Ганарар — скарга ад “суперлатошніцы”

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Якое святло запаліцца для вулічных музыкантаў?
Не заўважыць змены апошняга часу ў фанасферы сталіцы — складана. “Штосьці адбываецца ў горадзе!” — віруюць інтэрнэт-форумы. “І такі Мінск нам падабаецца!” — кажуць мінчане, узнагароджваючы таленавітых вулічных музыкантаў, што ператвараюць поліс у поўны мелодый горад… Запрасілі і мы ў рэдакцыю “К” сімпатычны street-бэнд пасля яго выступлення на адной з пляцовак. Варта адзначыць, што каманда з трох чалавек — Мікалай ДЗЕМІДОВІЧ (гітара), Аляксей ЗАХАРАЎ (кантрабас) і Антон БАГДАНАЎ (гітара) — аказалася, так бы мовіць, джэм-сэйшн-гуртом: беларусы Мікалай і Аляксей родам з Салігорска пазнаёміліся з Антонам з Масквы ў дзень выступлення.

/i/content/pi/cult/491/10503/13-1.jpg

Фота Юрыя ІВАНОВА

Вулічныя, ды не зусім

Мікалай: — Мы з Аляксеем практыкуем іграць на вуліцы больш за год. Звычайна з намі яшчэ выступае наш сябра, баяніст Аляксей, але яго сёння не было. Для нас гэта ўжо звыклая практыка, хоць кожны мае пэўную музычную адукацыю. Мы з Аляксеем-кантрабасістам скончылі Дзіцячую школу мастацтваў у Салігорску, гралі ў аркестры пад кіраўніцтвам Леаніда Карташова, нашага слыннага педагога… Потым Аляксей вучыўся ў Смаленскім музычным вучылішчы, а я — у Лідзе, у тамтэйшай музычнай установе. Далей я паступіў у кансерваторыю, але кінуў… Неяк не прывабліваюць мяне памеры заробкаў прафесійных музыкантаў. Сёння жыву ў Мінску, працую поварам. А граю на вуліцах горада (і не толькі) таму, што гэта істотны бонус да асноўнага заробку ды проста задавальненне!..

Аляксей: — Я ж шукаю працу.

Антон: — Мой стаж — ужо гадоў дзевяць. Спрабаваў працаваць на “нармальных работах”, але ўсё заканчвалася расчараваннем. Спецыяльнай музычнай адукацыі ў мяне няма. Самавук. Займаўся з выкладчыкам па гітары, потым — у джазавай студыі два гады. Сёння сам пішу музыку. Словам, усё ж такі ўзровень не дзесяцігадовага музыканта. У Мінск трапіў па выпадковасці, шчыра кажучы: з сябрам былі ў Гомелі, у Магілёве — ну і як тут не заехаць у сталіцу?..

“Змяняем дыслакацыю”

Мікалай: — Шчыра кажучы, у час Чэмпіянату свету па хакеі быў у Кіргізіі, ездзіў аўтастопам. Пачалася летняя пара, чаму б не павандраваць? Але каб ведаў, што такое стаўленне будзе да вулічных музыкантаў пад час Чэмпіянату, магчыма, застаўся б. Можна сказаць так: усё залежыць ад чалавека. Часам міліцыянер падыдзе і ветліва звернецца, каб спыніліся. Нават такое: разгоніць усіх, хто курыць, п’е, а нас — не зачэпіць. “Вы — добра граеце, навошта мне вас ганяць?” — кажа. А бывае і так, што нейкі прадстаўнік правапарадку пачне абражаць, бо, бачна, што ў яго дрэнны настрой…

Вядома, калі мы выступаем у пераходах метро — гэта парушэнне закону. Метрапалітэн — зона павышанай небяспекі, але ж адмысловых месцаў для музыкантаў у нас няма. Таму нават калі граеш дзесьці на адкрытым паветры і, здаецца, не з’яўляешся пагрозай для стварэння таўкатні, усё роўна могуць падысці і папрасіць “праехаць”. Патрымаюць, а потым адпусцяць. Усё звычайна заканчваецца нармальна, ды час марнуецца… Але мы ўжо “цёртыя калачы”, таму аддаём перавагу таму, каб не ісці на канфлікт. Калі просяць не граць, проста змяняем дыслакацыю.

