“О божа, які…” самаакупны?

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Пра фармат і неверагодную розніцу на “Славянскім базары-2014”
Ужо другі раз Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” прайшоў у новым фармаце. Сёлета яго новаўвядзенні сталі больш заўважнымі, бо закранулі не толькі знешні антураж фестывалю — разнастайныя “спадарожныя” імпрэзы, але і сам ягоны змест — тыя мерапрыемствы, што раней лічыліся асновай асноў. Ці стаў ад гэтага фестываль больш гарманічным?

/i/content/pi/cult/491/10490/2-113.jpg

Развітанне не для “Славянкі”

Хай не пакрыўдзяцца арганізатары, але калі ў мяне пытаюцца, ці стаў “Славянскі базар...” лепшым, чым быў, я адказваю: “Не”. Магчыма, гэта суб’ектыўны погляд, але, улічваючы аб’ектыўныя заканамернасці... Само словазлучэнне “новы фармат” сведчыць, што фестываль уступіў у чарговы “пераходны ўзрост”, наноў пераацэньваючы здабыткі. А ў час “перабудовы” ды іншых “рамонтна-аднаўленчых работ” даводзіцца жыць надзеяй: маўляў, “заўтра будзе лепш, чым учора”.

Адначасова, рэформы, якія пачаліся, — паказчык таго, што фестывалю рана слухаць хор “добразычліўцаў”: “Баю-бай...” Наша “Славянка”, як любоўна называюць форум у кулуарах, імкнецца да пераўвасаблення. А гэта больш складана, чым нараджэнне новага свята. На гэтым шляху можа сустрэцца колькі заўгодна калдобін — важна, каб ён пракладаўся ў патрэбным кірунку.

Што ж, асноўны вектар далейшага развіцця “Славянскага базару...” найлепшым чынам адпавядае задачам фестывальнага руху ўвогуле: сябе паказаць і на іншых паглядзець. Шчыра кажучы, так было з заснавання форуму, толькі “сваё” заставалася дзесьці на перыферыі, а пад “іншымі” разумеліся найперш былыя савецкія рэспублікі і краіны былога сацыялістычнага лагера. Пашырэнне кола ўдзельнікаў з далёкага замежжа і нават з іншых кантынентаў пачалося насамрэч даўно, толькі падносілася больш сціпла. Выхад за межы ўласна славянскіх народаў таксама пачаўся не сёння, і ён цалкам заканамерны. Дык чаго ж не хапае? Эстэтычнай платформы. Разумення таго, што такое добра і што такое дрэнна — менавіта ў мастацкім сэнсе. І перашкаджае гэтаму не столькі кірунак на самаакупнасць, як прынята лічыць, колькі густы публікі. А яшчэ больш — глядацкая інерцыя, прычына якой — у мэтавай аўдыторыі фестывалю, якая і дагэтуль не вызначана канчаткова. Фэст, быццам дзяўчо з заніжанай самаацэнкай і марай пра заморскага прынца, імкнецца спадабацца адразу ўсім. Псіхолагі ў такіх выпадках раюць заставацца самім сабой. Ці, калі ўласнае “Я” пакуль не вызначана, паспрабаваць “прымерыць” некалькі розных абліччаў-іміджаў, каб знайсці сваё. Тое ж адбываецца і з фестывалем, толькі працэс пошуку стрымліваецца інфраструктурай.

Галоўны боль — напоўніць Амфітэатр, які па колькасці гледачоў пераўзыходзіць іншыя пляцоўкі горада, разам узятыя. Ну што з таго, калі білеты на “Брэменскіх музыкаў” у тэатры “Лялька” разышліся адразу? Зала там — на якую сотню месцаў. Іншая справа — Амфітэатр, дзе больш за шэсць тысяч месцаў і кошт на білеты, здараецца, перавальвае за мільён. Адпаведна, стрыжнем “Славянскага базару...” становяцца падзеі на гэтай сцэне. І што ж мы там бачым? Пераважна — расійскую эстраду. Узнікаюць паралелі з 1990-мі, калі фестываль яшчэ толькі пачынаўся ды атрымліваў безліч заўваг і наконт назвы, і наконт праграм, складзеных з “учарашняга дня” расійскай мас-культуры.

Грошы як ідэя?

