“Вянок…” і ягоны розгалас

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

У рэдакцыю “К” прыйшоў ліст ад кіраўніцтва ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама, дзе выказана просьба апублікаваць на старонках нашай газеты водгукі і словы ўдзячнасці ад удзельнікаў нядаўняга Міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Вянок дружбы”. Мы пагадзіліся і друкуем вытрымкі з дадзенага эмацыйнага ліставання, якія, як нам падаецца, хоць і крыху, але раскрываюць “тэхналагічны” змест мерапрыемства, цікавы метадыстам, сцэнарыстам і рэжысёрам масавых акцый з іншых раёнаў ды абласцей Беларусі. Нагадаем толькі, што сёлета ў фестывалі бралі ўдзел 25 творчых калектываў з 18 краін чатырох кантынентаў, сярод якіх — Гана, Швецыя, Нідэрланды, Іспанія, Боснія і Герцагавіна, Сербія, Румынія ды іншыя.

Аднан КАРАЦА, Турцыя:

— З 1971 года мы наведалі шмат фэстаў па ўсім свеце. “Вянок дружбы” — адзін з лепшых!..

Боба ВРАНЕЦ, прэзідэнт Студэнцкага культурнага цэнтра, Сербія:

— Такое прадстаўнічае мерапрыемства, дэвізам якога з’яўляецца ўсеагульнае сяброўства, мяне вельмі ўразіла. І гэта прытым, што я больш за 35 гадоў займаюся фальклорам. Пражыванне, харчаванне, умовы для выступлення нашага ансамбля — проста выключныя!..

Людміла ДЗЁМІНА, старшыня Праўлення мясцовай грамадскай арганізацыі “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” гарадской акругі Тальяці, Сяргей ШЫЛКІН, намеснік старшыні Праўлення па рабоце з моладдзю і сувязях са СМІ:

— Усё было дакладна арганізавана, кожны без мітусні займаўся сваёй справай. Гэта высокі прафесіяналізм. Тое ж тычыцца і працы куратараў, а таксама — галоўнага рэжысёра “Вянка дружбы” Клаўдзіі Лукашэвіч. З замежнымі дэлегацыямі працавалі дасведчаныя перакладчыкі…

Ларыса ШЫЛІНА, мастацкі кіраўнік шоу-тэатра “Алевай” з Ашдода, Ізраіль:

— Наша здзіўленне пачалося з афармлення беларускіх віз. Па хадайніцтве кіраўніцтва Бабруйска і фестывальнага аргкамітэта візы зрабілі ў найкарацейшыя тэрміны, а для дзяцей — бясплатна.

Нам падаліся вельмі якаснымі інтэрнэт-кансультацыі, што праводзіла для нас рэжысёрская група. Стала зразумела: мы едзем на мерапрыемства сусветнага ўзроўню. І сапраўды, фестывальныя дні прайшлі без напружання ды стомы. За намі быў замацаваны аўтобус. Пражыванне аказалася камфортным, а ежа — вельмі смачнай. Праграма фэсту — прадумана да драбніц. Вольны ж час — насычаны і цікавы. Да прыкладу, мы наведалі гарадскую яўрэйскую суполку. Словам, такога нідзе не бачылі, хоць і прэзентуем свае пастаноўкі па свеце ўжо дзевяць гадоў. Вы даяце прыклад іншым краінам, як сябраваць, тварыць і не ваяваць адно з адным…

Абрахам ПАДЗІ, Гана:

— Пасля вяртання на радзіму мы наведалі нашы міністэрствы культуры і замежных спраў, расказалі аб вашым фестывалі, паказалі відэа. Рэакцыя была надзвычай станоўчай. Вырашана, што наша дэлегацыя павінна наведаць Бабруйск з праграмай, якая распавядае пра нашу культуру і гісторыю…

Уладзімір КРАЧКОЎСКІ, кіраўнік Сербскага культурна-мастацкага таварыства “Доктар Младэн Стаяновіч”, Боснія і Герцагавіна:

— Для пачатку нашага супрацоўніцтва высылаю дакументы нашага Міжнароднага фестывалю хароў. У вас ёсць цудоўны хор. Чакаем яго на нашым фэсце!..

