Тысячы песень вайскоўцаў

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Песня па сваёй прыродзе прыдатная не толькі для таго, каб “забаўляць” сваіх выканаўцаў і слухачоў, але здольная да больш высокіх грамадзянскіх пасылаў, такіх, як выхаванне патрыятызму і любоў да сваёй Радзімы, высокая ступень грамадскай адказнасці. Аб гэтым у чарговы раз нагадаў гала-канцэрт лаўрэатаў тэлевізійнага фестывалю армейскай песні “Звезда”, прысвечанага 90-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, які адбыўся 15 лютага на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў.

Заснавальнікамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, Міністэрства культуры, грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, і праходзіць ён вось ужо ў адзінаццаты раз.

Але ж гала-канцэрт — гэта толькі заключны этап буйной акцыі, якая ахоплівае ледзь не ўвесь склад Узброеных Сіл ды іх “тылы”: грамадзянскі персанал, членаў сем’яў, курсантаў ваенных факультэтаў ВНУ...

Сёлета падчас адборачных этапаў, якія прайшлі нават у невялічкіх, аддаленых гарнізонах, сваё майстэрства прадэманстравалі каля дзвюх тысяч выканаўцаў. І гэта сведчыць пра тое, што мэты конкурсу — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне не толькі ваеннаслужачых, але і ўсіх грамадзян нашай краіны, прапаганда і папулярызацыя ваенна-патрыятычных песень, а таксама стварэнне новых музычных твораў, прысвечаных Узброеным Сілам і службе ў арміі, —сугучныя з памкненнямі саміх канкурсантаў.

Варта зазначыць, што ў склад журы конкурсу ўвайшлі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ермалаеў, намеснік Генеральнага дырэктара Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Капёнкін, паэт, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Аўруцін, галоўны адміністратар Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Барыс Шыхаў, рэжысёр-пастаноўшчык, музычны прадзюсер Генадзь Абакшонак і кіраўнік вакальнай студыі творчага цэнтра “Эўрыка” Наталля Монцік.

А ў якасці ганаровых гасцей у гала-канцэрце выступілі Ганна Шаркунова, Георгій Калдун, Дарыя, Віталь Пракаповіч, Герман, Наталля Адэль, гурт “Лепрыконсы”, дзіцячы ўзорны хор “Фэст” і ўзорны танцавальны ансамбль “Гарэзлівыя агеньчыкі”.


Ул. інф.