Да пэўнага моманту фестываль пазіцыянаваўся як адно з цэнтральных ідэалагічных мерапрыемстваў краіны, Саюзнай Дзяржавы і ўсёй СНД. З мастацкага пункта гледжання ён успрымаўся як своеасаблівая справаздача здабыткаў нацыянальнай культуры за год. А ўлічваючы існаванне ў яго рамках Дзён культуры Беларусі, Украіны і Расіі, узнікала і спаборніцтва: чый канцэрт у Амфітэатры будзе лепшым, хто прадставіць больш цікавую выстаўку, стужку... Гэтак апраўдвалася і назва фестывалю, дый атмасфера ў горадзе панавала кірмашовая — з пікнікамі на траве побач з Амфітэатрам, адкуль даносілася музыка.

Сёння ў кагосьці — настальгія па тых, скажам шчыра, п’янках на пленэры, ад якіх пад раніцу цэнтр горада ператвараўся ў вялізны сметнік (ну не навучыліся мы яшчэ, як у Еўропе, адпачываць на газонах культурна). Але ідэя кірмашу знайшла больш адэкватнае ўвасабленне ў вулічным гандлі. Свае палаткі ў час фестывалю разгортвае кожны рэгіён і буйное прадпрыемства. І кошты тут куды ніжэйшыя, бо гандлююць самі вытворцы. Некаторыя расійскія поп-зоркі свае інтэрв’ю пачынаюць так: маўляў, дзякуй за гасціннасць і добрыя, якасныя тавары. Самі ж яны, будучы запрошанымі на фестываль, прапаноўваюць “культурную прадукцыю” далёка не таго гатунку, які мог бы канкурыраваць у свеце.

Таму тое, што “новы фармат” прадугледжвае больш шырокае запрашэнне салістаў і калектываў не толькі з Расіі, можна толькі вітаць. Асабліва калі гэта больш-менш працяглая сольная праграма і “жывы гук”, а не адно ўдзел у гала-канцэрце, дзе тэлекампаніі, што вядуць трансляцыю, просяць выступаць пад поўны “плюс” (і нават выстаўляюць гэтае патрабаванне як асноўнае). Сёлета, да прыкладу, такім “жывым камертонам” стаўся англійскі гурт “Blue”, які саліраваў цягам аддзялення пасля апошняга дня конкурсу. А калі ў гала-канцэрце закрыцця адразу пасля гэтага цудоўнага квартэта “грымнула” Наталі са сваім “О божа, які мужчына...”, неверагодная розніца ў мастацкім узроўні стала відавочнай...

Але ж менавіта на расійскую папсу хутчэй прадаюцца білеты! Таму і канцэпцыя ўсё больш заключаецца не ў нейкіх там высокіх матэрыях, а ў элементарнай самаакупнасці. Дзеля гэтага нават маніторынг вядзецца: сярод віцябчан праводзяць апытанне, каго яны хацелі б бачыць на фестывалі. У выніку ўвесь “Славянскі базар…” пачынае выклікаць параўнанне з тым натуральным абменам, што ладзіўся паміж еўрапейцамі і абарыгенамі: мы ім — тыя ж ільняныя вырабы, яны нам — нізкапробны, танны “папсень”. Дык ці ёсць выйсце з такой сітуацыі?

На Захадзе фестывалі камерцыйнага плана разлічаны найперш на турыстаў, прычым пераважна — замежных. На “Славянскім базары…” у апошнія гады таксама пачаў развівацца культурны турызм — найперш, сярод расіян, якія адпачываюць у нашых санаторыях. Густы ў такой публікі — адпаведныя. Перавыхоўваць іх — дарэмна. Але няўжо ў гэтым і ёсць сэнс ды задачы фестывалю: “прадаваць” расійскім гледачам іхніх жа зорак? У параўнанні з расійскімі расцэнкамі — танней. Нашы ж гледачы, здараецца, год адкладаюць грошы, каб “адзначыцца” на мерапрыемствах. І пакуль публіка гатова выкласці больш за мільён за той жа “фанерны” канцэрт, наўрад ці штосьці зменіцца.