 

Рэзюмэ ад Я.Р. у працяг тэмы

Ці патрэбны нам фестывальныя крытыкі?

Такая форма прэзентацыі фэсту ў фармаце “постфактум” падалася нам сімпатычнай. Натуральна, у большасці водгукаў на “Вянок дружбы”, што прыйшлі ў Бабруйск, пераважае не аналіз мерапрыемства, а станоўчыя эмоцыі, выкліканыя апошнім. І гэта натуральна, бо добры настрой — заканамерны вынік любой высакаякаснай акцыі. Але падумалася пра іншае…

У летні час бадай кожны супрацоўнік “К” прысутнічае на тым ці іншым фестывалі ў самых розных кутках Беларусі. І літаральна кожны з нас можа прывесці прыклады з асабістай практыкі, калі на крытыку, скажам, рэжысуры адкрыцця ці закрыцця форуму, якая падалася “спісанай” з пастановачных “вынаходніцтваў” зусім іншага фэсту ў зусім іншым рэгіёне, аргкамітэт рэагаваў больш чым хваравіта. І яго, на першы погляд, можна зразумець. Маўляў, якая можа быць крытыка, калі такі замежны розгалас! Маўляў, фестываль — цудоўны і бездакорны ва ўсіх яго праявах!

Але цяпер давайце падумаем: ці ідзе на карысць агульнай справе развіцця фестывальнага руху адсутнасць сур’ёзнага аналізу (чытай — крытыкі) любой нашай масавай акцыі? Не сакрэт жа для сапраўдных прафесіяналаў, што ў краіне існуе пэўны сцэнарны крызіс. І не проста існуе, але з кожным годам пашыраецца. Пра гэта нам адкрыта кажуць метадысты з раёнаў і абласцей. А слабы сцэнарый не выратуе самая віртуозная рэжысура. Вось і атрымліваецца: калі прысутнічаць запар на некалькіх фестывалях, усе яны зліваюцца ў даволі аднастайную, даруйце, дзею (на адкрыцці — барабаншчыцы, на закрыцці — феерверк), страчваючы мясцовы каларыт ды нівелюючы намаганні папраўдзе таленавітых самадзейных артыстаў. Дзе ж выйсце?

У агульных мазгавых штурмах фестывальных творцаў, вынесеных на суд грамадства (у тым ліку і журналістаў). Але скажыце, дзе вы чулі пра крытычны постфестывальны аналіз (нават калі падзея сабрала самыя станоўчыя і шырокія водгукі гледачоў), зроблены самімі фестывальнымі аўтарамі? Калі і адбываецца “разбор палётаў”, дык кулуарна, пры закрытых дзвярах, каб, не дай бог, не вынесці смецця з дома. Між тым, дом для кожнага з нас — уся Беларусь. І чаму фестывальшчык (сцэнарыст ды рэжысёр) з адной вобласці не можа павучыцца на прыкрых памылках ці прарыўных перамогах свайго альбо калегі з вобласці іншай? Самай прыдатнай трыбунай для гэтага мы лічым старонкі “К” — галіновага выдання, якое застаецца галоўным (мы вельмі на гэта спадзяёмся) для работнікаў культуры і мастацтва.

Пагаджуся, журналістам не варта выступаць у незайздроснай ды няўдзячнай ролі фестывальнага крытыка (аналітыка). Але пагаджуся толькі ў тым выпадку, калі такімі аналітыкамі (крытыкамі) выступяць самі арганізатары фэстаў. Пакажуць усім нам хібы сцэнарыя ды рэжысуры, правядуць канструктыўную работу над памылкамі, якая стане карысным метадычным набыткам і асновай для далейшай індывідуальнай творчасці літаральна кожнага спецыяліста абл- і райметадцэнтраў, кожнага фестывальнага дырэктара. Мо тады выраз “А што? У нас — як і ва ўсіх!” урэшце перастане быць агульнаўжывальным? Як вы думаеце?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"