма пляцоўкамі. “Я спрабую сродкамі фота даць слова сваёй зямлі… Безліч разоў я дзякаваў лёсу за тое, што гляджу на свет праз аб’ектыў фотаапарата, а не праз прыцэл”, — кажа Андрэй.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"