Калі ўключыць арыфметыку...

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Дзе ідуць тэатральныя “пастары”?
Літаратуразнаўца і крытык, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сцяпан ЛАЎШУК, які 28 ліпеня адзначае 70-годдзе, шмат увагі прысвяціў беларускай драматургіі і тэатру: яго пяру належаць звыш трохсот публікацый. Сцяпан Сцяпанавіч выпусціў шмат маладых аспірантаў-навукоўцаў, дысертацыйныя даследаванні большасці з якіх былі прысвечаны праблемам развіцця нацыянальных драматургіі і тэатра.

/i/content/pi/cult/491/10493/6-1.jpg— Як мастацтва ўвогуле і тэатр у прыватнасці могуць служыць чалавеку ў XXI стагоддзі?

— Служыць — гэта значыць дапамагаць. Як бы мы ні рабілі папраўкі на новы час і новыя пакаленні, місія мастацтва — гэта, перш за ўсё, усталяванне ў сучасным соцыуме тых асноў, якія робяць чалавека homo sapiens. Мы хвалімся тым, што ў нас поспехі ў тэхніцы, у навуцы ды іншых галінах, а чалавек жа застаецца, у прынцыпе, тым жа, якім быў многія стагоддзі таму. Пераконваюся ў тым пры знаёмстве з новымі перакладамі твораў антычных аўтараў. Але перад тымі выклікамі, якія час прапаноўвае новаму пакаленню, кожнае заяўляе, што яно — новае, інакш мысліць і прыстасоўваецца да праблем рэчаіснасці. У пэўным сэнсе гэта так. Але ж і не дарэмна нарадзілася выслоўе: “У адну і тую ж раку нельга ўвайсці двойчы”.

Калі ў нашым мастацтве з’явяцца значныя фігуры, якія спалучалі б у сабе вялікі эстэтыка-творчы патэнцыял з грамадзянска-патрыятычнымі пазіцыямі і зацікаўленасцямі, то не спатрэбяцца заклікі, пастановы. І мастацтва будзе натуральна прапаноўваць тыя рэчы, якія стануць даваць гледачу эстэтычнае задавальненне, нароўні з філасофскімі ды этычнымі праблемамі. Я ніколі не баюся прызнавацца, што спавядаю традыцыяналісцкія погляды. І ніколі не забываўся, што калі тэатр перастае быць кафедрай, з якой можна сказаць свету шмат добрага, то трэба думаць, які шлях у гэтага тэатра будзе надалей. Нам бы сёння неяк агледзецца, таму што зацягнулася пара эксперыментаў: я не супраць іх, але трэба, каб вынікі меліся. Будзе яшчэ не адна падобная хваля, і яны, у рэшце рэшт, могуць нешта падказаць, але трэба аналізаваць, куды мы імкнёмся…

— Вы сцвярджаеце, што глабальна функцыя мастацтва не змянілася, але час ідзе, і змяняюцца сродкі выразнасці. Як сцвярджаў чэхаўскі Трэплеў, “новыя формы патрэбны”. На ваш погляд, тэатр павінен быць сучасным па тэмах ды сродках выразнасці? І які беларускі тэатр?

— Калі я скажу, што ён такім не з’яўляецца, то тэатральныя дзеячы са мной не пагодзяцца. Але галоўным застаецца пытанне: што такое сучасны тэатр і — сучасныя сродкі выразнасці? Калі мы адрынем традыцыяналісцкі падыход, дык гэта яшчэ не значыць, што адразу займеем сучасны тэатр. Сучаснае, у маім разуменні, — гэта тое, што з часам увойдзе ў традыцыю. Але трэба, каб яно проста існавала — рэальна. Некаторыя мае калегі кажуць так: раз гэта створана сёння, значыць, тое і ёсць сучасны падыход. І не важна, які ён. Ніякіх берагоў. Бо і сапраўды, адзнак, напрыклад, жанравых, сучаснасць не мае.

— Ці з’яўляецца рэпертуарны тэатр па-ранейшаму найлепшай мадэллю тэатра? Мо наспела неабходнасць яго трансфармаваць ці наогул адмовіцца на карысць тэатра праектнага?

