Сям'я, бацькі ды веды

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Кася КАМОЦКАЯ, спявачка, бард:
— Чалавек, як вядома, нараджаецца ў культуры, у пэўным культурным кантэксце. Таму, зразумела, у мяне ці для мяне культура пачалася з сям’і, з маіх бацькоў. Што да беларушчыны, дык яна пачалася не з бацькоў (у нашай сям’і размаўлялі па-руску), а з ведаў. Калі я паступіла на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дык нават тады, у тыя савецкія часы, там давалі вельмі багата ведаў. Менавіта яны, а таксама тыя людзі, з якімі я разам навучалася, і далі мне магчымасць зразумець, што беларусы — гэта народ, які адрозніваецца ад іншых, што ў нас ёсць свая гісторыя, культура, мова…

/i/content/pi/cult/491/10504/13-3.jpgШто ні кажы, а беларусы цяпер — гарадская нацыя: 75 працэнтаў жыхароў краіны жыве сёння ў гарадах. Таму народная, аўтэнтычная культура, народныя спевы, якія, як вядома, вельмі моцна знітаваны з земляробчым календаром, — усё гэта паціху знікае, паціху аджывае свой век. Народная культура, на мой погляд, хутчэй за ўсё, застанецца ў, так бы мовіць, музейным фармаце, бо паступова знікае тая глеба, з якой яна жывілася, — жывыя носьбіты традыцый, знаўцы народных абрадаў, песень...

Хаця не магу не адзначыць, што за апошнія гады народная, аўтэнтычная культура робіцца ўсё больш і больш папулярнай, у тым ліку — і сярод моладзі. Напрыклад, за савецкім часам народныя спевы існавалі ў форме “лубка” і мелі, фактычна, чыста дэкаратыўнае прызначэнне. Цяпер — зусім іншае. Уcё больш і больш у краіне ладзіцца фальклорных фестываляў, якія наведваюць як айчынныя, так і замежныя турысты, шмат спевакоў ды музычных гуртоў звяртаецца да народнай песні, да беларускага фальклору…

Магчыма, гэта звязана не толькі з тым, што Беларусь атрымала незалежнасць, але і з тым, што цяпер, у часы глабалізацыі, кожны народ, кожная нацыя шукае тое, што адрознівае яе ад іншых, вылучае з масы. Таму многія звяртаюцца да сваіх каранёў, да таго, чым яны ўнікальныя, чым не падобныя да іншых. І беларусы ў гэтым плане — не выключэнне…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"