Знак "Pruzana": 1914 — 1918

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Сведкі Першай сусветнай з альбома аднаго салдата
У Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” — выстаўка “З нямецкага фотаальбома 1914 — 1918 гг.”.

/i/content/pi/cult/491/10499/14-1.jpg

Вуліца Вільгельма ў Пружанах.

/i/content/pi/cult/491/10499/14-3.jpg

Гандлёвая плошча ля "Белых лавак".

/i/content/pi/cult/491/10499/14-4.jpg

Вуліца Аляксандраўская ля сабора.

/i/content/pi/cult/491/10499/14-5.jpg

Вуліца Аляксандраўская. Мост.

Пераважную большасць экспанатаў склалі здымкі, зробленыя нямецкімі фатографамі. Некаторыя фота паслужылі асновай для паштовак, якія адпраўляліся нямецкімі і аўстрыйскімі ваеннымі на радзіму. Асабліва шмат на іх выяў помнікаў, што і сёння з’яўляюцца ўпрыгожаннем Пружан: палацык, сабор Аляксандра Неўскага, гандлёвыя рады “Белыя лаўкі”, касцёл, аптэка... Паколькі выпуск друкаванай прадукцыі быў масавым, выяўленне паштовак з відамі горада з’яўляецца найбольш частай знаходкай (хаця захавалася іх няшмат). Акрамя відавых фота, папулярнымі былі сюжэтныя: мясцовыя жыхары на старых вуліцах — Аляксандраўскай, Замкавай, Тамашоўскай, Мясніцкай, Калоніі, Могілкавай, — на гандлёвай плошчы, на мастах праз Мухавец...

Здымкі згаданага перыяду ўяўляюць даволі цікавую крыніцу для даследчыкаў, адкрываючы невядомыя раней старонкі мясцовай гісторыі. Уважліва разглядаючы фота, можна ўбачыць, што Пружаны на пачатку ХХ стагоддзя былі чыстым і прывабным горадам. Але з-за таго, што большасць гарадскіх вуліц была незабрукавана, у час непагадзі апошнія ператвараліся ў бездараж.

Зімой 1915 — 1916 гг. да Пружан ад станцыі “Лінова” была пракладзена вузкакалейка, якая звязала горад з чыгуначнай лініяй “Брэст — Масква”. У 1916 — 1918 гг. у Пружанах з’явілася электрычнасць. Гэта пацвярджаюць не толькі ўспаміны мясцовых жыхароў, але і фотадакументы: на адным з іх можна заўважыць устаноўку слупоў і нацягванне электрадратоў у раёне "Белых лавак". Вялікае значэнне прадстаўленыя фота маюць для вызначэння даты пабудовы шэрагу гарадскіх аб’ектаў. Акрамя згаданых помнікаў, датаванне якіх устаноўлена, вынікае, што да 1915 г. у горадзе ўжо існавалі некаторыя сучасныя будынкі, а пэўныя фота даюць уяўленне пра аб’екты, якія ўжо не існуюць: Прачысценская царква (на яе месцы стаіць універмаг), драўляны храм (каля ўніверсама), ветракі (раён аўтапарку № 11), драўляная забудова ў розных частках горада… Акрамя таго, на некалькіх здымках адлюстраваны нямецкія пахаванні на каталіцкіх могілках і яўрэйскія могілкі (часткова захаваліся).

Пад час падрыхтоўкі матэрыялаў нечаканым аказаўся той факт, што шэраг дакументаў прайшоў пэўную “зачыстку” ці “дапрацоўку”. Пра параўнанні здымкаў, якія на першы погляд здаваліся аднолькавымі, было заўважана, што з некаторымі працавалі рэтушоры: зацёрты фігуры (часцей нямецкіх салдат), а на іншых з’явіліся дадатковыя элементы. Трэба адзначыць, што сярод іх — фота, якія ўжо трапілі ў друкаваныя альбомы ці размешчаны ў Сеціве пад выглядам арыгіналаў. На жаль, аўтары пераважнай большасці фотаздымкаў, якія прадстаўлены на выстаўцы, застаюцца невядомымі.

Асобнае месца ў экспазіцыі займаюць 22 фатаграфіі з альбома нямецкага маёра Франца Гроса з Вюртэмбергскага пяхотнага палка ландштурма № 13. Ён у 1916 — 1917 гг. служыў у Пружанах і Пружанскім лагеры. Здымкі Гроса сталі сапраўдным адкрыццём, якое дазволіла па-новаму паглядзець на перыяд Першай сусветнай вайны, раскрыць невядомыя старонкі жыцця Пружаншчыны. Так, дзякуючы ўнікальнай знаходцы, удалося пацвердзіць, што аб’екты з назвамі “Pruzana” і “Pruzana-Lager” уяўляюць з сябе два розныя населеныя пункты: апошні знаходзіўся на адлегласці ў шэсць кіламетраў ад аднайменнага горада, на тэрыторыі сучаснай вёскі Слабудка. Раней большасць даследчыкаў фактычна атаясамлівала абедзве назвы, таму ў даведнікі ды альбомы трапіла памылка наконт іх лакалізацыі. Сапраўды, у той час гэтыя два аб’екты амаль не падзяляліся, але яны былі розныя, кожны з іх меў сваю структуру і прызначэнне.

Атрымліваецца, што фотаздымкі з пазнакай “Pruzana” не заўсёды адлюстроўваюць сучасны горад. Работы Гроса гэта яскрава пацвярджаюць. Унікальнасць яго фота ў тым, што большасць з іх не стала тыражнай прадукцыяй, іх амаль не знойдзеш на паштоўках. На здымках нямецкага маёра можна ўбачыць адлюстраванне розных бакоў жыцця Пружан: гатэль “Маскоўскі”, галерэя ў “Белых лаўках”, нямецкі “Ганзейскі клуб”, гарадскі духавы аркестр, паштовая аўтакалона, а таксама фатаграфіі вядомых аб’ектаў горада, але з незвычайных ракурсаў.

У альбоме знаходзяцца фота з “Пружанскага лагера”: вуліцы і ваенныя аб’екты, пляцы, заняткі ў кулямётнай школе... Грос адлюстраваў таксама сядзібу Чахец, дзе ў перыяд нямецкай акупацыі знаходзілася мінамётная школа, і чыгуначную станцыю “Лінова”. Трэба адзначыць, што ў альбоме маёра Гроса, які носіць назву “З палескіх балот 1917 г.”, знаходзяцца фота, зробленыя не толькі на Пружаншчыне, але і ў іншых мясцінах захаду Беларусі, — усяго 158 чорна-белых здымкаў выдатнай якасці. Альбом Франца Гроса выйшаў у 1917-м у Лейпцыгу (Германія) з друкарні “Доктар Грэнклер і Ко”. Згаданы фотаальбом стаў сёлета адным з найкаштоўнейшых набыткаў Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

Наталля ПРАКАПОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў  Музея-сядзібы  “Пружанскі палацык”