— Ад рэпертуарнай палітыкі адмаўляцца нельга. Іншая справа — хто яе вызначае. Апошнім часам мне вельмі “падабаецца” маскоўская тэатральная практыка: калі ёсць у цябе грошы, ты, згодна са сваімі меркаваннямі, робіш тэатр. Але вернемся да нашых краёў. У нас складваецца нейкая дзіўная рэпертуарная палітыка, бо нехта баіцца, каб чаго не выйшла, нехта проста не разумее, як тэатральную справу можна выкіраваць, нехта ўвогуле абыякава ставіцца… І дарэмна. Бо ў многіх краінах менавіта тэатр з’яўляўся народабудаўнічым фактарам. Францыя, напрыклад, свой тэатр беражэ як зрэнку вока, бо менавіта ён з’яўляецца адным са складнікаў нацыянальнай светабудовы. Так і ў нас павінна быць. Пагадзіўшыся з высновай, што кадры вырашаюць усё, нам трэба кінуць усе сілы на падрыхтоўку кадраў для тэатраў. І найперш — рэжысёраў. У нас, канешне ж, на сённяшні дзень далёка не пустыня, але Уладзіслава Галубка няма, Фларыяна Ждановіча таксама. Не відаць ні Еўсцігнея Міровіча, ні Канстанціна Саннікава… Гэтыя творцы ведалі, што лёс усклаў на іх вялікія абавязкі. Яны заўсёды пачувалі сябе абраннікамі, гэта значыць — служкамі сваёй Айчыны. Яны стараліся не аглядвацца на тое, як іхняя дзейнасць будзе ацэнена ўладамі, не дужа асцерагаліся, што ўзнімецца вэрхал у СМІ з-за нейкіх адступленняў ад агульнай лініі. Яны проста працавалі — адказна, творча, з поглядам у заўтра…

— Вы прыгадалі еўрапейскі тэатр. У ім цяпер існуе тэндэнцыя: рэжысёр імкнецца зачапіць гледача, адчувальнасць якога прытуплена, імкнецца шакаваць публіку. Перабіраю ў памяці спектаклі ў Польшчы, і з цяжкасцю магу ўспомніць, у якім з іх няма поўнасцю аголеных акцёраў… Наш тэатр таксама з часам пойдзе такім шляхам?

— І ў нашым тэатры ўжо такое ёсць. А Польшча? Я глядзеў запісы некалькіх тамтэйшых выбітных, як мне казалі, спектакляў. Магу сказаць: вядома, ёсць у іх знакамітыя і акцёры, і рэжысёры, але для мяне важны рэпертуар. Палякі, здаецца, крыху самазаспакоіліся ў гэтым плане, лічаць сябе самадастатковымі ва ўсіх сэнсах. Але многае з таго, што яны прапаноўваюць, ужо было, напрыклад, у Італіі…

— Сучасны глядач хоча меладрам і камедый. Што рабіць тэатру? Пагаджацца на гэта?

— У свой час у Мінск з задавальненнем прыязджалі на гастролі самыя знакамітыя тэатральныя калектывы. І не толькі з суседніх рэгіёнаў: Расіі, Украіны, Прыбалтыкі і г. д. Ахвотна ехалі сюды таму, што Мінск меў славу горада тэатральнага, з глядацкай аўдыторыяй не толькі масавай, а надзвычай падрыхтаванай, здольнай чуйна і адэкватна ўспрымаць самыя тонкія нюансы сцэнічнага мастацтва, рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства. А сёння? Няўмелая рэпертуарная палітыка, нярэдкае скочванне пры спробе пашырэння тэматычных гарызонтаў да чарнухі распудзілі мінскіх прыхільнікаў Мельпамены. Зрэшты, сёння таксама існуе пастаянны кантынгент гледачоў, які не прапускае ніводнай прэм’еры, наведвае спектаклі брэндавых гастралёраў, але ён вельмі нешматлікі. У асноўным жа глядзельную залу запаўняе глядач выпадковы, з зацікаўленасцю пралётнай птушкі: сёння ён ёсць, а заўтра — і следу не засталося…

Вы кажаце, што сённяшняму гледачу даспадобы камедыя і меладрама? Я не бачу ў такой арыентаванасці ніякага негатыўнага падтэксту. Тая ж камедыя адвечна — ад Арыстоцеля да Макаёнка — нязменна была запатрабаванай у тэатрах. З меладрамай складаней. У XIX стагоддзі за ёй трывала замацавалася ўяўленне як пра жанр мяшчанскі, слязліва-экзальтаваны і нават пошлы. А між тым, такія выдатныя знаўцы тэатральнай справы, як Анатоль Луначарскі і Максім Горкі, на пачатку XX стагоддзя менавіта меладраму прапаноўвалі пакласці ў аснову рэпертуару новага рэвалюцыйнага тэатра, ачысціўшы яе ад антымастацкіх шлакаў. І яны не памыліліся: на зломе эпох меладрама напоўніцу выявіла сваю эстэтычна-мастацкую і грамадска-палітычную запатрабаванасць. Сёння мы таксама жывём на зломе эпох. Так што…

