Асуджаныя на гіпермаркет

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Які клуб назавём “рабочым”... / Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі
Культура Міншчыны для нас абодвух — амаль нязведаная. Да “аўтапрабежных” часін рэдакцыйнае кіраўніцтва камандзіравала нас спрэс у аддаленыя раёны Беларусі. Маўляў, Мінская вобласць — “сякера” пад лавай: у любы час можна дастаць ды палюбавацца адточанай завостранасцю прысталічнай культурнай “прылады”. Выснова прыгожая, але, як аказалася, не вельмі дакладная. Прынамсі, першыя дні аўтаваяжу па Міншчыне прынеслі нам не толькі станоўчыя эмоцыі... Агаворымся, забягаючы наперад, што змест публікацый па выніках нашага ліпеньскага аўтатура тычыцца не столькі аптымізацыі, колькі прафесіяналізму альбо поўнай яго адсутнасці. Пытанне, як нам падаецца, — ці не самае на сёння надзённае і для сельскай культуры лёсавызначальнае.

/i/content/pi/cult/491/10505/10-1.jpg

Якая гэта ўстанова культуры і дзе яна знаходзіцца? Адказ просты: Палац культуры ва Уздзе.

/i/content/pi/cult/491/10505/10-3.jpg

Алег Каламіец (на пярэднім плане справа) у выставачнай зале Палаца.

/i/content/pi/cult/491/10505/10-4.jpg

Святлана Нясцюк паказвае выданні раённай бібліятэкі.

Як нараджаюцца зоркі?

Узда ўразіла. І не толькі “стрыечным архітэктурным братам” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — мясцовым Палацам культуры, што ўвесну быў уведзены ў эксплуатацыю. Так, у гэты прывабны “бурштынчык” укладзены немалыя грошы. Але творча-камерцыйныя магчымасці новай ўстановы культуры павялічыліся неймаверна. Як нам паведамілі мясцовыя работнікі культуры, з вясны прэс платных паслуг на СДК і СК стаў не такім заўважным і хваравітым: асноўны цяжар “пазабюджэткі” ўзяў на сябе Палац культуры (РЦК) з сонечнымі паверхамі, бясконцымі кабінетамі, шыкоўнай сцэнай і карціннай галерэяй. Але не толькі пра гэта наш расповед…

Нас уразіў Алег Каламіец, загадчык метададдзела Уздзенскага РЦК і выконваючы абавязкі яго дырэктара. Чаму? Ды таму, што сустрэча з прафесіяналам заўжды прыносіць радасць самых нечаканых адкрыццяў, на якія журналісты рэагуюць прыблізна так, як жвавы шчупак на соннага карася… Тут самы раз паразважаць пра тое, што ж такое прафесіяналізм. Мы перакананы: якасць гэтая набываецца не толькі цягам гадоў навучання (няхай сабе і ўніверсітэцкага), а яшчэ і паступовым назапашваннем практычнага досведу. Усе нашы сённяшнія “зоркі” ад сельскай культуры пачыналі харэографамі, акампаніятарамі, мастацкімі кіраўнікамі. Каламіец дванаццаць гадоў адпрацаваў у раёне кіраўніком СДК. І мы не баімся яго перахваліць, бо спецыяліст даўно расклаў па паліцах усё, што яму трэба для працы, ведае сабе цану, працягвае вучыцца і не баіцца агучваць праблемы, бо лічыць нас аднадумцамі. Такіх лаяць — толькі псаваць.

Праблем няма толькі ў абібокаў

Дык вось, на Уздзеншчыне — амаль два дзясяткі клубных устаноў. Апрача СДК ёсць сельскі клуб, Цэнтр вольнага часу і бібліятэка-клуб. Безумоўна, кадравае пытанне — самае балючае. Пры адсутнасці належных заробкаў рэй неўзабаве стануць весці дылетанты, а аб прафесіяналах застануцца хіба што легенды… Абслугоўваюць сельскую “армію” два (!) метадысты, адзін з іх — паўставачнік. Ёсць яшчэ ў аддзеле кіраўнік клуба майстроў і “рамесніцкі” метадыст. Вось і ўвесь штаб, які павінен натхняць ды накіроўваць. Зразумела, што з названымі абавязкамі структура ледзь спраўляецца. Для выніковай працы патрэбны хаця б чатыры метадысты, яшчэ адзін камп’ютар, больш магутны прынтар, належны аўтаклуб. Не, “Пежо” ёсць, але без генератара і музычнай тэхнікі. Увогуле, недахоп апаратуры — даўняе захворванне сельскіх устаноў. Толькі сем з іх так-сяк прыстасаваны для дыскатэчнай дзейнасці.

