Студэнты зрабілі паказ. Адзіны?

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Дыпломы засведчылі: няма не толькі агульнай пляцоўкі — няма з’яднанасці
Вучэбны год скончаны, дыпломы абаронены. Самым нашумелым, бадай, стала пано “Гісторыя горада” ў гатэлі “Мінск”, выкананае Надзеяй Чумаковай і Ірынай Юдзянковай з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. А што ж будучыя артысты — драматычнага і опернага тэатраў? Як іх спектаклі?

Маладосць + шчырасць = камернасць

Оперная студыя Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўзялася за самыя, бадай, папулярныя оперныя шэдэўры — сапраўдныя “хіты” гэтага жанру, вядомыя нават далёкім ад музыкі людзям: “Яўгеній Анегін” Чайкоўскага і “Травіята” Вердзі. Ну што можна ў іх яшчэ сказаць — пасля безлічы сусветных зорак ды “крутых” рэжысёрскіх версій?

Скажам адразу: абышлося без авангарда. І загадчык кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі Ірына Гаранец, і вядомы оперны рэжысёр Маргарыта Ізворска-Елізар’ева зыходзілі найперш з музыкі, тонкіх псіхалагічных адценняў, логікі паводзін герояў, іх характараў і, вядома, магчымасцей выканаўцаў. У “...Анегіне” рэзка зрушыліся тэмпы (дырыжоры Алег Лясун, Аляксандр Высоцкі), спектакль у поўным сэнсе слова ажыў, героі неслі шчырасць, кранальнасць першых пачуццяў, недарэчнасць памылак маладосці… Камернасць оперы, закладзеная кампазітарам, яшчэ больш узмацнілася праз купюры: зніклі сялянскія сцэны, скараціўся бальны антураж — усё тое, што было фонам для памкненняў “нявопытнай душы”.

Тое ж з “Травіятай” — толькі буйны план і дэталёвасць палітры. А якія галасы! Можа, не было ў іх “сценабітнай” моцы (дый каму яна патрэбна ў такіх празрыстых акварэлевых замалёўках?), але ж колькі з’явілася трапяткіх парываў! А галоўнае, кожным са спектакляў стала рухаць яшчэ і думка — пра лёс маладых людзей, якія, не атрымаўшы ў свой час мудрай парады, дапамогі, расплачваюцца за свае няверныя крокі. Чым не сучасная, надзвычай актуальная праблематыка?

І ўсё б добра, ды толькі ўбачылі тыя адкрыцці далёка не ўсе, хто мог бы. І хацеў. Прытым што залы былі аншлагавымі. Бо першы спектакль прайшоў два разы, другі — тры. І на гэтым — праграма выканана.

Спектаклі “на тры зэдлікі”

У куды горшым становішчы апынуўся тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У час рамонту будынка кіраўніцтва робіць усё магчымае. Спектаклі не перапыніліся, іх рэпеціравалі і паказвалі ў маленькім прыстасаваным пакойчыку. А рэпетуар сёлета аказаўся — ну проста спрэс фестывальны! Большасць п’ес — ХХ стагоддзя, з сучаснай стылістыкай, новымі драматургічнымі прыёмамі. Чаго варты хаця б “Караль” Мрожака! А тыя ж “Злодзеі” Дэі Лоэр, пастаўленыя кіраўніком курса Зояй Белахвосцік, — увогуле невядомыя не толькі шырокай публіцы, але і знаўцам. У цэнтры ўвагі аказалася і маладая беларуская драматургія — п’еса “А калі заўтра няма?” Дзмітрыя Багаслаўскага. Апошні спектакль, увасоблены мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандрам Гарцуевым, стаўся сумесным праектам Акадэміі мастацтваў i Цэнтра беларускай драматургіі. Вазілі яго і ў Санкт-Пецярбург, на Міжнародны фестываль тэатральных школ “АПАРТ” краін СНД, Балтыі і Ізраіля, дзе ён атрымаў Гран-пры, прычым сярод больш як дваццаці тэатральных ВНУ. Плануецца, што ён стала ўвойдзе і ў рэпертуар самога РТБД.

