“Гуды” аказаліся нечаканымі

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

18 ліпеня ў маёнтку “Каробчыцы” пад Гроднам прайшоў заключны этап Рэспубліканскага конкурсу-фестывалю фальклору і народнай песні Беларускага таварыства інвалідаў па зроку “Фольк-фэст “Гуды”.

/i/content/pi/cult/491/10507/11-4.jpg

Ансамбль "Кросны" з Віцебшчыны.

/i/content/pi/cult/491/10507/11-6.jpg

Ансамбль "Крынічанька" з Гомеля.

Фальклорных фестываляў улетку нямала, але “Фольк-фэст “Гуды” выбіваецца з шэрагу. Як адзначыў галоўны куратар ад Цэнтральнага праўлення БелТІЗ Міхаіл Антоненка, мэтай фестывалю з’яўляецца раскрыццё творчага патэнцыялу асобы інваліда па зроку, яго сацыяльная адаптацыя, фарміраванне матывацыі да самаразвіцця.

А паглядзець было на што! Акрамя ўласна конкурсу фальклору і народнай песні, удзельнікі фестывалю прадставілі і вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: вышыўка, разьба па дрэве, пляценне з лазы, саломкі, паперы, бісеру, вязанне…

Больш за ўсё мяне ўразілі тэатральныя калектывы “Перасмешнікі” з Гродзенскай і “Вандроўнікі” з Віцебскай вобласці. Акцёры жылі сваімі вобразамі, а іх шчырыя эмоцыі, упэўненыя рухі, яркія касцюмы, вясёлы запал акунулі гледачоў у казку тэатральных імпрэз…

І яшчэ адна рэч мяне ўразіла і прымусіла задумацца. Звычайна на конкурсах удзельнікі становяцца сапернікамі. Ніякай дапамогі, а тым больш эмацыйнай падтрымкі, адно ад аднаго яны не чакаюць. “Гуды” ў гэтым плане аказаліся поўнай нечаканасцю. Нягледзячы на тое, што былі аб’яўлены намінацыі і ў кожнай з іх за першае, другое і трэцяе месцы былі прадугледжаны грашовыя ўзнагароды, канкурсанты шчыра падтрымлівалі адно аднаго як маглі… Гэта прыемна здзівіла і яшчэ раз даказала, што не ўсё вымяраецца грашыма.

Дарэчы, прафінансавалі фестываль члены БелТІЗ самі: грошай хапіла і на аплату ўваходных білетаў у маёнтак “Каробчыцы” для ўсіх удзельнікаў (а іх было больш за 200!), і на ўзнагароды пераможцам, і на прэміі для астатніх удзельнікаў, і на абед з вячэрай...

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота аўтара