І рок-гурт “Кандраты”

Малады загадчык метададдзела добра ведае, у якім напрамку варта рухацца раёну. Патрэбны маніторынг, скіраваны на брэндазабеспячэнне кожнага клуба. Да прыкладу, ужо цяпер добра вядома, што галоўная адметнасць Хатлянскага СДК — ткацтва, Дзешчанскага — сімбіёз аматарскай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва… А вось Возерскі сельскі дом культуры праславіўся рок-гуртом “Кандраты”. Хлопцы, памятаючы творчыя запаветы земляка Кандрата Крапівы, уласны рэпертуар складаюць сваімі сіламі і спяваюць выключна на роднай мове. На базе гэтай установы запланавана правядзенне раённага семінара-практыкума па развіцці вакальна-інструментальнай творчасці…

Мы пахадзілі па Палацы, у якім працуюць 23 фарміраванні, зазірнулі ў галерэю, дзе творы мастакоў з Мінска і Узды выстаўлены пад агульнай назвай “Паміж Нёманам і Уздзянкай”, памроілі пра тое, што такія ўстановы займее кожнае беларускае сяло. Калі? Прыкладна тады, калі заробак работніка культуры будзе адпавядаць высокаму прызначэнню апошняга і калі вёска перастане сарамліва знікаць у культурным плане пад маркай аптымізацыі.

Імя Паўлюка Труса

Раённая і дзіцячая бібліятэкі таксама месцяцца пад дахам Палаца. Мы бачылі, як бабулі з унукамі ды ўнучкамі чародкай ішлі ў дзіцячую. Таму завітаць вырашылі ў дарослую: маўляў, а як з чытачамі тут? Няблага. Пераканаліся па справаздачнасці, што за дзень у ліпені тут бывае ў сярэднім па 20-30 чытачоў. Для райцэнтра паказчык — больш чым неблагі. Але ж гэта толькі абанемент. А ёсць яшчэ і чытальная зала. І ў час нашай камандзіроўкі да апоўдня ва ўстанове паспеў пабываць ці не з дзясятак аматараў кнігі. Прывабліваюць іх, натуральна, не толькі шматабяцальныя вокладкі, але і шыкоўныя інтэр’еры, шматлікія пакоі.

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Райбібліятэкі імя Паўлюка Труса Святлана Нясцюк пераконвае, што ў графіку ліпеньскіх мерапрыемстваў проста месца не стае. Нам, да прыкладу, спадабаўся вось які праект, што рэалізуецца ў маштабе раёна. З дапамогай райгазеты цягам пэўнага часу ладзіцца літаратурная віктарына. Потым лепшыя яе ўдзельнікі збіраюцца ў “Літаратурнай гасцёўні” бібліятэкі. Сюды ж прыязджаюць знаныя пісьменнікі. Словам, узнагароджанне пераможцаў адбываецца ў святочнай абстаноўцы, якая застаецца ў памяці. Камп’ютарнай і “кнігавыдавецкай” тэхнікі ў бібліятэцы хапае. Няўжо ўсе бюджэтныя грошы пайшлі на ўзвядзенне і абсталяванне галоўнай установы раёна?..

Калі скіроўваліся на раён, заўважылі, што побач з Палацам культуры завяршаецца аддзелка гіпермаркета. Падумалі: расце ды багацее раённы цэнтр…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Даўно пераканаўся, што плённае супрацоўніцтва бібліятэк і мясцовых краязнаўцаў ідзе на карысць усім бакам, але найперш — чытачам. Вось і ў галоўнай уздзенскай бібліятэцы заўважыў дыскі штомесячнага мультымедыйнага часопіса “Вытокі Уздзеншчыны”, над якім працуе краязнаўца Васіль Лычкоўскі. Энтузіяст не толькі выпускае цікавы інфапрадукт, але яшчэ і працуе над аднайменным інтэрнэт-парталам, дзе можна адшукаць пазнаваўчыя дакументальныя стужкі, прысвечаныя Уздзеншчыне, запісы народных спеваў, фотаздымкі адметных мясцін раёна. Хочацца спадзявацца, што і ў іншых раёнах такіх энтузіястаў з кожным годам будзе з’яўляцца ўсё больш.

Кухцічы сумуюць

А вось у вёсцы Кухцічы (420 жыхароў), як мы пераканаліся, працэсы не такія аптымістычныя. Кіраўнік мясцовага СДК Ірына Ярмак адпрацоўвае кантрактны тэрмін і ўладкоўваецца… прадаўцом ва ўздзенскі гіпермаркет. Месца ўжо “забіла”. Кажа: “Хоць пажыву па-людску”. Дык мо яна — не прафесіянал? Ды не. Сямнаццаць гадоў — на адным працоўным месцы. За плячыма — Магілёўскае мастацкае вучылішча. Мы правялі апытанне — Ірыну Анатольеўну ў Кухцічах ведае кожны другі, не лічачы кожнага першага. Дык што здарылася? А вось гэта пытанне з пытанняў. Паспрабуем на яго адказаць, як кажуць, разгорнута.