Але нават за гэты сезон усе творчыя работы курса маглі б сабраць дастатковую колькасць публікі, каб ішлі ў прыстасаваных памяшканнях. Справа не ў тым, што для гэтага ім спатрэбіліся б пышныя дэкарацыі. У тым выглядзе, як яны ішлі зараз, са сцэнаграфіяй “у тры зэдлікі”, яны аказаліся самадастатковымі. Пастаноўкі былі зроблены так, што нават думкі не ўзнікала пра неабходнасць багатага ўбрання. Яно толькі адцягнула б увагу ад ігры акцёраў, сачыць за якой было найвышэйшым задавальненнем, і, галоўнае, ад развіцця думкі, якая станавілася ў гэтых спектаклях галоўнай “дзеючай асобай”.

На прастор, на шырокі разлог...

Кантрастам да такога становішча — мюзікл “Дуброўскі”, пастаўлены расійскай творчай групай на выхаванцаў БДУКіМ (рэцэнзію на яго глядзіце ў № 28 за 2014 г.). Арандавана сцэна нашага Музычнага тэатра, спектакль стаў рэпертуарным. Піяр — найвышэйшы клас (таксама, дарэчы, ажыццёўлены студэнтамі — кафедры менеджменту сацыякультурнай сферы): безліч прома-прадукцыі, фотарэпартажы з рэпетыцый, працяглы відэаролік, спецвыпуск студэнцкай газеты са шматлікімі інтэрв’ю ўдзельнікаў, не кажучы пра бясплатную праграмку з імёнамі ўсіх, уключаючы аркестрантаў. Але галоўнай дзеючай асобай у гэтым выпадку стаўся сам “прадукт” — расійскі мюзікл.

Калі ў тых жа Акадэміях — музыкі і мастацтва — рэпертуар падбіраецца “пад артыстаў”, зыходзячы з іх здольнасцей ды магчымасцей “раскрыцця” на дадзеным матэрыяле, дык на мюзікл праводзіўся кастынг — зыходзячы з тых роляў-партый, што ў ім ёсць. І, галоўнае, у адпаведнасці з прадстаўленнем аўтараў, якім павінен быць той або іншы герой. Калі ў Акадэміях рэпертуар штогод змяняецца, бо прыходзяць новыя студэнты з іншымі творчымі індывідуальнасцямі, дык “Дуброўскі” будзе штогод аднаўляцца за кошт пошуку тых, хто падыходзіць пад ягоны расклад. Таму не дзіва, што “за бортам” аказаліся некаторыя вельмі адораныя навучэнцы (дадамо, што і статус гэтага спектакля — іншы, не дыпломны). Не трэба тлумачыць, які з варыянтаў здольны прынесці хуткія дывідэнды і, можа, пры некаторых умовах стаць нават самаакупным, на радасць арганізатараў, а які — прынясе плён дзесьці “там, за гарызонтам”, але будзе працаваць на будучыню, якой бы пафаснай ні падалася гэтая фраза.

Толькі не трэба катэгарычнага: тое ці гэта. Хай існуюць самыя розныя варыянты далучэння студэнтаў да прафесіі, добрай практыкі і творчай самарэалізацыі ўжо ў час навучання. Але няўжо два згаданыя варыянты нельга неяк сумясціць, каб узяць з кожнага плюсы, пакінуўшы мінусы? Няўжо выйсця няма і, што яшчэ больш горка, не будзе?

Дык дайце, дайце мне пляцоўку!

