Грачанік з рыцкім смакам

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Адбыўся VI Раённы агляд-конкурс абрадавага фальклору “Спадчына зямлі Маларыцкай”. Мерапрыемства прайшло на падмостках Лукаўскага СДК.

/i/content/pi/cult/491/10508/11-7.jpg

/i/content/pi/cult/491/10508/11-9.jpg

Моманты агляду-конкурсу ў Лукаве.

— Раённы агляд-конкурс абрадавага фальклору праводзіцца раз на два гады, — распавядае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Андрэй Гарбацэвіч. — Кожны раз ён мае сваю тэматычную скіраванасць. Напрыклад, у 2012 годзе самадзейныя артысты дэманстравалі фрагменты вясельнага абраду. Цяпер жа ўвазе журы і гледачоў прапаноўваліся адноўленыя фрагменты купальскіх абрадаў некаторых населеных пунктаў Маларытчыны.

Пад час агляду-конкурсу былі праведзены майстар-класы. Іх давалі Святлана Луцык (бісерапляценне), Ала Назарук (саломкапляценне), Сцепаніда Сцепанюк (выраб ільняных нітак з кудзелі на калаўроце) з раённага Цэнтра народнай творчасці, а таксама Галіна Бінясюк (вышыўка), Вольга Смаль (пляценне пояса на дошчачках), Наталля Кавальчук (пучковае пляценне саломкі) са школы народнай творчасці Хаціслаўскага СДК і Іван Кардзялюк (лозапляценне) з Ужоўскага дома фальклору.

Адметнасцю сёлетняга мерапрыемства стала выстаўка-конкурс выпечанага хлеба з грэцкай мукі “Рыцкі смак”. Жанчыны-пекары, згодна з умовамі, дэманстравалі не толькі грачанік, але і рэцэпт яго прыгатавання. У спаборніцтве прынялі ўдзел прадстаўнікі больш як дзесяці населеных пунктаў Маларытчыны.

— Агляд-конкурс меў на мэце паказаць аднаўленне, зберажэнне і пераемнасць мясцовай традыцыйнай культуры, — распавядае дырэктар ЦКС Наталля Галавій. — Мы перакананы, што падзея паспрыяе далейшаму фарміраванню ў моладзі сапраўднага разумення каштоўнасці і адпаведнага стаўлення да асноў рэгіянальнай культуры як сацыяльна значнага фактара жыцця…

Здаўна летняя ночка купальская авеяна таямнічасцю і загадкавасцю. Купаллю народ прысвяціў мноства розных легенд, паданняў, песень… Усё гэтае багацце паказалі на сцэне фальклорныя гурты з Пажэжынскага СДК (ІІ месца па рашэнні журы), Ужоўскага ДФ (ІІІ месца),
Ляхавецкага, Дарапеевіцкага, Макранскага, Лукаўскага (ІІІ месца), Вялікарыцкага (І месца) і Ланскога СДК... Лепшыя грачанікі атрымаліся ў Еўдакіі Герасімук (в. Грушка) і Надзеі Дардзюк (в. Высокае). Жанчыны за свае выпечаныя вырабы атрымалі І месцы. ІІ-е — прысуджана Алене Міцук (в. Лукава), ІІІ-е — Наталлі Еўтуховіч (в. Збураж).

Скончыўся агляд-конкурс этнадыскатэкай, якую правёў Дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала”.

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара