Кіно: мала не бывае

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

З 11 па 29 лютага ў Беларусі адбываецца “Падарожжа Бергмана на Усход” — фестываль фільмаў легендарнага шведскага рэжысёра. Дзякуючы намаганням Мінскага аддзялення Пасольства Швецыі ў Маскве і Шведскага інстытута беларускія кінааматары пабачаць восем ігравых стужак майстра і адну дакументальную: “Восеньская саната”, “Жанчыны ў каханні”, “Бета з Монікай”, “Шэпт і крыкі”, “Фані і Аляксандр”, “Нічога не кажучы пра жанчын”, “Мары”, “На краі жыцця” і “Выспа Бергмана”. Фестываль распачаўся 11 лютага ў Брэсце, потым эстафету прыняў Магілёў, а з 18 лютага Бергмана чакаюць у Мінску. Дарэчы, з 25 па 29 лютага ў Мінску можна будзе патрапіць нават на сеансы без перакладу.

А яшчэ з 11 па 14 лютага ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны” прайшлі паказы кінапраграмы “Новае польскае кіно”, арганізаваныя Польскім інстытутам у Мінску.

Традыцыйныя навінкі поўнаметражнага мастацкага кіно гэтым разам былі дапоўнены польскай анімацыяй. Усе яны ўганараваны высокімі адзнакамі шэрагу прэстыжных міжнародных фестываляў, прычым тры з іх — “Кафедральны сабор” і “Мастацтва падзення” Томаша Багіньскага, а таксама “Каўчэг” Гжэгажа Ёнкайтыса былі намінантамі на “Оскара” ў катэгорыі “Кароткаметражны анімацыйны фільм” у 2002, 2004 і 2007 гадах адпаведна.

Галерэю мастацкіх стужак распачаў фільм “Вялікі звер” Ежы Штура, які вядомы найперш як бліскучы характарны тэатральны і кінаакцёр, — кранальная гісторыя пра тое, што любоў не прадугледжвае адказу на пытанне: “За што? Які ў гэтым сэнс?”, нават калі аб’ектам тваёй прыхільнасці з’яўляецца... вярблюд.

У праграму ўключаны польскія кінапрэм’еры 2006 года — “Плошча Збавіцеля” Іааны Кось-

Краўзэ і Кшыштафа Краўзэ і “Жасмін” Яна Якуба Кольскага. Абедзве карціны звяртаюцца да чалавечых перажыванняў, да крохкасці ўнутранага свету людзей, які варта аберагаць і шкадаваць. “Плошча Збавіцеля”, сярод узнагарод якой — “Залаты Леў” за лепшы фільм на ХХХІ Міжнародным кінафестывалі ў Гдыні, заглыбляе гледачоў у атмасферу складанай псіхадрамы. “Жасмін”, дзеянне якога адбываецца ў манастыры, напоўненым дзівоснымі і незвычайнымі пахамі, адзначаны на Міжнародным кінафестывалі ў Чыкага глядацкай узнагародай “Залатая Усмешка” за самы аптымістычны фільм, а таксама “Залатымі падковамі” на Міжнародным кінафестывалі ў Цешыне за лепшы фільм і лепшую мужчынскую ролю.

А 14 лютага, акурат у Дзень усіх закаханых, “на дэсерт” гледачам прапанавалі хіт мінулага года — фільм “Тэстастэрон” Томаша Канецкага і Анджэя Сарамановіча. Гэтая вясёлая камедыя, знятая паводле нашумелай аднайменнай п’есы, за два тыдні прывабіла ў кінатэатры Польшчы амаль паўтара мільёна гледачоў. І гэта не дзіўна, бо фільм у дасціпнай, крыху іранічнай форме распавядае пра асаблівасці жаноча-мужчынскіх стасункаў і філасофскія пошукі адказу на пытанне: “Чаго ж насамрэч жадаюць жанчыны?”.


Ул. інф.