Забаўляць ды навучаць

Імідж, прэстыж “Славянскага базару…” трымаецца пакуль на яго бязмежным, усеахопным разгорце, а не на ўласна мастацкіх якасцях. Калі ж сапраўды дбаць пра мастацкі ўзровень мерапрыемстваў, дык давядзецца ўсё больш увагі надаваць разгалінаванню фестывальнай сеткі — усім тым мерыпрыемствам, якія пакуль застаюцца “па-за кадрам”. Даўно відавочна, што калі Амфітэатр усё больш схіляецца да масавай культуры, дык усё самае цікавае на “Славянскім базары…” звычайна адбываецца зусім у іншых кутках Віцебска. Сёлета такімі “промнямі святла” сталіся дзіцячы песенны конкурс, “Макбет” у начным Здраўнёве, праект “Лялечны квартал” і іншыя. Некаторыя новыя цікавыя ідэі з’явіліся ў “Горадзе майстроў”. Як бачыце, гэты спіс вельмі адрозніваецца ад тых мерапрыемстваў, якія ўзначальваюць “афіцыйны” хіт-парад. І ад тых, што дэманструюцца мільённым тэлеаўдыторыям (а сёлета “Славянскі базар...” асвятляўся ў тэлеэфіры як ніколі шырока).

Летні фестываль мае свае асаблівасці. Спякота, адпачынкавы настрой патрабуюць чагосьці больш лёгкага, чым восеньскае філасофстваванне ці вясенні ўсплёск энергіі. Але ў тым, як можна без праблем сумясціць прыемнае з карысным, забаўлянку з асветніцтвам, смех з роздумам і да т.п., пераконваў, напрыклад, “Лялечны квартал”. Гэты праект змяшчаў такія “гасцявыя” спектаклі, як нашумелая “Пікавая дама” гродзенцаў у пастаноўцы Алега Жугжды і дзве пецярбургскія пастаноўкі — “Вершнік Сuprum”, якога мінчане бачылі летась на Міжнародным фестывалі лялечных тэатраў, і “Русалка Света з вёскі Перамілава”, напалову пабудаваная на інтэрактыве. У кожным — мора пазітыўных эмоцый, здаровага смеху, якія выклікаюць у гледача дадатковае жаданне “ўключыцца” ў творчы працэс, прапанаваны артыстамі.

А вось кінапраграма, якая патрабуе не так шмат грошай, сёлета, здаецца, канчаткова сябе зжыла. Можна скардзіцца на тое, што глядач абыходзіць яе ўвагай, а можна пашукаць новыя формы падачы. Ці хаця б скарэктаваць тое, якія менавіта стужкі будуць дэманстравацца. Бо наша кінастудыя, напрыклад, была прадстаўлена фільмам “Бабу” — сумесным і, прызнацца, сумніўным па мастацкіх вартасцях. Можа, у такіх выпадках лепш нічога не паказваць?

Калі ж паказваць, дык яшчэ і з адпаведнай рэкламай, анонсамі. Той жа тэатр “Лялечны фармат” з Санкт-Пецярбурга сабраў на свой першы спектакль залу паўнюткую, але без аншлагу. А на другі, калі спрацавала “сарафаннае радыё”, ад публікі адбою не было!

Сёння, дарэчы, у культуры склалася сітуацыя, калі “прадаць” можна — усё. У тым сэнсе, што на любы “прадукт” можна знайсці ўдзячнага пакупніка. Толькі шукаць трэба сярод пэўнай аўдыторыі, не спасылаючыся на тое, што афішы, маўляў, былі, ды народ чытаць “не ўмее”. Але акрамя ўласна “продажу”, кожная мастацкая з’ява патрабуе і свайго прасторавага атачэння: тое, што цудоўна ўспрымаецца “на адлегласці рукі”, нельга пераносіць на стадыён, і наадварот. Гэтак жа — з паказамі “на пленэры”. Нашы дзеячы яшчэ толькі асвойваюць усе гэтыя прамудрасці, таму так важна падтрымліваць кожную перспектыўную прапанову і ўдалую спробу. Тым больш, калі тыя — крэатыўныя.

Так што, калі “Славянскі базар у Віцебску” даўно ўжо называюць “фестывалем фестываляў”, дык няхай гэты ганаровы статус рэалізуецца напоўніцу — у прамым сэнсе слова. Форум, які яднае розныя віды мастацтваў, а не адно эстрадныя спевы, можа — і павінен! — утрымліваць у сабе не проста асобныя праекты “на розныя густы”, уключаючы высокі, а некалькі міні-фестываляў — эксклюзіўных, аднолькава цікавых як для шырокай публікі, так і для спецыялістаў. Бо апошняе — паказчык таго, што такі фестывальны рух будзе рухаць і нацыянальную культуру.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"