Вядзьмаркі ў Здраўнёве

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Адным з мастацкіх адкрыццяў сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” стаўся начны пленэрны паказ шэкспіраўскага “Макбета” ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Прымеркаваны да 450-годдзя з дня нараджэння англійскага класіка, гэты “выязны” спектакль абвергнуў усе нашы ўяўленні пра падобныя імпрэзы ў рэжыме open air — на адкрытым паветры.

/i/content/pi/cult/491/10495/8-1.jpg

/i/content/pi/cult/491/10495/8-3.jpg

/i/content/pi/cult/491/10495/8-4.jpg

Сцэны з пленэрнага спектакля "Макбет" у Здраўнёве. / Фота Марыны КАТЛЯРОВАЙ

Падумаеш, скажаце вы, той жа Вялікі тэатр Беларусі, нахапаўшыся замежнага гастрольнага досведу, ужо пяць гадоў запар ладзіць не проста асобныя паказы, а цэлы фестываль у Нясвіжы, дзе оперныя і балетныя спектаклі, а таксама гала-канцэрты ідуць, у тым ліку, ля сцен Палаца. Падобны фестываль у радзівілаўскім маёнтку маюць і драматычныя тэатры. Дый наш Музычны тэатр тройчы рабіў чэрвеньскія выезды ў Строчыцы. Там нават прэзентаваўся мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча “Соф’я Гальшанская”, сёлета паказаны яшчэ і ля сцен Гальшанскага замка. Традыцыйнымі сталі і цыклы эстрадных канцэртаў “Вечары ў Мірскім замку”, якія ладзяцца тэлебачаннем. Усё так, але гэтыя паказы з’яўляюцца, па сутнасці, крыху адаптаваным пераносам пастаноўкі на спецыяльна збудаваную сцэну, з-за чаго, бывае, страчваецца большая частка сцэнаграфічнага рашэння. А што ж у Здраўнёве?

Сцэнічнай прасторай стала вялізная паляна паміж адноўленай сядзібай Ільі Рэпіна (а гэта сапраўдны церам у некалькі паверхаў) ды гаспадарчым збудаваннем (насамрэч, невялікай хаткай) для персаналу. Мокрая пасля дажджу трава, кустоўе, дрэвы, вецер, які то ўздымаўся, то крыху сціхаў, — усё гэта і стала рэальнай жывой сцэнаграфіяй. Замест звыклага партэра — штосьці накшталт міні-амфітэатра прыкладна на 400 месцаў, якія абкружалі сцэнічны эліпсіс з усіх бакоў: першы рад — нізенькія лавачкі, другі-трэці — больш высокія крэслы, чацвёрты — на подыуме. Артысты цудоўна абжывалі нязвыклую для іх прастору — вялізную, адкрытую з усіх бакоў, дзе не схаваешся на фоне задніка. Ніякіх франтальных мізансцэн, нават увогуле звыклых “зваротаў” у залу, што так любяць артысты, — толькі непасрэдныя зносіны паміж сабой, сведкамі чаго становяцца гледачы. Таму ніхто не назіраў дзею адно “са спіны” — добра бачна было з любога месца. Трэба было бачыць, як Лэдзі Макбет (Анжаліка Баркоўская) у сцэне вар’яцтва босая, у адной сарочцы, каталася ў мокрай траве! Ці як яны з Макбетам (Юрась Цвірка) прызнаваліся адно аднаму ў каханні, нахіляючы-адхіляючы галінку і размаўляючы “праз” лісце на ёй… Частка дзеі пераносілася на балкон сядзібы, забойствы адбываліся ў хатцы насупраць — праз чырвань вокнаў праступалі цені…

Немагчыма паверыць, але “на пленэры” было ўсяго дзве рэпетыцыі: дзённая і вечаровая, ужо са святлом. Пульт увогуле прывезлі непасрэдна да пачатку, бо забіралі яго з тэатра пасля паказу там спектакля антрэпрызы. Але і сам тэатр, і ягоны дырэктар — мастацкі кіраўнік і адначасова пастаноўшчык “Макбета” Валерый Анісенка рыхтаваліся да гэтага паказу ў Здраўнёве куды больш доўгі час. Год таму ў падобным “лугавым” рэжыме яны паказвалі “Макбет” на Міжнародным тэатральным фестывалі “Мельпамена Таўрыі” ў Херсоне (гэта была, дарэчы, прэм’ера спектакля). Пачатак жа быў пакладзены ў 1996-м, калі Анісенка са сваім ранейшым “Макбетам”, пастаўленым у іншым тэатры, выязджаў на пленэр не куды-небудзь, а ў Шатландыю, на знакаміты Эдынбургскі фестываль!

Цяперашні “Макбет” (праўда, у традыцыйным сцэнічным варыянце) быў адзначаны ў красавіку на ІV Міжнародным “Смаленскім каўчэгу” за лепшую рэжысуру. Калі б тое журы ўбачыла здраўнёўскую “лясную версію”, дык не пасквапілася б і на Гран-пры. Спектакль пачынаўся адразу, ледзь толькі гледачы, сышоўшы з аўтобусаў, якія падвозілі іх да месца і назад, рушылі па дарожцы. Спачатку — фальклорны ансамбль, які задае святочны фестывальны тон. Але ўжо праз некалькі крокаў, па кантрасце, — “прывіды Сярэднявечча” з паходнямі ў руках. Яны не столькі асвятляюць шлях, колькі пужаюць ужо самім сваім выглядам. А тут яшчэ абапал, у лясным гушчары, пачынаюць бегаць чорныя здані з сіва-папялістымі валасамі, раз-пораз урываючыся ў натоўп з жудаснымі крыкамі. Страшна — і весела, як на Хэлаўіне, бо разумееш, што ўсё гэта — гульня. Раптам хтосьці наперадзе пачынае зусім не па-тэатральнаму крычаць: “Дапамажыце!” — і, міжволі паскорыўшы хаду, мы становімся сведкамі дзіўнага, быццам справакаванага “цёмнымі сіламі”, самазабойства: на дрэве — вісельнік, пад ім — перакулены зэдлік. Тая ж атмасфера поўні, таямнічасці, сярэднявечнай англійска-шатландскай “туманнасці” з вядзьмаркамі ды прывідамі падтрымліваецца да пачатку спектакля, перацякаючы ў яго пачатковую сцэну вядзьмарскіх прадказанняў. Вядома, “ляснымі духамі” ў такой “уверцюры” пераапранулі навучэнцаў Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў. Але сярод іх апантана бегалі і артысты тэатра розных узростаў, уключаючы такіх знакамітых, як, да прыкладу, Раіса Грыбовіч. Адно гэта сведчыць аб тым, які ўздым быў у трупе!

Сцэнічная рэдакцыя, накіраваная на значнае скарачэнне вялізнай п’есы, і даволі вольны пераклад на беларускую мову, зробленыя Аляксеем Дударавым, яшчэ больш востра ды сканцэнтравана праводзяць думку пра выпрабаванне ўладай, пры якім важна застацца чалавекам. Музычнае афармленне Уладзіміра Кандрусевіча, пластыка Дзіяны Юрчанка настолькі натуральныя, што становяцца літаральна незаўважнымі, яднаючыся з гукамі-рухамі прыроды і воклічамі душы. Сцэнічныя строі Ніны Гурло знітоўваюць даўніну і сучаснасць так, што не бачна швоў. Усе акцёры — з маленечкімі, прычэпленымі да адзення мікрафонамі, якія выкарыстоўваюцца ў тэлестудыях. Артысты не іграюць — жывуць сваімі персанажамі. Замест паказной тэатральнай пафаснасці — жывыя пачуцці і жарсці, ад злавеснага шэпту да пульсуючай цішыні ці звярынага крыку душы. Больш за паўтары гадзіны без перапынку пралятаюць на адным дыханні! Ды ўсё ж фінал спектакля, на маю думку, патрабуе далейшай працы. Пакуль тут проста канстатуюцца факты: Макбет забіты, на ягоным месцы — новы кароль. Шматкроп’я, якое непазбежна ўзнікае праз стагоддзі, не атрымліваецца. Можа, “віной” яшчэ і паспяховы паказ? Бо ў фінале, насамрэч, прысутныя ўслаўляюць не столькі караля ці Макдуфа, колькі трупу.

На вышыні аказаўся і арганізацыйны бок гэткага складанага мерапрыемства. Білеты на спектакль можна было набыць не толькі загадзя, але і непасрэдна пры пасадцы ў адзін з трох аўтобусаў, якія ад’язджалі ад тэатра адначасова, пачакаўшы літаральна хвілін пяць-сем тых, хто спазняецца. Спектакль пачаўся а 23-й, без аніякіх затрымак. Па яго заканчэнні гледачоў гэтак жа зладжана вярнулі назад, да тэатра, робячы на дарозе некалькі прыпынкаў для тых, хто хацеў бы сысці. А як шкадавалі тыя, хто пабаяўся халадэчы! І ў адзін голас пыталіся, калі чакаць паўтору. Сапраўды, калі?..

Думкі Валерыя Анісенкі пра магчымасці тэатральных пленэраў чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"