Выйсце — у тэатральнай пляцоўцы, якая была б пастаянна прадастаўлена для разнастайных студэнцкіх эксперыментаў. Пра гэта гавораць усе і не першы год. Акадэмія музыкі таксама марыць пра асобны будынак опернай студыі, як гэта практыкуецца ў лепшых расійскіх музычных ВНУ. Асабліва востра “сцэнічнае пытанне” паўстала, калі з-за рамонту зачынілася ранейшая сцэна Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча ў Акадэміі мастацтваў. І адначасова на базе той жа навучальнай установы з’явіўся Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры, які правёў ужо дзве Лабараторыі рэжысёрскіх праектаў — па адной напрыканцы кожнага семестра. Работы былі паказаны розныя: і толькі распачатыя, і ўжо завершаныя цэласныя спектаклі, і проста чыткі. Усе — з далейшым абмеркаваннем, праўда, выключна лагодным ды пахвальным (для параўнання — у Акадэміі музыкі, дзе студэнты самі выступілі ініцыятарамі паказаў новых кампазітарскіх работ, абмеркаванні звычайна куды больш прыдзірліва-крытычныя). Ды як пра штосьці казаць, калі большасць паказаў — у школьным класе, дзе публіка — за партамі? Нават праект завочніцы 4-га курса Наталлі Ляванавай — спектакль “Па імені Gospodin” па п’есе сучаснага нямецкага драматурга Ф.Лёле, адабраны для ўдзелу ў праграме Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва “ТэАрт-2014”, збіраюцца паказваць там жа, дзе ён прайшоў зараз: на Малой сцэне РТБД, якая ўяўляе з сябе усяго пакойчык у закуліссі…

Як вас завуць? А тэлефончык можна?

Але пляцоўка — гэта толькі знешні фактар, хаця і вельмі важны. Другі бок медаля — узаемазвязанасць працэсаў, што адбываюцца ў розных творчых ВНУ, на розных спецыяльнасцях. Нашы маладыя творцы (дый старэйшыя часам таксама) — раз’яднаныя. Тым жа кампазітарам ды рэжысёрам, хочуць яны таго ці не, даводзіцца самастойна вырашаць праблемы з выканаўцамі, каб ім і грошы не плаціць, і зрабіць з іх апантаных аднадумцаў. А ці не патрабуюць тыя ж тэатральныя пастаноўкі працы кампазітара, менеджара, іншых “калятэатральных” спецыялістаў?

Так, усіх іх не рыхтуюць у адной ВНУ (хаця ў замежжы і ёсць кансерваторыі-акадэміі-інстытуты з аддзяленнямі музыкі і тэатра). Але гэта не той варыянт, дзе трэба дзяліць на “ваша-наша”, — культура ў нас агульная. І кола яе творцаў даволі вузкае. Дык ці не пашырыць яго хаця б за кошт унутраных сувязей? Прытым што кожная з навучальных устаноў імкнецца развіваць знешнія стасункі (і правільна робіць!), чаму б не задзейнічаць і суседскія — што называецца, праз вуліцу?

У такім супрацоўніцтве нараджаліся б не толькі цікавыя творчыя праекты, але і будучыя ўстойлівыя тандэмы (тая ж трыяда “рэжысёр — кампазітар — мастак”), без якіх цяжка ўявіць не проста асобныя здабыткі, а з’яўленне заўважных прагрэсіўных тэндэнцый, асабліва ў сінтэтычных жанрах, дзе ўсе складнікі ўзаемазвязаны. Дадайце сюды мадэльераў, якія пры неабходнасці фантазіравалі б над касцюмамі, працу вучэбна-вытворчых камбінатаў, дзе можна было б пашыць некаторыя строі. А “раскрутка”? Калі ў студэнтаў БДУКіМ так здорава атрымалася прасоўванне “Дуброўскага”, дык чаму б ім гэтак жа не ўзяцца і за піяр нацыянальнага мастацтва, эксперыментальных пастановак? Пры гэтым узняўся б узровень і творцаў, і “рэкламшчыкаў”, актывізаваліся б маладыя крытыкі, якіх пакуль днём з агнём трэба шукаць.

Яшчэ адным вынікам такога супрацоўніцтва магло б стаць... элементарнае пашырэнне кола “спажыўцоў” разнастайных мастацкіх “прадуктаў”. Вы бачылі, да прыкладу, музыкантаў у драмтэатры? Ці акцёраў — у зале філармоніі? Вядома, бачылі — як выключэнне. Ці калі сябры паклічуць. Дык няхай тых сяброў будзе больш! Тады, пэўна, і “сярэднестатыстычны глядач-слухач” стане іншым: больш дасведчаным, здольным ацаніць не толькі забаўляльнае відовішча, але і элегантны росчырк думак…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"