Майстэрня пры гаспадарчай групе

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Святлана КАЗЛОВА, Кармянскі райвыканкам
Кармяншчына — не самы заможны раён Гомельшчыны, пацярпелай ад чарнобыльскай навалы. Гэта і дыктуе стратэгію дзейнасці мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. І названая стратэгія — не выжывання, а досыць упэўненага развіцця рэгіянальнай культуры. Так што і багацейшым у фінансавым плане аддзелам ёсць чаму павучыцца ў работнікаў культуры Кармянскага раёна.

/i/content/pi/cult/491/10501/12-1.jpgУсё правільна. Раён датуецца вобласцю толькі на 92 працэнты. Гэта самае асноўнае, на мой погляд, сённяшняе пытанне. Вось і імкнёмся яго вырашаць як мага лепш, бо чакаць бюджэтных грошай — клопат невыносны. Словам, зарабляем і справу гэтую трымаем на самым пільным кантролі.

Лічу пэўным камерцыйным дасягненнем, што сёлета пры нашай гаспадарчай групе створана сталярная майстэрня, якая вырабляе рэчы на продаж. Прычым працэс заснаваны на выкарыстанні матэрыялу другога гатунку, які звычайна спісваецца ў адходы. За кошт рэалізацыі дзяржальняў для грабель, рыдлёвак і віл, раздзелачных дошак, рассадных скрыняў мы за паўгоддзе паклалі ў аддзелаўскую скарбонку каля двух мільёнаў рублёў. Не многа, але і не мала… Так што не толькі канцэрты ды шоу-праграмы дапамагаюць нам зарабіць сродкі на ўмацаванне нашай тэхнічнай базы.

Гадавы план па аказанні платных паслуг — 357 мільёнаў рублёў. Факт па выніках паўгоддзя — больш за 200 мільёнаў. Хоць і вялікае заданне, але ёсць усе падставы сцвярджаць, што сёлета мы з ім паспяхова справімся. Напэўна, і ў іншых раёнах зразумелі, што канцэрты ды дыскатэкі не надта дапамагаюць цяпер зрабіць пазабюджэтную дзейнасць аддзелаў сапраўды выніковай. Мы, да прыкладу, за набытыя ўласнымі сіламі грошы закупілі батуты, электрамабілі, атракцыёны… Кожны тыдзень у нас дзейнічае Клуб выхаднога дня, насычаны мерапрыемствамі для паўнацэннага сямейнага адпачынку. Так што названыя культурныя паслугі — вельмі запатрабаваныя як у горадзе, так і ў аграгарадках.

Ці кожнай установе трэба даводзіць такі план? Лічу, што кожнай. Нават дзіцячай бібліятэцы. Ксеракапіраванне і набор тэкстаў, афармленне дакументацыі — тыя паслугі, якія ніякім чынам не адбіваюцца на актыўнасці чытання падлеткаў.

Так, не ўсе ўстановы культуры спраўляюцца з планам. І прычына тут даволі простая: колькасць насельніцтва імкліва падае. Лічу, што гэты фактар абавязкова трэба ўлічваць пры планаванні пазабюджэтнай дзейнасці сярод сельскіх клубаў і бібліятэк. Што і казаць, нават у раённым цэнтры дадзеная праблема — вельмі адчувальная. Закрываюцца паштовыя аддзяленні, на прадпрыемствах скарачаецца колькасць рабочых і служачых.

У сувязі з гэтым хачу зазначыць, што вобласць нам вельмі істотна дапамагае. Была ў нас, да прыкладу, вялікая праблема з набыццём музычных інструментаў для ДШМ. Не абнаўляліся яны, напэўна, каля дваццаці гадоў. Абласное ўпраўленне сёлета выдаткавала нам 180 мільёнаў рублёў для вырашэння набалелага “музычнага” пытання. Такая ж сума прыйшла з Гомеля і на “агучку” Кармы: на набыццё музычнай і гукаўзмацняльнай апаратуры для правядзення гарадскіх культурна-масавых мерапрыемстваў...

Даволі ўдала прадаецца сувенірная прадукцыя нашых майстроў-рамеснікаў. Яны выязджаюць у санаторый “Прыдняпроўскі” разам з нашымі спевакамі і танцорамі. Вяртаюцца заўжды задаволенымі. Сапраўды, і грашовы прыбытак — заўжды гарантаваны, і прапаганда нашага майстэрства сярод замежных гасцей — вельмі дзейсная.

Мы распрацавалі канцэпцыю дзейнасці “Бычанскай альтанкі”. У вёсцы Акцяброва на базе невыкарыстоўваемага будынка дзіцячага садка мы збіраемся стварыць аграсядзібу пад згаданай назвай (Акцяброва калісьці называлася “Быч”). Так, праект патрабуе значных укладанняў. Але ў перспектыве можа атрымацца шыкоўная ўстанова культуры, дзе і канцэрты можна паказваць, і з традыцыйнай беларускай кухняй гасцей знаёміць…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"