Спачатку — пра тое, што было. А былі акампаніятар (са сваёй апаратурай і баянам) ды мастацкі кіраўнік (прыязджалі з Уздзенскай ДШМ і працавалі ў Кухцічах на паўстаўкі), сем гурткоў, шматлюдныя дыскатэкі. Летась, па словах Ярмак, клубнікі рабілі ўлетку падворны (!) абыход жыхароў з баянам. Уявіце сабе гэтую карцінку: клуб прыходзіць да вас у госці, віншуе з днём народзінаў, спявае, танчыць і зычыць дабрабыту! Пагадзіцеся, ад усяго гэтага толькі каменнае сэрца не здрыганецца ад радасці. Таму і быў СДК — рабочым. Інакш кажучы, кожная структура яго працавала з максімальнай аддачай, так, як і вучылі колісь — педагогі культасветвучылішча ды ўласнае сумленне творцы…

А зараз — пра тое, што ёсць. Дакладней, пра тое, што засталося. У выніку скарачэнняў знік не толькі акампаніятар, а і баян ды якасная музычная апаратура, што належыла настаўніку. Моладзь была імгненна згублена… Сапраўды, якія танцы пад кепскі музычны цэнтр ды састарэлую да немагчымасці светлаканаўскую апаратуру? На нуль былі зведзены і святочныя падворныя канцэрт-туры. Замест сямі гурткоў засталося тры. Але самае галоўнае — скончылася цярпенне ў клубнага кіраўніка (у нас яно, на жаль, не вечнае). Адрамантаваны, дагледжаны СДК, які яшчэ год таму быў жывы, змушаны сканаць на сум кожнага з 420 вясковых жыхароў. Ці ж па-гаспадарску гэта? Не, мы верым, што і ў гіпермаркеце Ірына Анатольеўна знойдзе сябе (прычым зусім за іншыя грошы): таленавіты чалавек ва ўсім — таленавіты. Мо і камерныя імправізаваныя канцэрты для пакупнікоў будзе ладзіць? Але адназначна іншае: замену прафесіяналу знайсці цяпер амаль немагчыма і Кухцічы асуджаны сумнай цішынёй на невядомы тэрмін…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Мы раскідваемся золатам. Ці варта забывацца на тое, што ў галіне культуры кадры — своеасаблівыя, часам — незаменныя? Да прыкладу, той жа клубнік працаваць у краме — зможа. У яго хопіць артыстызму ды імправізацыйнага майстэрства, каб знайсці ключык да душы любога пакупніка, а падлічыць рэшту — не самая галоўная праблема. Праблема, калі клубнай творчасцю зоймецца крамніца, якая здолее хіба што толькі мізэрны прыбытак ад нецікавай дыскатэкі падсумаваць. Работнікі гандлю, не крыўдуйце! Але я не памятаю, калі мне апошнім часам прыязна ўсміхаліся з-за касы… Відаць, у вас таксама кадравыя праблемы. А вось як цудоўна ўсміхаюцца культработніцы-жанчыны, бачу ці не штотыднёва, тым і натхняюся… Калі ж я памыляюся, папраўце аргументавана, і мы разам паспрабуем глыбакадумна паразважаць пра важкі ўклад жывёлаводаў, прадаўцоў і работнікаў нашай слаўнай адукацыі ў мэтанакіраванае развіццё сельскай культуры Беларусі.

Будны і Завішы

Зробім перадышку. І сабе, і чытачам. Уздзеншчына падарыла нам і шмат шчаслівых хвілін. Шчасце гэтае звязана са знаёмствам пашанотных руін, што засталіся ад колісь велічных маёнткаў, і сядзіб выбітных гістарычных асоб, якія разумелі ролю культуры ды мастацтва ў развіцці “паспалітага” грамадства. Яшчэ пры падрыхтоўцы да аўтатура вырашылі пазнаёміцца са спадчынай роду Завішаў, таму, па шчырасці, і скіраваліся ў Кухцічы...

А пра гэта — наступным разам.

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Яно не будзе доўгім. Спрактыкаваныя кадры трэба пеставаць і захоўваць з гаспадарлівасцю. І ўзрост тут, як падаецца, не пры чым. Калі збуёдаем ядро бібліятэкараў і клубнікаў, што маюць не проста працоўны стаж, а неацэнны досвед, дык хто будзе ставіць на крыло тых маладзёнаў, што толькі прыйшлі ў клубы і бібліятэкі пасля каледжаў ды ВНУ і яшчэ жыцця не бачылі? Прафесіяналы, беражыце сябе!..

Фота аўтараў

Працяг матэрыялаў аўтатура пра культуру Уздзеншчыны і Салігоршчыны чытайце ў наступных нумарах газеты.

 

Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":
Магілёўшчына і Гомельшчына;

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына
;

Віцебшчына, Магілёўшчына;

Гродзеншчына, Віцебшчына і Міншчына
;
Міншчына, Віцебшчына, Магілёўшчына;
Міншчына, Гродзеншчына, Брэстчына.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"