Намеснік загадчыка мае рацыю

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

На гэтым тыдні Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у час сустрэчы з уладальнікам буйной гандлёвай сеткі сказаў: “Канешне, я буду падтрымліваць і настойваць, каб прадавалі ўсё ж такі беларускае. Гэтае патрабаванне прасоўваецца мною ў мяккай форме, але мы будзем больш актыўныя ў дадзеным кірунку, і вы павінны разумець, што трэба прадаваць і беларускія тавары”.

/i/content/pi/cult/491/10509/2-2.jpgА за некалькі дзён да гэтага ў сацыяльнай сетцы шараговы пакупнік выклаў адказ ад сеткі гандлёвай з беларускай арніталагічнай назвай, што рэалізуе тавары для дзяцей. Прапанова пакупніка заключалася ў тым, каб пашырыць асартымент друкаваных выданняў і аўдыякніг на беларускай мове. Сярод аргументаў не рабіць таго, на ўзроўні намесніка загадчыка крамы было паведамлена: “Дадзеная група тавара не ўваходзіць у спіс Асартыментнага пераліку, г. зн. крама ажыццяўляе продаж дадзенай групы па ўласнай зацікаўленасці”, “…супермаркет не з’яўляецца вузкаспецыялізаваным магазінам па кніжна-друкаванай групе, і наяўнасць кніг і дыскаў на беларускай мове не абавязковая”, і, нарэшце, што пры наступным пераглядзе Асартыментнага пераліку прапанова пакупніка будзе ўнесена, “нягледзячы на тое, што цяжкасці могуць узнікнуць з наяўнасцю дадзенага тавара нават у беларускіх выдавецтваў”.

Так мяркуе намеснік загадчыка дзіцячага магазіна з беларускай арніталагічнай назвай. Мяркую, з апошнім пунктам нашым выдавецтвам — дзяржаўным і прыватным — і спрачацца смешна. Няхай бы завітала аўтар гэтага адказу на якую Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш ці на Дзень беларускага пісьменства, што пройдзе неўзабаве: хоць з асартыментным пералікам пазнаёміцца. А мо яна і завітала б, каб запрасілі. І тут пытанне да выдаўцоў: а свае дзіцячыя кнігі прапаноўвалі ў дзіцячыя ж крамы? Мо таму і лічаць прадпрымальнікі, што ў выдаўцоў з імі — цяжкасці?..

А вось тэзіс “наяўнасць кніг і дыскаў на беларускай мове не абавязковая” дзівіць, ды ўжо з гледзішча таго, чаму да гэтай пары не ўведзены хаця б пэўныя нормы наяўнасці выданняў на роднай мове для рознічнага гандлю. Крый божа, не 75%, як у свой час у радыёэфіры з беларускай музыкай, але пэўная планка з’явіцца, мяркую, магла б. Чаму? Бо цяпер маем пакаленне бацькоў, якое калі і ідзе па кніжку для дзіцяці, дык не ў кнігарню, а ў бліжэйшы супермаркет. І гэта фактар, які на перспектыву варта аб’ектыўна ўлічваць як кіраўнікам, так і выдаўцам: прынамсі, арыфметычная прагрэсія ліку такіх пакупнікоў непазбежная.

Адсюль і каментарый тэзісу пра тое, што “крама ажыццяўляе продаж дадзенай групы па ўласнай зацікаўленасці”. Чытаецца ж паміж радкоў, хутчэй, — “незацікаўленасць”. Зразумела, кніжкі, дзе персанажамі — “ліцэнзаваныя” выявы савецкіх ды замежных герояў мультыплікацыі, распрададуць раней, чым самае добрае, але новае выданне з невядомымі героямі на вокладцы. Першай групы ў нашых выдавецтваў, прынамсі, дзяржаўных, няма, а другой — з лішкам…

І вось што атрымліваецца: намеснік загадчыка той крамы мае рацыю па ўсіх трох пунктах. Нешта можна спісаць на неабазнанасць у выдавецкай сферы, на адсутнасць ініцыятывы самой крамы, але якія прэтэнзіі могуць быць, калі “не ўваходзіць”, “не з’яўляецца”, “не абавязковая” і “цяжкасці могуць узнікнуць”?..

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах