"Дыялогі" без перакладчыка

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

У галерэі “Панарама”, што месціцца пад самым дахам Нацыянальнай бібліятэкі, праходзіла сумесная выстаўка работ навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава і Аб’яднання дзяржаўных школ выяўленчага мастацтва імя Т.Макоўскага ў Лодзі. Экспазіцыя мела назву “Дыялогі”.

/i/content/pi/cult/491/10497/8-5.jpg

Анэта Прашоўска. Вучэбная кампазіцыя.

/i/content/pi/cult/491/10497/8-7.jpg

Н.Сілік. "Радзівілаўскія забавы".

Выстаўкі работ польскіх творцаў, якія сцвердзіліся як знакавыя асобы ў культурнай прасторы сваёй краіны, для Мінска, для Беларусі — не рэдкасць. А вось тое, як у Польшчы вучаць будучых мастакоў, вядома хіба што нашым спецыялістам педагагічнай справы. Дадзеную экспазіцыю складаюць творы, якія адлюстроўваюць асаблівасці навучальнага працэсу ў дзвюх установах. Работы навучэнцаў па вызначэнні не могуць быць цалкам самастойнымі. Жывапіс, дызайн і скульптура, прадстаўленыя ў экспазіцыі, распавядаюць пра эстэтычныя арыенціры аўтараў і ступень творчай свабоды, магчымай у рамках навучальнага працэсу. Той, хто ведае почырк мастакоў, якія выкладаюць у “Глебаўцы”, заўважыць іх уплыў у работах навучэнцаў. Мабыць, тое ж і ў лодзінцаў. У беларускай частцы экспазіцыі пераважаюць работы, напісаныя па-за навучальнай праграмай. Творы ж польскіх аўтараў глядзяцца як ілюстрацыі да методыкі выкладання: вучэбны малюнак, вучэбны жывапіс, заданне па кампазіцыі...

Відавочна, праграмныя чыннікі ў беларускай і польскай мастацкіх школах часткова супадаюць. А што да адрозненняў, дык яны абумоўлены культурнымі прыярытэтамі кожнай краіны. У нашых каледжах і ВНУ прадметам, якія называюць спецыяльнымі, надаецца вялікая, а калі-нікалі — і выключная ўвага. Вучня арыентуюць на класічныя ўзоры. У Польшчы ж, мяркуючы па дадзенай экспазіцыі, да гэтага чынніка прафесійнай адукацыі ставяцца больш памяркоўна. У рамках навучальнага працэсу дапускаецца больш вольная трактоўка формы і гульня з колерам. Відаць, трэба браць да ўвагі тую акалічнасць, што Лодзь — гэта адзін з найбуйнейшых прамысловых цэнтраў Польшчы, і традыцыйная мастацкая трыяда (жывапіс — графіка — скульптура) тут шчыльна спалучана з дызайнам. А дызайнеру класічная мастацкая адукацыя, відаць, не надта пасуе.

У нас прафесійнае мастацтва звыкла арыентавалася на рускую класіку, а калі мода змянілася, папулярнасць набыў рускі авангард. У Польшчы ж заўжды ў пашане была французская школа, у прыватнасці — імпрэсіянізм. Хай не наўпрост, але гэтая традыцыя адчуваецца і ў работах навучэнцаў.

Дыялог, замоўлены ў назве выстаўкі, — гэта не толькі сумоўе маладых аўтараў, некаторым з якіх наканавана з часам заняць годнае месца ў “дарослым” мастацтве. Гаворка ідзе пра перспектывы дыялога роднасных культур. Мастакі з Польшчы неаднойчы бралі ўдзел у беларускіх пленэрах, дый нашы творцы ў краіне-суседцы — людзі не чужыя. Дык няхай жа творчае сумоўе пачынаецца як мага раней: з гадоў навучання!..

Беларусь і Польшча — гэта дзве дзяржавы, якія калісьці складалі адзіную прастору — Рэч Паспалітую, а сёння з’яўляюцца раўнанапраўнымі яе “спадкаемцамі”. Знаходзячы, пры розных эстэтычных арыенцірах, ментальную тоеснасць у работах маладых беларусаў і палякаў, я падумаў, што мы не надта змяніліся з тых часоў. Прынамсі, адно аднаго разумеем без перакладчыка. Да таго ж творчыя кантакты такога кшталту спрыяюць развіццю вельмі важнага для беларускага мастацтва заходняга вектара…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"