Што ж да гледача, дык, падладжваючыся пад яго густы, мы, хутчэй, губляем яго. Няма такога тэатра, які не хацеў бы падабацца гледачу. Але якой цаной — вось што важна. Памятаю, зайшоў я па нейкай справе ў Купалаўскі тэатр (яшчэ ў старым будынку). У цесным вестыбюльчыку чорнага ўвахода сутыкнуўся з адным з народных артыстаў. Тут жа, як самнамбула, сноўдалася маладая актрыса, вышэптваючы словы сваёй ролі. Народны на адрас сваёй каляжанкі па нейкай прычыне сказаў некалькі салёных, не вельмі інтэлігентных слоў. Хутчэй ад нечаканасці, а не таму, што мне спадабалася, я зарагатаў. І ён пачаў (яна ж цалкам у вобразе, таму нічога не чуе) сыпаць падобнымі фразамі: давай рагачы! Потым яму нешта дайшло, і я пачуў: “Даруй… Перабор…” Гэтую сітуацыю можна экстрапаліраваць на ўвесь тэатр. Праўда, прабачэння ў гледача — за перабор — ніхто ніколі не прасіў. А імкненне падабацца — гэта абсалютна нармальна, але, паўтаруся, усё павінна вымярацца пастулатамі мастацкасці. Без гэтага, я не разумею, навошта патрэбна дзяржаве выдаткоўваць сродкі на тэатр, а гледачам — марнаваць свой час…

— Вяртаючыся да драматургіі, пра якую вы шмат пісалі: якое месца, на вашу думку, беларуская драматургія займае ў айчынным тэатры?

— Калі ўключыць арыфметыку, то — вельмі нязначнае. Але некаторыя мае знаёмыя кажуць, што існуе яшчэ і “вышэйшая матэматыка”: нібыта пры фарміраванні рэпертуару рэжысёры на падсвядомым узроўні арыентуюцца на здабыткі нацыянальнай драматургіі. У гэтай сувязі згадваецца Алесь Петрашкевіч. Ён быў, бадай, самым пасіянарным ды паслядоўным абаронцам годнасці і правоў гэтай драматургіі, рэзка крытыкаваў прыхільнікаў такой “вышэйшай матэматыкі”, выкрываў праявы абструкцыянісцкага стаўлення да твораў беларускіх аўтараў. І меў, вядома ж, рацыю. Слушнасць яго прэтэнзій добра ілюструецца сцэнічным лёсам ягоных п’ес. Ставілі яго нашы тэатры даволі шырока. А сёння цікавасць з боку рэжысёраў адсутнічае. І гэта прытым, што ягонаму пяру, апроч іншага, належыць салідны цыкл гістарычных драм, у якіх асэнсоўваецца гістарычны шлях Беларусі, пачынаючы з X стагоддзя.

Пазіцыю Петрашкевіча аспрэчыць было вельмі цяжка, бо і сапраўды ўсе агульнапрызнаныя поспехі беларускага тэатра звязаны менавіта з пастаноўкамі твораў айчыннай драматургіі. Узгадаем некаторыя факты з гісторыі. Міхась Чарот напісаў у 1921 годзе п’есу “На Купалле”, і калі павезлі спектакль у Маскву, дык там быў сапраўдны фурор! Тамтэйшыя крытыкі напісалі добрыя рэцэнзіі, прыязныя водгукі зрабілі замежныя рэцэнзенты, у тым ліку і французскія спецыялісты. Далей Кандрат Крапіва з п’есай “Хто смяецца апошнім” — ізноў фурор у Маскве! Потым — эпоха Андрэя Макаёнка: усе тэатры яго ставілі! Ва Усесаюзнае тэатральнае аб’яднанне з усяго савецкага рэгіёна ішлі заяўкі: “Дайце беларускую п’есу!”. Яна стала брэндам. Нават аўтара не пыталі. Гэта зафіксавана. Бо апроч мастацкай якасці беларуская п’еса вызначалася і вастрынёй грамадзянскіх праблем. Паколькі такі факт быў, ён можа паўтарыцца.

— Якраз маладая айчынная драматургія аказалася зараз вельмі запатрабаванай за межамі нашай краіны. І тут мае месца дзіўны факт. Дзмітрый Багаслаўскі спачатку ставіцца ў Тэатры Маякоўскага ў Маскве, і толькі потым — у Тэатры беларускай драматургіі (зараз жа чакаецца прэм’ера ў Купалаўскім). Павел Пражко: спачатку хваля пастановак па яго п’есах — у Маскве, і толькі потым — у нас. З Аляксеем Дударавым у свой час была тая ж самая гісторыя. Чаму мы самі не адкрываем сваіх аўтараў?

— Я згодзен і магу пашырыць інфармацыю. Макаёнак мог у любы час зайсці да першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава, але нават яго спачатку ставілі ў Маскве. Справа ў тым, што рызыкаваць ці не, вызначалася і вызначаецца ў тэатрах. Традыцыя — магутная. Яе не так проста зламіць. Трэба, каб змянілася, прынамсі, два пакаленні “насельнікаў” тэатральнага і калятэатральнага свету. І тады будзе новае стаўленне, і мы забудзем аб практыцы, калі беларуская п’еса, каб трапіць на нацыянальную сцэну, павінна прайсці апрабацыю за мяжой. А нашы тэатры стануць сапраўднымі храмамі высокай духоўнасці, дзе і ўзаемаадносіны будуць храмавымі: “пастар” будзе крочыць наперадзе “паствы”, а не панура плесціся следам за ёю.

Крысціна СМОЛЬСКАЯ, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, тэатральны крытык

Фота Юрыя ІВАНОВА