Восем міліметраў

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

22 лістапада ў Даласе на вуліцы Вязаў забіты Джон Кенэдзі. Кожны момант паміж двума стрэламі, што знішчылі 35-га прэзідэнта ЗША, даследавалі па адзіным дакуменце — кавалачку васьміміліметровай плёнкі, якую прадаставіў ураджэнец Украіны Абрахам Запрудэр. Камісія вывучала ўсе 26 секунд кінаматэрыялу — кожны кадрык! Падзею захаваў для гісторыі кінааматар!.. А справа ў тым, што паралельна кінаіндустрыі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя літаральна ў кожнай краіне існавала армія кінааматараў, узброеных прымітыўнымі камерамі. Чым вабіў іх нятанны і клапотны занятак? Якія яшчэ факты ўтойваюць рулоны ссохлай, пакручанай, выцвілай, знікаючай ад часу стужкі, што захоўваюць у круглых скрынях?..

/i/content/pi/cult/491/10500/15-1.jpg

Сенсацыі на 8 міліметрах

Чалавецтва ва ўсе часы імкнулася захаваць сам факт свайго існавання: у наскальных малюнках і барэльефах, у мазаіцы ды скульптуры, у жывапісе і фатаграфіі… У калядную ночь 25 снежня 1895 года фатаграфія ажыла: цягнік з белага экрана літаральна наехаў на наведвальнікаў парыжскага кафэ! Гэта браты Люм’ер паказалі чалавецтву новае мастацтва. Сваім нараджэннем кінематограф абавязаны, па сутнасці, аматарам.

І амаль адразу кіно ператварылася ў індустрыю. З’явіліся новыя прафесіі, студыі-канкурэнты. Вытворчасць патрабавала ўсё большых укладанняў, кіно стала прыносіць мільённыя прыбыткі. Здавалася б, у індустрыі няма месца самадзейнасці! Ды кінааматарства не толькі працягвала існаваць, але і, пачынаючы з 1950-х, прыцягвала ў свае шэрагі мільёны людзей з партатыўнымі камерамі. Хто яны, кінааматары?

Мінскі мастак-ілюстратар Ганна Філіпёнак сведчыць, як яе сям’я збірала грошы бацьку на касцюм. Але раптам грошы зніклі! А гэта яе тата ўпотай ад маці набыў кінакамеру “Кварц”. Маці злавалася, але пасля атрымання першага ж матэрыялу — сямейнай хронікі, дзе Гануля малая, — падабрэла і ўжо не шкадавала грошай на мантажны столік ды праектар… А ванны пакой у кватэры Філіпёнкаў ператварыўся ў лабараторыю з чырвоным святлом, пяламі для сушэння плёнкі, з бачкамі і паліцамі для бутэлек з хімікатамі...

У асноўным кінааматары былі з інтэлігенцыі. Праглядаю здымкі Валерыя Лебедзева, зробленыя ў 1960-я. Звязаныя сяброўствам маладыя людзі сталі і здымачнай групай. Двое філосафаў: сам Лебедзеў і Вячаслаў Сцёпін, у будучым дырэктар Інстытута філасофіі Расійскай акадэміі навук, акадэмік; двое фізікаў: Альберт Шкляр, у будучым — спецыяліст у тэрмадынаміцы, і Леў Тамільчык, праз гады — акадэмік. Тыповы для тых часоў зрэз інтэлектуальнага грамадства: “фізікі” і “лірыкі”.

Аднак здаралася, што з “забавы” нараджаліся вялікія прафесіяналы. Легендарны майстар мультыплікацыі Уолт Дысней першы фільм пра Мікі Мауса маляваў і здымаў пакадрава… у гаражы. Сакратар Свярдлоўскага гаркама камсамола арганізаваў гурток аматараў, зняў і сам першы фільмік, заўважаны крытыкай; сёння ён — класік сусветнага кіно Глеб Панфілаў. Напрыканцы 1950-х лірычная кароткаметражка “Восеньскі эцюд” удастоілася ўзнагарод на фестывалях аматарскіх фільмаў, а стварыў яе мінчанін, будучы рэжысёр Валерый Рубінчык…

Дык што за кіно, паралельнае афіцыйнаму, стваралі аматары? Якія тэмы цікавілі? Найважнейшая:

Сямейная хроніка

У палескай вёсцы Папоўшчына, пасля — Акцябр, падлетак Алёша час дзяліў паміж маляваннем, чытаннем у паддашшы забароненага рамана Салжаніцына “У коле першым” і кіназдымкамі. Самы танны апарат набыў на ганарары: маляваў аднавяскоўцаў. А здымаў — што бачыў: як маці бульбу абірае, сусед грае на гармоніку, бацька з сявенькай ідзе па раллі, малодшага браціка Колю, танцы-скокі ў святы… Няма сёння ні вясёлай вёскі, ні яе жыхароў, ні бацькоўскага дома Аляксея Марачкіна — жывуць яны толькі ў зацёртых кадрах стужкі, знятай у 1950-х будучым мастаком…