Аляксей: — Калі выступаем дзесьці на вуліцы, нас могуць папракнуць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Ці такая распаўсюджаная рэч, як скаргі. Міліцыянер падыходзіць, кажа: “На вас паступіла скарга ад жыхароў бліжэйшага дома: вы парушаеце грамадскі парадак”, — і просіць спыніцца. Дарэчы, калі граем у пераходах, то больш за ўсё на нас скардзяцца “суперлатошніцы”: адбіваем пакупнікоў (смяецца).

Антон: — Выступаць у маскоўскім метрапалітэне — таксама забараняецца. Але ёсць звычайныя падземныя пераходы… Ці пешаходныя вуліцы: Арбат, Вялікая Дзмітраўка, Кузнецкі Мост, Нікольская… Тыя ж Чыстыя Пруды — там можна сустрэць шмат музыкантаў. Парк Горкага адкрыты для падобных выступленняў. (Сёлета адкрытай пляцоўкай у Маскве для музыкаў стаў парк “Музеон”, дзе кожны чацвер на Крымскай набярэжнай ладзіцца Дзень жывой музыкі пад адкрытым небам. — Д.А.). Словам, можна знайсці месца, дзе здолеем пачуваць сябе больш-менш небяспечна. Але, шчыра кажучы, я выбіраю не людныя пляцоўкі, хоць яны і лічацца больш “рыбнымі”: там, дзе натоўп, мне граць не вельмі камфортна.

Мікалай: — Так, мы заўважылі, што ў Маскве сітуацыя лепшая. У нас жа нават ніводнай пешаходнай вуліцы няма. Была Карла Маркса, дзе на адным адрэзку дзясяткі музыкантаў ляпіліся, — і тая знікла…

Бізнес з асаблівасцямі

Антон: — Звычайна я з сабой прыношу комбік і граю прыкладна дзве-тры гадзіны. За адзін раз атрымліваецца зарабіць прыкладна тысячу расійскіх рублёў. Калі ж паставіцца сур’ёзна, то, мяркую, можна зарабіць і больш.

Аляксей: — У нас у Мінску, калі граць рэгулярна, можна выйсці на тры мільёны ў месяц…

Мікалай: — Каб не трэба было здымаць кватэру, можна было б жыць за кошт гэтых заробкаў: на ежу і мінімальныя забавы хапае. Але гэта бізнес са сваімі асаблівасцямі. Часам можна выступаць цэлы дзень — і нічога не атрымаць, а бывае — за тры гадзіны ўдаецца сабраць месячную “выручку”… Часам нават і не ўгадаеш. Але, па-першае, трэба не надакучваць людзям. Там пайгралі, тут, яшчэ недзе, — каб быў такі момант прыемнай нечаканасці, а не звычкі. Па-другое, людзі ахвотна ўзнагароджваюць, калі ў іх ёсць грошы. Таму залатыя дні — гэта 5-га і 25-га, калі народ атрымлівае зарплату. Яшчэ сваю ролю адыгрывае суседства кірмашоў, гандлёвых кропак. І па-трэцяе, ці нават па-першае, — рэпертуар. Ён у нас увесь час папаўняецца новымі песнямі. Да ўсяго, імкнёмся прыўнесці ў хіт нешта арыгінальнае…

Аляксей: — Мы выконваем вядомыя песні ў гэткай нечаканай аранжыроўцы. Напрыклад, “Забери меня скорей” гурта “Руки вверх” у такім інструментальным складзе: кантрабас, гітара, баян. “Ветер с моря дул” — у прыфанкаванай варыяцыі. Гучаць хіты на розных мовах — нашых гуртоў, украінскіх выканаўцаў... Рок у нас таксама ў фаворы.

Мікалай: — Глядзім, рабочыя з Трактарнага завода дадому ідуць — выконваем тое, што ім бліжэй: таго ж Лепса. Бачым, моладзь з дрэдамі шпацыруе — мы давай рэгі! Зразумела, што да кожнай аўдыторыі — свой падыход…

Мікалай: — Таксама выконваем уласныя творы, але рэдка. Марым неяк узяцца і запісаць тое, што насачынялі.

 

Антон: — Дома я выконваю пераважна інструментальную музыку. Але ў падарожжы апаратуру з сабой не пацягнеш, таму даводзіцца спяваць. Люблю панк-рок, індзі-рок, сінці-поп... Вядома, тое, чым я зараз займаюся — гэта не мяжа мараў. Хочацца ў будучым сабраць свой гурт і паспрабаваць узняцца на новы ўзровень. Але для гэтага трэба прапанаваць адметны музычны прадукт: знайсці нешта цікавае ў музычным плане. Падаецца, у такім варыянце штосьці мо і атрымацца.

“Вуліца — гэта індыкатар”

Мікалай: — Насамрэч, я іграў шмат дзе за час вучобы ў кансерваторыі (дый не толькі), але такой свабоды, як у вулічным фармаце, не адчуваў нідзе. Гэта непасрэдны кантакт са слухачом. Чалавек, магчыма, і не планаваў спыняцца, але ты яго неяк зацягнуў, прывабіў, — і ён стаіць ды спявае разам з табой! Вуліца — гэта такі індыкатар, які паказвае, чаго ты варты як музыкант, чаго вартыя твае песні…

Аляксей: — Іншая справа, што ў нас узровень вулічных музыкантаў вельмі нізкі. Кажу гэта як чалавек, які мае музычную адукацыю і які там-сям папаездзіў. Часам ідзеш і бачыш, што музыка ведае два-тры акорды… У той жа Маскве — значна цікавейшыя выканаўцы. А што вырабляюць музыканты ў Італіі, Францыі… Чуў, нібыта магчымасць выступіць на Елісейскіх палях даецца далёка не кожнаму выканаўцу: гэта мусіць быць адметны і нешараговы музыкант…

Мікалай: — Яшчэ ўзровень так званых аскераў — гэтыя тыя людзі, якія звяртаюцца да мінакоў з просьбай “узнагародзіць музыканта”. Гэта ж сапраўднае мастацтва — прыгожа прасіць, аднак у нас дзеянні аскераў часам нагадваюць п’янае вымагальніцтва… Няма культуры вулічных выступленняў. Яна ўзнікне тады, калі музыкантам будзе дзе выступаць і паміж імі з’явіцца канкурэнцыя. Слухач ужо падумае, ці заплаціць таму, хто і спяваць не ўмее, альбо скрыпічнаму трыа, што бездакорна выконвае Моцарта. Альбо ўзнагародзіць самародка, які грае на трох інструментах…

У Мінску да гэтай пары няма пешаходных зон. А мы, зыходзячы з уласнай практыкі, бачым, што людзям падабаецца, калі ў горадзе нешта адбываецца. Тут грае джазавы бэнд, там прадаюць смачныя круасаны, трошкі далей — хтосьці малюе карціны, а хтосьці — прадае сувеніры… А яшчэ праз тры крокі — гучыць саксафон.

Аляксей: — Я згодны з Мікалаем, але хачу дадаць, што Мінск усё ж патроху змяняецца. І гэта заўважна. Аднак хацелася б, каб і ў малых гарадах нешта зрушылася з мёртвай кропкі. Бо ўспомніш родны Салігорск — і сумна становіцца: проста штыль у вулічным жыцці…

Мікалай: — Дзіўна, але ўладам павінна быць выгадна, калі горад сам робіць пэўныя культурныя прапановы. І іх трэба падтрымліваць.

Антон: — Ведаю, што зараз расійскія ўлады спрабуюць штосьці прыдумаць для вулічных музыкантаў. Паркі сталі больш адкрытымі, ва ўсялякім выпадку, спрабуюць заахвоціць да супрацоўніцтва. Ёсць у нас і пешаходныя вуліцы, аднак тыя магчымасці, што існуюць, лічу, — толькі пачатак. Шмат пытанняў патрабуюць вырашэння. Напрыклад, тыя зоны, якія зараз адкрыліся ў летнюю пару: што з імі будзе ўзімку?..

Пра пазіцыю гарадскіх улад па гэтым пытанні чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"