Але далейшы прагляд яго карцін выявіў на экране знакавую для Беларусі постаць: Максіма Танка!.. Тут хачу згадаць: яшчэ пры жыцці Яўгена Іванавіча я збіраўся зняць пра яго фільм — і, ужо пачаўшы… адмовіўся. Танка, шматгадовага старшыню Вярхоўнага Савета БССР, шмат здымалі, але ў хроніцы то ён уручае ўзнагароду, то сустракае дэлегацыю. Адзіны бытавы кавалачак плёнкі знайшоўся на той час у кінаархіве: ён з суседам па лецішчы Аркадзем Куляшовым сядзіць у чоўне на беразе Нарачы. І ўсё. А на стужцы Марачкіна Танк — на адкрыцці выстаўкі выдатнага беларускага мастака, які жыў у Вільні і якога тут, у нас, чамусьці замоўчвалі, — Пётры Сергіевіча. Ды і іншай кінавыявы мастака, сябра Язэпа Драздовіча, нідзе не знойдзем. Дзве такія асобы ў аматарскай стужцы — гістарычны рарытэт!..

Здымка 1967 года: у вазочку — немаўлятка Радзівон, сын беларускага кампазітара, народнага артыста СССР Яўгена Глебава, а буксіруе каляску матацыкл, якім кіруе Ларыса, маці Радзівона. Пэўна, тады і ўвайшоў у хлопчыка “кінавірус”, бо, калі той крыху падрос, то папрасіў у бацькоў кінакамеру, стаў здымаць — і клаліся ў сховы катушка за катушкай з сямейнай хронікай… Дакладней, лічылася яна “сямейнай”, а на справе аказалася гістарычнай: у атачэнні кампазітара — Быкаў, Макаёнак, Караткевіч… Усе — маладыя, але ўжо знакамітыя…

Адпраўляючыся ў адпачынак, аматары бралі камеру. На экране — Камчатка, Далёкі Усход, Сібір, Алтай, а вось Мінска — лічаныя хвіліны. На экране — экзатычны базар недзе ў Сярэдняй Азіі, а роднай Камароўкі — ні кадра!..

Сярод нешматлікіх — фільм Уладзіміра Скакуна “Золотая осень в центре Мінска”. А калі ж яго здымалі? На агароджы Чырвонага Касцёла — афіша: “Тыгры Маргарыты Назаравай у стужцы “Сёння новы атракцыён”. Знайшлася газета “Вячэрні Міінск” з раскладам кінатэатраў — высветлілі: карціна тая дэманстравалася ў кастрычніку 1965 года. Таксама па афішы дазналіся, калі здымалі Паркавую магістраль з бульварам пасярэдзіне: гэта май 1970-га — менавіта тады размяшчаўся тут чэшскі луна-парк.

“Беларусьфільмаўская” хроніка адлюстроўвала перамогі і “свершения”. У снежні 1981 года кіначасопіс “Советская Белоруссия” ўключаў сюжэт працягласцю ў хвіліну аб адкрыцці Тэатра музкамедыі. Але як узнікла пабудова? На яе ўзвядзенне саюзны бюджэт сродкаў не выдзяляў! А вось на рэканструкцыю чагосьці — калі ласка. І тады беларусы папрасілі грошай на рэканструкцыю… ДК тонкасуконнага камбіната. Зараз увесь былы ДК суконшчыкаў — касавы вестыбюль і частка фае Музычнага тэатра. А вось як ператваралі сціплы ДК — на кадрах тых жа васьмі міліметраў…

Другая тэма аматараў:

Падзеі

Штогод па восені збіраецца трупа Купалаўскага тэатра — ці не адзіная магчымасць убачыць майстроў сцэны разам. І, сярод іншага, менавіта гэтую падзею цягам двух дзесяцігоддзяў здымаў Генадзь Давыдзька. На экране — народныя, заслужаныя артысты БССР і СССР Галіна Макарава, Здзіслаў Стома, Таццяна Аляксеева, Стэфанія Станюта... Але вось некаторыя абліччы больш не мільгаюць, а з’яўляюцца маладыя Зоя Белахвосцік, Яўген Крыжаноўскі, сам Давыдзька… Стужкі пакуль алічбаваныя толькі часткова.

У красавіку 1970-га краіна адзначала 100-годдзе з дня нараджэння Леніна. Уладзімір Філіпёнак здымаў Мінск напярэдадні свята, калі горад спехам упрыгожвалі “нагляднай агітацыяй”, а затым — 22-га, у дзень юбілею, і пасля, калі неактуальную ўжо аздобу здымалі. Зацікавілі некалькі камічных кадраў: напрыклад, у вітрыне цырульні — партрэт лысага правадыра…

Кінааматарства стала настолькі папулярным, што ў Мінску на праспекце, побач з крамай “Пад гадзіннікам”, адкрылася крама “Кадр”. Там прапаноўвалі ці не сем відаў камер, самай хадавой з якіх была “Кварц”, падсветкі, мантажныя столікі, бачкі для апрацоўкі плёнкі, хімікаты. Камеры былі, а васьміміліметровую плёнку для іх не выпускалі. Аматары куплялі рулончыкі 16 мм і спецыяльным нажом, у цемры, разразалі ўздоўж, атрымліваючы дзве катушкі васьміміліметровай.

Асабліва шмат плёнкі назапашвалі для рэалізацыі трэцяй тэмы:

Падарожжы

1970-я: некалькі секунд рэпетыцыі балета; вось артысты на суботніку — мятуць смецце вакол тэатра; вось яны на гастролях у Індыі… Стоп! Што за сівы высакародны стары? Святаслаў, сын славутага мастака Мікалая Рэрыха! На сценах дома — карціны з “Індыйскага цыкла”, у двары — ахвярнік, дзе па завяшчанні спалілі цела мастака…

Святаслава Рэрыха здымала кінахроніка, калі ён неаднойчы прыязджаў у СССР. Але вось гэтыя няпоўныя тры хвіліны паказваюць нам вучонага ў Індыі, у сваім радзінным доме, дзе шмат гадоў тварыў і памёр яго вялікі бацька.

20-гадовы кампазітар Эндру Лойд Вэбер напісаў рок-оперу “Ісус Хрыстос — суперзорка”. На пачатку 1970-х яе “круцілі” радыёстанцыі свету. У СССР — “глушылкі”, пачуць штосьці было немагчыма. Але, аказваецца, неяк жа і тут “пракалупалі” дзюры ў “жалезнай заслоне”. Сведчанне — на васьмі міліметрах. Летам 1973-га ў Жыгулях адкрываецца злёт турыстаў. Чатыры хвіліны здымак — прадстаўленне каманд. Адна з іх распачынае шэсце: юнакі нясуць крыж з распятым чалавекам, на аголенай грудзі якога — надпіс па-англійску: “Так — міру, не — вайне!”. Удзельнікі сведчылі, што з магнітафонаў гучала менавіта музыка рок-оперы — без эфірных перашкод! На шчасце, матэрыял не трапіў на вочы ідэолагаў: за лозунг хіпі мелі б буйныя непрыемнасці і “распяты” персанаж, і тыя, хто здымаў, і тыя, хто “прытупіў пільнасць”!

Аматары пачалі асвойваць колер. Узяў у паход у Саяны каляровую стужку і Валодзя Скакун. Тое, што ацалеў апошні ў яго жыцці матэрыял, можна лічыць цудам. Напрыканцы сакавіка 1971 года ў Саянах загінула пад лавінай беларуская каманда — усе дзевяць чалавек! Прычым усе — майстры спорту ці разраднікі… Падрабязнасці трагедыі рэканструявалі па каравых нататках і кінаплёнках. Адзнятая плёнка і тая, недавыкарыстаная, што заставалася ў камеры Валодзі, — праляжалі пад пластом таючага снега з сакавіка да чэрвеня, калі адкапалі нябожчыкаў… Апрацаваныя плёнкі паплечнікі праглядваюць кожны год у дату трагедыі, пасля наведання іх пахавання на Чыжоўскіх могілках. Сябры старэюць, а тыя на экране ў 1971-м — такія ж маладыя, вясёлыя за пару дзён да сыходу ў невараць.

З’явілася і плёнка, якая пры адпаведнай апрацоўцы давала адразу пазітыў, — зручна! Але гэта ж быў адзіны экзэмпляр, які непазбежна рваўся-склейваўся, шкрабаўся, скручваўся. Адсюль — якасць матэрыялу, што дайшоў да сёння.

Вось на такой стужцы ў 1962-м была знята гульня ў валейбол. Пад Ялтай, у горным спецсанаторыі для лётчыкаў, ці то не было валейбольнай сеткі, ці ўвогуле пляцоўкі. “Летуны” спускаліся да адпачываючых мінчан, каб пагуляць. Аднойчы ў каманду папрасіўся… Юрый Гагарын. Сёння яны не маюць цаны, гэтыя паўтары хвіліны стужкі, дзе “рэжацца” ў валейбол чалавек, які за год да таго першым паляцеў у космас…

Выдаткі на кінааматарства былі не нашмат большыя, чым на фатаграфію. Але менавіта фотаапаратамі шчоўкалі ў краіне ўсе, ад малога да старога. Чаму? Кіно ж — больш эфектнае! А спрацоўваў такі фактар: здымак можна было насіць у партманэ, уклеіць у альбом, падпісаць і прэзентаваць, уставіць у рамку, пакласці пад шкло вітража, глядзець у які заўгодна час, паказваць. Для дэманстрацыі ж кінароліка патрэбны цёмны пакой, белы экран, электрычнасць, праектар і чалавек, які можа ім кіраваць. Кінааматары ядналіся ў клубы, дзе абменьваліся апаратурай, парадамі, спрабавалі выдаваць газету, асмельваліся запрашаць майстроў “вялікага” кіно. Зіновій Герт агучыў аматарскі фільм будучага прафесійнага ВГИКаўскага аператара Марка Трахтмана “Доброе утро, горы снежные!”.

І ўжо самадзейных кінематаграфістаў вабілі інсцэніроўкі. Ім здавалася, маўляў, што можа быць прасцей: вось камера, святло, артысты — сям’я, сябры, — сцэнарый накідваўся лёгка, астатняе, былі ўпэўнены, народзіцца “ў працэсе”!

Яшчэ кірунак аматарства —

Сюжэтнае кіно

Амаль усе “акцёрскія” стужкі прэтэндуюць на камедыі. Гэта фільмы з “хохмамі”, а таксама парадыйныя дэтэктывы — нямыя, са “шпіёнскай” музыкай. Прадукцыю паказвалі гасцям, суправаджаючы “жывым” каментарыем. Цікава гэта было толькі ўдзельнікам здымак ды вось цяпер — праз паўстагоддзя — нам. А раптам адкрыецца нешта? І, паверце, — адкрываецца!

Фільм 1966 года — сатыра: параўноўваюцца ўмовы ў радавым санаторыі і ў “закрытым”, генеральскім. Закадравы тэкст “а-ля Зіновій Герт” пісаў філосаф Лебедзеў — ён жа рэжысёр, аператар і мантажор, — а голас “ад аўтара” — цяперашні акадэмік Сцёпін. Яны ж былі і акцёрамі. І яшчэ двое акцёраў — Леў Тамільчык і Альберт Шкляр. “Квартэт” “фізікаў” і “лірыкаў” — удзельнікі і наступнай карціны таго ж года “Гордзіеў санвузел”. Зразумела нават з назвы: камедыя. Персанаж трымае газету “Известия” за 13 студзеня 1966 года з артыкулам “Перевёртыши”. Хто ж яны, шчыра адмоўныя ў савецкім грамадстве тыпы, якіх так абазвалі? Артыкул бэсціў антысавецкую дзейнасць пісьменнікаў Даніэля і Сіняўскага. І хаця яны, як пісалася, “палахліва схаваліся” пад псеўданімамі Мікалай Аржак і Абрам Тэрц, але чэкісты сарвалі маскі з “ачарніцеляў рэчаіснасці”!.. Газету хлопцы ўзялі не выпадкова. І няхай гэтая “фіга ў кішэні” застанецца хоць у гісторыі кінааматарства.

Сёння кінааматарства — менавіта “кіна-” — не існуе. Яго пахавала відэа і простая, даступная нават дзетсадаўцам, магчымасць фіксаваць падзеі на мабільны тэлефон. Васьміміліметровыя камеры адыходзяць у музей ХХ стагоддзя…

На жаль, трэба прызнаць: старыя рукапісы, творы мастацтва, побыту, архітэктуры, як мы ні спрабуем іх захоўваць, знікаюць — з кожным годам налічваецца іх усё менш. Знішчаюць іх — са зла ці незнарок — людзі. Сям’я Валерыя Лебедзева ў Бостане пераязджала з кватэры на кватэру. Жонка філосафа-кінааматара, перабіраючы рэчы, палічыла непатрэбнымі ў новым жытле старыя мінскія плёнкі — і скрыня з катушкамі апынулася на сметніку… Гаспадар, вярнуўшыся, выпадкова заўважыў іх адсутнасць — і кінуўся на двор, нырнуў у смеццевы бак, памерам у два кубаметры, стаў перабіраць… Знайшоў! Ледзь вылез з бака, як пад’ехаў смеццевоз…

Няўмольна знішчаюць рарытэты войны, стыхія і… бязлітасны час. Той жа лёс — у кінаплёнкі. Тэрмін яе “жыцця” — паўстагоддзя. Адзнятае ў 1950 — 1970-я карабаціцца, рассыпаецца ў прах, склейкі рассыхаюцца, і ўжо хутка немагчыма будзе алічбаваць асуджаныя на знікненне васьміміліметровыя стужкі. Самы час занепакоіцца!..

Самы час.

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр